Вы тут

Прынцып Фалька, альбо «Лятучая мыш», якую не чакалі


…Князь-мецэнат прагне задавальненняў. Пра помсту марыць злапамятлівы адвакат, які пабываў аднойчы на балі ў касцюме Кажана і потым раніцой ішоў праз увесь горад з-за таго, што сябра яго пакінуў. Сябра-банкір шукае любоўных прыгод, нягледзячы на тое, што ёсць жонка. Ды і яна не супраць прыняць дома закаханага юнака, пакуль няма мужа... Штраус пісаў сваю аперэту «Лятучая мыш», ведаючы элітны свет знутры: норавы знатных ды заможных асоб могуць шакаваць цынізмам. Ды няўжо?!


Усяго нейкіх паўтара стагоддзя — і акалічнасці справы Генрыха фон Айзенштайна падаюцца мілай прыгодай (у параўнанні з тым, што чуе і бачыць штодня сучасны чалавек з адкрытых крыніц), не вартай асаблівай размовы. Ну, хіба што асаблівай трактоўкі.

Яе і чакалі аматары Вялікага тэатра Беларусі з пачатку сезона, калі прэм’ера толькі анансавалася. А тыя, хто ходзіць у Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі больш чым паўвека, маглі чакаць новую пастаноўку, каб параўнаць спектаклі сярэдзіны мінулага стагоддзя і пачатку ХХІ, — і мелі падставу ўзрадавацца таму, што рэінкарнацыя магчымая (што само па сабе добрая навіна). Сапраўды, «Лятучая мыш» ішла на гэтай сцэне ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Але тады ў Беларусі яшчэ не было дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, які ўзяў на сябе пастаноўкі ў гэтым жанры, пакінуўшы Вялікаму больш элітную музыку — оперы і балеты. Але як музычнаму тэатру захацелася выйсці за межы і там сталі з’яўляцца, напрыклад, балеты, так цяпер і оперны, здаецца, вырашыў своеасаблівым чынам паспрачацца з музычным, дзе ёсць аперэта «Лятучая мыш».

З пункту гледжання аматара тэатра ў гэтым была нават пэўная інтрыга, бо калі тут бяруцца за «класіку жанру» Іагана Штрауса, то пастаноўка павінна быць такога ўзроўню, каб ні ў кога не ўзнікала пытанняў: а навошта гэта трэба Вялікаму?

Гэтае пытанне засталося пасля прэм’еры спектакля, у якім нечакана спраўдзіліся ўсе звычайныя чаканні, з якімі звязваецца ў свядомасці як сам жанр аперэты, так і яго існаванне ў Беларусі. І нельга ж сказаць, што гэтая аперэта — не для опернага. Усё залежыць ад таго, як, бо спяваць ёсць што. Калі за тую ж «Лятучую мыш» узяліся у Вялікім тэатры Расіі гадоў дзесяць таму, то ўсётакі спрабавалі вырвацца з класічнай мышалоўкі і прапанавалі іншы погляд на жыццё эліты, якая патанае (сцэнографам «Тытаніка», дарэчы, быў наш Зіновій Марголін). Праўда, тую пастаноўку не надта віталі: рабіць інтэрпрэтацыю заўсёды больш рызыкоўна, чым прапанаваць класічны варыянт.

І калі ўжо пасля скандалаў вакол пастаноўкі ў расійскім Вялікім наш тэатр узяўся за гэтую работу, прыцягнуўшы замежную каманду пастаноўшчыкаў, то думалася, што варта чакаць калі і не разрыву шаблону, то хоць бы парушэння звыклага ўяўлення пра аперэту як пра жанр, які асацыюецца з легкадумнасцю, бесклапотным і ненапружным баўленнем часу.

Калі хто чакае (ці баіцца) высокадумнай інтэрпрэтацыі, то можна расслабіцца: яе няма. Ды і нейкай інтэрпрэтацыі няма наогул. Рэжысёр-пастаноўшчык з Венгрыі Міклаш Габар Керэньі, звярнуўшыся да першакрыніцы, пайшоў зададзеным Штраусам шляхам. От жа, а дзеля чаго, калі не дзеля хітовай музыкі яшчэ ставяць «Лятучую мыш»?.. Наўрад ці дзеля інтрыг ды жарсцяў вакол сужэнскай здрады, пра што спяваюць і гавораць героі, — гэта ўсё цяпер даступна дзякуючы танным тэлесерыялам, і нават не трэба нікуды хадзіць за грошы.

Гавораць тут шмат (часам занадта, нейкія дыялогі цяпер падаюцца штучнымі і наіўнымі). Але з драматычнымі задачамі артысты оперы ў прынцыпе спраўляюцца, а часам падаецца, што яны захопленыя ігрой на сцэне, каб выканаць задумы рэжысёра. Калі трэба, могуць выйсці ў карункавай бялізне пры тым, што Разілінда ў выкананні народнай артысткі Беларусі Настассі Масквіной і без гэтага выдатна ўспрымаецца як легкадумная гарэза. Ці гатовыя сесці ў ванну ў майках, як Аляксандр Гелах у ролі закаханага Альфрэда. Праўда, яны яшчэ і спяваюць пры гэтым, імкнучыся трымаць планку выканальніцкага майстэрства. Іх дуэт гучаў даволі рамантычна, але думкі пра пачуцці калі і ўзніклі, то ненадоўга. Бо тут жа на сцэне з’явілася «падтанцоўка» — дзяўчаты ў шорціках і панчохах у сетачку, згодна са стэрэатыпамі жанру, — нібыта без яе легкадумнасць герояў невідавочная. Такая «аперэтачная» (у дадзеным выпадку маецца на ўвазе ні ў якім разе не сам жанр, а яго вельмі плоскае ўвасабленне) падтанцоўка будзе шмат дзе: і дома ў Айзенштайнаў, і на балі ў князя Арлоўскага.

