Вы тут

Валерый Каладзінскі: Трэнерам нараджаюцца


Чаму, працуючы ў найлепшым спартыўным цэнтры Аўстраліі, праз 9 гадоў настаўнік па спартыўнай гімнастыцы вярнуўся ў Беларусь.

У красавіку гэтага года Валерый Каладзінскі ўзначаліў жаночую зборную па спартыўнай гімнастыцы. Гэта яго трэці прыход на пасаду. Да 2019 года вядомы спецыяліст быў кіраўніком зборнай у 1996-м і 2002-м. Менавіта пры ім на Алімпійскіх гульнях у Атланце беларускі паказалі найлепшы вынік у суверэннай гісторыі, стаўшы шостымі ў камандзе (а Святлана Багінская тады заняла 5-е месца ў апорным скачку). А задоўга да гэтага, у 80-х, Валерый Каладзінскі ў родным Бабруйску знайшоў і прывёў у залу маленькую дзяўчынку Алену Піскун. Ва ўмовах, дзе разгоннай дарожцы не хапала дзясятка метраў, ён здолеў вырасціць з Алены двухразовую чэмпіёнку свету і прызёрку чэмпіянату Еўропы. Аднак у 2004-м пасля доўгіх угавораў, мабыць, апошнім з высокакваліфікаваных трэнераў, Валерый Вікенцьевіч усё ж такі вырашыў з'ехаць працаваць за мяжу.


Фота: bobrlife.by

У Аўстралійскім інстытуце спорту ён працаваў дзевяць гадоў, падрыхтаваў тытулаваных спартсменаў чужой краіны, але, атрымліваючы заробак у некалькі тысяч долараў, у 2013 годзе ўсё роўна вырашыў вярнуцца ў Бабруйск. Спачатку займаўся аднаўленнем пасля родаў уласнай дачкі (Ванесы Каладзінскай — двухразовай чэмпіёнкі свету па барацьбе), а потым стаў дапамагаць мясцовым настаўнікам з трэніроўкамі дзяцей. І толькі ў 2019-м спецыяліста запрасілі ў зборную краіны. Пра жыццё ў Аўстраліі і гімнастыку ў Беларусі Валерый Вікенцьевіч расказаў у інтэрв'ю «Звяздзе».

«Вярнуўся, але аказаўся нікому не патрэбен»

— Валерый Вікенцьевіч, вы вярнуліся з Аўстраліі ў 2013-м, а пачулі мы пра вас толькі цяпер...

— Вярнуўся, але аказаўся нікому не патрэбны. Паўгода пасля вяртання валяў дурня. Пазней якраз нарадзіла Ванеса і захацела вярнуцца ў вялікі спорт, таму прапанавала мне папрацаваць з ёй над аднаўленнем. Гэта зручна — калыску прывезла, у куток паставіла, дачка займаецца, калі немаўля заплакала, я падбег, паглядзеў яго. Потым дапамагаў трэнерам, якія давяралі мне сваіх дзяцей. Адну дзяўчынку паднялі ў 2016 годзе на добры ўзровень, па складанасці сваіх элементаў яна была найлепшая ў краіне, выканала ўсе спецпатрабаванні для дарослых, хоць ёй было тады трынаццаць. Я заўсёды пачынаў з нуля, як з Ленкай Піскун, з самага дзяцінства. Нават калі пераехаў у Аўстралію, першы год працаваў там з самымі маленькімі.

Перад маім вяртаннем у Беларусь размаўляў з ранейшым старшынёй Асацыяцыі гімнастыкі. У іх было жаданне вярнуць мяне трэнерам у зборную, але потым змянілася кіраўніцтва, прыбралі пасаду дзяржтрэнера. За гэты час у жаночай зборнай памянялася шэсць галоўных трэнераў.

— Вы ўжо ўзначальвалі жаночую зборную, ведаеце ўсе плюсы і мінусы гэтай працы. Чаму вырашылі вярнуцца на пасаду зноў?

— Пытанне, навошта мне гэта трэба, задаваў мне і брат, і сын, бо жыццё ўжо пражыта доўгае. Але я заўсёды падыходжу да яго з іншага боку. Дзеці прыходзяць, і ім усё роўна, што мы можам, у якім узросце знаходзімся, якая эканамічная сітуацыя ў краіне і ў канкрэтнай гімнастычнай зале. Яны прыйшлі займацца гімнастыкай, значыць, ім гэта цікава, раз дзеці вытрымліваюць такую нагрузку, робяць такія складаныя элементы, значыць, нешта імі рухае. Задача старэйшага пакалення дапамагчы дзецям рэалізаваць свае магчымасці, мары. Да таго ж цікава, што будзе далей у беларускай гімнастыцы, бо многія ж кажуць, што яна ўжо не падымецца.

