Вы тут

Прадпрымальнікі-пачаткоўцы з рэгіёнаў усё больш цікавяцца франшызамі


Бізнесмены разумеюць, што адкрыццё бізнесу пад ужо раскручаным брэндам — адзін з самых дзейсных спосабаў скласці канкурэнцыю буйным гульцам са сталіцы, якія адкрываюць філіялы па ўсёй краіне. Пра гэта паведаміла старшыня асацыяцыі «Белфранчайзінг» Вольга ЛЯВОНЦЬЕВА на семінары ў Полацку.


Бясплатныя заняткі арганізаваныя праектам ПРААН і Мінэканомікі Беларусі «Малыя гарады» пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі. Больш за паўсотні ўдзельнікаў бліжэй пазнаёміліся з прынцыпамі пабудовы ўласнага бізнесу па франчайзінгавай мадэлі, а таксама плюсамі і мінусамі працы з вядомымі беларускімі і міжнароднымі брэндамі.

Бізнесменам-пачаткоўцам параілі звярнуць увагу галоўным чынам на франшызы беларускіх брэндаў. Па-першае, сумы паўшальнага (пачатковага) узносу і роялці (штомесячных выплат ад прыбытку) у айчынных кампаній значна ніжэйшыя, чым у міжнародных і нават расійскіх. Па-другое, прадпрымальнікі змогуць у поўнай меры выкарыстаць усе перавагі работы па франчайзінгавай мадэлі, бо акрамя гучнага імя ўладальнікі франшызы перадаюць сваім партнёрам ужо гатовыя працоўныя прылады для вядзення бізнесу — ад бізнес-планаў і табліц з разлікамі бягучых выдаткаў і заробкаў работнікаў да дамоваў з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі на ільготных умовах. Асабліва гэта актуальна для тых, хто ўпершыню вырашыў заняцца прадпрымальніцтвам і не мае багатага вопыту выбудоўвання ўласных бізнес-працэсаў.

Франчайзінг называюць выдатнай бізнес-школай. У прадпрымальнікаў-навічкоў ёсць два шляхі развіцця: прапанаваць унікальную бізнес-ідэю ці скарыстацца чужой, прычым цалкам легальна — проста купіўшы правы на франшызу.

Калі свая ідэя можа з аднолькавай верагоднасцю прывесці як да поспеху, так і да няўдачы, то ў другім варыянце можна загадзя зразумець, наколькі запатрабаваны будзе ваш бізнес. З такім падыходам згодны Антон Рыбінскі, франчайзі самага вядомага беларускага паб-квіза «Мазгабойня».

Малады чалавек вырашыў з уласнага захаплення стварыць сваю справу ў родным Наваполацку. Па словах Антона, пачаць працаваць па франшызе аказалася зусім няцяжка. Для падрыхтоўкі ўсіх дакументаў, запаўнення анкет і адкрыцця індывідуальнага прадпрымальніцтва спатрэбілася некалькі дзён і невялікая сума асабістых зберажэнняў на рахунку ў банку, а праз тыдзень франчайзі ўжо ладзіў сваю першую гульню ў мясцовым бары.

Цяпер каманда Антона двойчы на месяц праводзіць мерапрыемствы ў Полацку і Наваполацку і стабільна збірае поўныя залы аматараў пабавіць вечар за гульнёй у «Мазгабойню». Можна было б і часцей, але Антон не хоча, каб яго квізы ператварыліся ў руціну для мясцовых жыхароў.

Арганізацыя бізнесу адымае няшмат часу, таму што ўладальнікі франшызы прадстаўляюць свайму франчайзі ўсё неабходнае — ад макетаў паліграфіі і гатовых шаблонаў пастоў для сацсетак і да пытанняў і сцэнарыя.

Удзельнікам семінара ў Полацку расказалі, як з велізарнай колькасці варыянтаў абраць «сваю» франшызу і на якія крытэрыі варта звяртаць увагу ў першую чаргу.

Усяго летась у рамках праекта «Малыя гарады» прайшло 28 навучальных семінараў у Віцебскай і Магілёўскай абласцях, а таксама ў сталіцы, якія сабралі больш за тысячу ўдзельнікаў. Сёлета арганізатары працягваюць серыю семінараў і запрашаюць у рэгіёны вядучых экспертаў краіны па тэмах франчайзінгу, краўдфандынгу, лічбавага маркетынгу і іншых сучасных інструментаў развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Усе мерапрыемствы праекта праходзяць для ўдзельнікаў бясплатна.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Негульнёвая справа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?