Гэта яшчэ адзін цікавы персанаж: з голасам мецца-сапрана (Кацярына Міхнавец) — як і прапісана Штраусам. Ох, гэтыя рускія мецэнаты, якія калісьці скаралі Еўропу, напэўна, моцнае ўражанне пакідалі... Але ў нейкі момант на сцэне князь паказваецца ў сукенцы (але ж у віры балю магло і прымроіцца). Рускі князь — вялікі арыгінал і ў тым, як ладзіць баль, паводле венгерскага рэжысёра-пастаноўшчыка. Відаць, яго ўяўленне пра магчымыя балі рускіх мецэнатаў жыве з колішніх часоў: гасцей вітаюць балетныя мышкі ды… мядзведзі (стэрэатып, які, здавалася б, у ХХІ стагоддзі ўжо трэба забыць). А Разалінда ў чырвонай сукенцы ды яе муж (артыст Васіль Мінгалёў) для нас — фактычна героі задуманага Фалькам рэаліці-шоу, якое адбываецца ў нейкай кабацкай атмасферы, улічваючы, што запрошаная на яго ўсё ж венская эліта. І таму венгерскі нумар Разалінды з дзяўчатамі ў фальклорных строях з блакітнымі арнаментамі (якія больш падобныя не на яркія венгерскія, а на стрыманыя беларускія) уступіў у дысананс з усім, што адбывалася дагэтуль. Але перакрыць градус, нават вонкава ўзняты танцорамі з мядзведжымі галовамі, было ўжо складана. Пры тым, што менавіта гэты нумар Разалінды павінен быць кульмінацыяй, абгрунтаваннем цікавасці банкіра да жанчыны ў чырвонай сукенцы, ад якой ён, сам таго не ведаючы, збег на баль.

Каб перадаць бляск і маральную нікчэмнасць вечарынак для заможных асоб, зроблена канструкцыя, якая круціцца і стварае ўражанне вялікага палаца (мастак-сцэнограф Тамаш Ракаі), адпаведна і строі герояў павінны былі працаваць на гэта (мастак па касцюмах Агнеш Ева Дзермаці): усё-такі гуляе венская эліта, да якой належаць банкіры Айзенштайны. Але ў добры густ Разалінды, якая можа дазволіць сабе ўсё самае лепшае, чамусьці не верыцца пасля таго, як яна называе прыгожай стракатую і пошлую сукенку, у якой потым паедзе на баль яе служанка Адэль. І гэта пры тым, што сама Разалінда гэты строй замаўляла зусім не для вечарынкі і наогул туды першапачаткова не збіралася. Аднак падазраю, што знойдуцца і тыя, хто пагодзіцца з гераіняй і назаве яе густ элітным, а саму гісторыю ўспрыме як забаўны розыгрыш — тое, што ўсяго толькі і атрымалася ў запрошанага рэжысёра, нягледзячы на яго заяўкі пра адмысловую трактоўку з канцэптуальным падыходам. Па факце канцэпцыі няма. Ніякага адкрыцця не адбываецца (я цяпер не пра сюжэт, які і так добра вядомы, а пра танную рэалізацыю — паводле рэжысёрскай задумы: і тут гаворка не пра сродкі, якія затрачаныя на прэм’еру з удзелам замежнай каманды). Аднак прэм’ера адбылася, птушачку паставіць можна.

Але дзеля чаго гэта рабілася? Магчыма, каб тэатр прыцягнуў новую для сябе публіку — тую, якая ніколі не была ў Вялікім, бо баіцца элітных мастацтваў, такіх, як опера ці балет. У той час як у аперэце дыялогі чаргуюцца са спевамі, а музыка Штрауса дае адчуванне, нібыта ты сам пабываў на балі (для гэтага дастаткова проста яе слухаць, а не глядзець). Дык, верагодна, быў зроблены разлік на касу: чым больш эклектычна, страката і ярка, тым проста больш?..

Ці не атрымалася, што тэатр выкарыстаў прынцып героя Фалька, які загнаў у пастку галоўных герояў дзеля вырашэння ўласных праблем чужымі рукамі? Вось толькі спектакль Фалька аплаціў заможны замежнік, а спектакль тэатра, наадварот, аплачвалі замежніку. Розніца істотная. У выніку ў пастцы пачуваюцца шчырыя прыхільнікі опернага, якія ў гэтай цёмнай зале шукаюць святло мастацтва і не хочуць станавіцца пакрыўджанымі кажанамі. А новыя гледачы, што прыйдуць (магчыма) на «Лятучую мыш», рызыкуюць потым аслепнуць ад святла, як тыя кажаны… Дык хто ў выніку трапіў у пастку?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.