— Вы з гэтым не згодны?

— Добрыя дзеці былі, ёсць і заўсёды будуць, ёсць амбіцыйныя маладыя трэнеры, але ім не хапае ведаў. Раней была сістэма збораў, калі ўсе спартыўныя структуры Савецкага Саюза збіраліся ў адным месцы і трэніраваліся разам. Трэнеры маглі вучыцца адзін у аднаго, выбіраць найлепшых спартсменаў, і таму каманда была моцнай. Зараз, каб трэнерам атрымаць вопыт, трэба іх кудысьці адпраўляць, але, па-першае, не заўсёды хтосьці з іншых краін гатовы дзяліцца сваімі сакрэтамі, па-другое, гэта немалыя грошы, а фінансаванне цяпер у нашага віду спорту невялікае, бо спартыўную гімнастыку вывелі са спісу прыярытэтных відаў спорту.

— Што цяпер уяўляе сабой жаночая зборная Беларусі?

— Узровень у нас дастаткова нізкі, хоць ёсць нядрэнныя дзяўчынкі. Я ўзначаліў зборную ў сярэдзіне сезона, у спаборніцкі перыяд: калі пачаць нешта перабудоўваць, можна паламаць усё — і сістэму, і тэхніку, а пабудаваць нешта новае за кароткі перыяд немагчыма. Стараюся палепшыць толькі дробныя дэталі, таму вялікага прагрэсу ў найбліжэйшы час чакаць не варта. Дарослая зборная цяпер трымаецца на чатырох дзяўчынках — гэта Анастасія Алістратава, Ганна Траўкова, Жанна Мяцеліца і Аляксандра Вараб'ёва.

Па вялікім рахунку, на ўсю краіну ў нас цяпер адна камбінацыя з чатырох снарадаў — гэта брусы Алістратавай, яна стала з ёй чацвёртай на чэмпіянаце Еўропы, паказаўшы найлепшае выкананне, але ёй не хапіла складанасці. Да Еўрапейскіх гульняў Насця спрабуе дадаць у камбінацыю новы элемент, каб яе ўскладніць.

З 1988 года ў гімнастыцы нічога новага не адбылося, тады складаны скачок, з якім Алена Піскун выйграла чэмпіянат свету, рабіла ўся зборная СССР, а цяпер, у 2019-м, у нас у краіне яго не скача ніхто.

— Атрымліваецца, вы вырасцілі ў зборнай два пакаленні гімнастак, цяпер працуеце з трэцім. Чым яны адрозніваюцца, чаму тады дзеці маглі рабіць складаныя элементы, а цяпер не?

— Дзеці нічым не адрозніваюцца, проста трэба знайсці дзяўчынку з псіхалогіяй пераможцы. Гэта можна зразумець па тым, як яна спаборнічае. Гімнастка можа дрэнна трэніравацца, быць траўміраванай, не гатовай, але ў патрэбны момант яна павінна сабрацца і праявіць свае найлепшыя якасці. У зборнай Беларусі за маё жыццё ў гімнастыцы такімі спартсменамі былі Света Багінская і Віталь Шчэрба. Ваня Іванкоў — працаўнік, у яго быў талент, але ён перамагаў за кошт сваёй працы, псіхалогіі не хапала, таму і алімпійскага медаля ў яго няма. Цяпер складана знайсці такіх дзяцей, але трэба шукаць.

Шмат што залежыць і ад трэнера, таму што ў нас усё ж такі дзіцячы від спорту. Няма выніку, значыць, трэнеры не дапрацоўваюць. У кагосьці не хапае ведаў, у кагосьці амбіцый, у кагосьці ўпэўненасці. Я з дзецьмі імкнуся размаўляць на роўных, бо ім жа падыходзіць да снарада і рабіць гэтую складанасць, рызыкаваць. Я не вучу элементам, я вучу дзіця думаць. Каб яны, думаючы, кіравалі сваімі цягліцамі, і тады элемент атрымаецца.

«Кенгуру сем'ямі прыходзілі на футбольныя палі»

— Не шкадуеце, што правялі ў Аўстраліі дастаткова працяглы адрэзак жыцця?

— Ні пра што ў жыцці нельга шкадаваць. Жыццё адно, і трэба радавацца кожнай секундзе. Дзеля чаго чалавек жыве? Сэнс ёсць толькі ў канкрэтнай секундзе.

— Чаму праз дзевяць гадоў вы прынялі рашэнне вярнуцца ў Беларусь?

— Было некалькі прычын. У Аўстраліі скончыўся кантракт, прапаноўвалі варыянты застацца, але якраз у канцы 2012 года я прыязджаў у Беларусь на юбілеі мамы і дачкі, размаўляў з начальнікам каманды пра магчымасць зноў узначаліць жаночую зборную, але, як ужо казаў, гэта ўсё засталося на ўзроўні размоў. Сын у Аўстраліі скончыў універсітэт, паехаў у Сідней, я застаўся адзін, а тут дзве дачкі, мама, брат — вялікая сям'я, ды і па прыродзе я дамасед.

— Менавіта таму і рашэнне пераехаць у Аўстралію далося вам няпроста?

— Я з'ехаў апошнім з трэнераў, на пераезд падштурхнуў сын. Яму тады было 15, ён любіць усё новае, цікавае, ды і прэстыжна трэніравацца і вучыцца за мяжой. Стас спачатку займаўся гімнастыкай, потым футболам у групе Пышніка, вучыўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Калі мы з ім пераехалі ў Аўстралію, ён працягнуў гуляць у футбол, выступаў там за мясцовую каманду ў рэгіянальнай лізе. За паўсезона Стас забіў больш за ўсіх галоў, з часам выйграў чэмпіянат штата, атрымаў прыз самага перспектыўнага маладога гульца. Потым здарылася траўма, ён пачаў трэніраваць дзяцей, яго каманда выйграла чэмпіянат Аўстраліі, праўда, у другой групе.

— Ваша работа трэнера ў Аўстраліі чымсьці адрознівалася ад работы трэнера ў Беларусі?

— Калі я прыехаў туды, мне сказалі, што на Захадзе цяпер пакаленне «why» (чаму?). Я кажу вучаніцы, што трэба рабіць так, а яна заўсёды пытаецца: «Чаму я павінна рабіць так?» Але ў мяне заўсёды было такое пакаленне — паўтаруся, я не вучу дзяцей элементам, я вучу іх думаць, і мне без розніцы, аўстралійка гэта ці беларуска. Вядома, ёсць розніца ў менталітэце. У нас слова трэнера — закон, на Усходзе настаўнік — гуру, найвышэйшая інстанцыя, а на Захадзе гэта гувернёр. Высокааплатны, высокакваліфікаваны, але наёмны рабочы. Там камандуюць бацькі і дзіця, а ты павінен яго вучыць, падабаецца табе гэта ці не.

— Якіх поспехаў дамагаліся вашы аўстралійскія вучаніцы?

— На чэмпіянаце свету мая выхаванка была сёмай у мнагабор'і. На турніры паміж краінамі ціхаакіянскага рэгіёна, дзе ўдзельнічаюць спартсмены з ЗША, Канады, Японіі, Кітая, Расіі (гэта значыць наймацнейшыя ў спартыўнай гімнастыцы), мая вучаніца Холі Дайкс стала бронзавым прызёрам, а зборная Аўстраліі са мной заняла другое каманднае месца. Дзяўчынка, якая стала сёмай у свеце, за паўгода да Алімпійскіх гульняў сказала, што больш не хоча займацца спортам, — у нас гэта, напэўна, цяжка ўявіць.

Наогул жыццё цікавае, столькі падзей было, сын мне пастаянна кажа: «Сядзь, напішы кнігу». Узяць, напрыклад, наш Бабруйск — залы для спартыўнай гімнастыкі не было, а чэмпіёнка свету Лена Піскун вырасла. Прытым чэмпіёнка ў скачку. Разгонная дарожка для скачка павінна быць 25 метраў, а ў нас яна была 14 метраў. Трэніраваць камбінацыю трэба было два разы на дзень, а калі спартсменцы не хапае разгону, значыць, не хапае інерцыі. Я стаяў і кожны раз яе падштурхоўваў рукамі.

— Кенгуру на вуліцах Аўстраліі — міф ці рэальнасць?

— Рэальнасць, вядома. Канбера, дзе я жыў, па плошчы большая за Мінск, а па колькасці насельніцтва прыкладна як Магілёў: горад склалі з некалькіх пасёлкаў. Вакол эўкаліптавыя лясы, кенгуру сем'ямі прыходзілі на футбольныя палі пажаваць траўку.

— Якія бытавыя моманты вас там больш за ўсё здзівілі?

— На той момант, пасля дзевяностых, у простага чалавека тут былі вялікія цяжкасці, а там прыехаў — і ў цябе ўсё ёсць. Мне далі добрую зарплату, першы год мы з сынам жылі ў інтэрнаце, потым пачалі здымаць кватэру.

— Праўда, што вы атрымлівалі там 5 тысяч долараў у месяц?

— Так, але там гэта не прынята афішаваць. У федэральным цэнтры ў мяне была другая па велічыні зарплата пасля галоўнага трэнера зборнай Аўстраліі.

— Пасля вяртання ў Беларусь ездзілі ў Аўстралію?

— Так. Паўтара года таму, на Новы год, і святкаваў там свой юбілей. Нядаўна зайшоў у «Гугл мапс», паглядзеў на тое месца, дзе мы жылі раней, і нешта захацелася ў Канберу. Хоць тут, вядома, весялей — дзве дачкі, чацвёра ўнукаў.

Дзе­ці — Стас і Ва­не­са.

«У гімнастыцы ўжо роўна 40 гадоў»

— Вы з'язджалі ў пачатку двухтысячных, вярнуліся праз дзевяць гадоў. Беларусь стала іншай?

— Вонкава стала еўрапейскай краінай, асабліва ў цэнтрах гарадоў, невялікіх пасёлкаў. Але ў галаве змяніцца значна цяжэй, таму беларусы ідэалізуюць Захад, маўляў, там заробкі вялікія, а кошты як у нас. Але і там, каб годна жыць, людзі працуюць на дзвюх-трох работах. На Захадзе людзям не плацяць, там людзі зарабляюць, а ў нас прывыклі лічыць, што ім павінны плаціць. Усё, вядома, адносна, але беларусам, я лічу, грэх скардзіцца на жыццё.

Што датычыцца спорту, то ён у нас у краіне трымаецца на высокакваліфікаваных энтузіястах. Заўважце, дзе ёсць вынік, там усё будуецца на асобах. Шантаровіч у веславанні, Ляпарская ў мастацкай гімнастыцы. Яны пад сябе збіраюць добры калектыў. На Захадзе такая ж сітуацыя. У Аўстраліі дзяржава не падтрымлівае вялікі спорт, яна падтрымлівае спорт для ўсіх, для здароўя. А прафесійны спорт — гэта ваша асабістая справа, таму там прэміяльныя за «золата» Алімпійскіх гульняў — усяго 10 тысяч долараў. Я калі прыехаў туды, адкрыта сказаў, што не бачу нейкіх стымулаў, рычагоў, каб матываваць спартсменаў. Аказалася, матывацыя для іх — гэта проста з'ездзіць на Алімпіяду. Яны займаюцца спортам проста таму, што ім гэта падабаецца, яны гэта любяць. Там шмат таленавітых дзяцей, але яны свядома не ідуць у элітную гімнастыку, хоць могуць, робяць добрыя элементы, моцныя праграмы, але не хочуць выступаць на чэмпіянаце Аўстраліі па міжнароднай праграме, выступаюць па клубнай у сваё задавальненне. Прыходзяць у залу, трэніруюцца па 3—4 разы на тыдзень, плацяць за гэта грошы — дарэчы, у Аўстраліі нават члены нацыянальнай каманды плацяць грошы за трэніроўкі. Не плацяць толькі ў федэральным цэнтры, дзе я працаваў, там усё за кошт дзяржавы, але такі цэнтр адзін на ўсю краіну. Людзі, якія маюць на мэце высокі вынік, імкнуцца трапіць менавіта туды.

— Не шкадуеце, што ўсё ваша жыццё прайшло ў фармаце падрыхтоўкі спартсменаў, выхавання чужых дзяцей?

— Здаецца, я павінен быў быць трэнерам па футболе, усё жыццё на вуліцы ў яго гуляў, гэта першы від спорту, якім я пайшоў займацца. У Аўстраліі, дарэчы, гуляў па выхадных сярод ветэранаў. Неяк адна мая вучаніца спытала, ці памяняў бы я штосьці ў сваім жыцці, калі б была магчымасць. Нашу дзіцячую групу па футболе ў Бабруйску набіраў малады трэнер, праз два месяцы яго забралі ў войска, а нас распусцілі. За гэты час школьны настаўнік фізкультуры пераманіў мяне ў спартыўную гімнастыку. Калі першы настаўнік вярнуўся з войска, хлопцы паклікалі мяне назад у футбол, але мне ўжо няёмка было кідаць гімнастыку. Менавіта гэты момант я б і памяняў, вярнуўся б у футбол. Дарэчы, у гімнастыку я прыйшоў 1 красавіка і ў ёй ужо роўна 40 гадоў.

— Але трэнерам вы ўсё роўна сталі б?

— Так, толькі футбольным. Трэнерам не становяцца, трэнерам нараджаюцца.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

За апошнія 30 гадоў у нас у краіне ў параўнанні з нормай 1961—1990 гадоў, якая ўжываецца як апорная пры ацэнцы значэнняў змены клімату, пацяплела на 1,3 градуса.

Грамадства

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Міністэрства транспарту і камунікацый цяпер распрацоўвае генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу да 2025 года.

Грамадства

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гэты аповед даслаў нам у рэдакцыю наш даўні чытач з Вялікай Бераставіцы Міхаіл Маскальчук.

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.