Вы тут

Беларусь і Егіпет прадоўжаць курс на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва


На гэтым тыдні Мінск з афіцыйным візітам наведаў Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у сустрэчы з высокім госцем, якая прайшла ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.


Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты парламента, падчас перагавораў Міхаіл Мясніковіч прапанаваў надаць дынаміку супрацоўніцтву дзвюх краін у галіне навукі і тэхналогій.

— Мы маглі б больш актыўна працаваць у пытаннях трансферу ведаў і вопыту Беларусі ў медыцыне, інжынернай сферы, інфармацыйных тэхналогіях і многіх іншых кірунках, — адзначыў ён.

Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі акцэнтаваў увагу на магчымасцях прыцягнення моладзі Егіпта для атрымання адукацыі ў беларускіх ВНУ. Краіны таксама могуць больш актыўна развіваць дзелавыя стасункі і ствараць сумесныя кампаніі, упэўнены спікер верхняй палаты беларускага парламента.

На перагаворах абмяркоўваліся перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы турызму і культуры.

* * *

Аб сферах узаемадзеяння, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, і ролі міжпарламенцкага партнёрства ва ўмацаванні адносін паміж краінамі напярэдадні яго візіту ў інтэрв'ю газеце Akbar Al-Youm расказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.

— Міхаіл Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце магчымасці ўмацавання супрацоўніцтва Беларусі і Егіпта з улікам цяперашняга візіту?

— Візіт Яго Правасхадзіцельства Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха ас-Сісі стане першым афіцыйным візітам у Беларусь у гісторыі беларуска-егіпецкіх адносін. У гэтым яго пэўная знакавасць. Мы звязваем з візітам вялікія чаканні па ўмацаванні і пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва і разлічваем, што ён адкрые новую старонку ў нашых адносінах.

Егіпет з'яўляецца важным і надзейным палітычным партнёрам Беларусі на Блізкім Усходзе і афрыканскім кантыненце. У апошнія гады палітычны дыялог паміж нашымі краінамі прыкметна актывізаваўся. У яго аснове — адкрытыя і дружалюбныя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаў.

Візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Егіпет, які адбыўся ў студзені 2017 года, з'яўляецца добрым пацвярджэннем імкнення Беларусі павышаць узровень двухбаковых сувязяў з Егіптам. Па выніках перагавораў, якія прайшлі тады ў Каіры, вызначаны найбольш перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння нашых дзяржаў. Распрацавана і рэалізавана дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва на 2017—2018 гады. Створаны міжпарламенцкія групы дружбы. Дасягнуты дамоўленасці аб новых сумесных праектах — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, навуцы і адукацыі.

У лютым 2018 года ў Егіпце адкрылі зборачную вытворчасць грузавых аўтамабіляў МАЗ. Упершыню пачалася пастаўка на егіпецкі рынак камунальнай і дарожнай тэхнікі кампаніі «Амкадор». Рэалізаваны кантракты па зборцы сельскагаспадарчых машын «Бабруйскаграмаш». Паспяхова працуе зборачная вытворчасць Мінскага трактарнага завода. Гэта далёка не поўны пералік праектаў. У цяперашні час беларускімі кампаніямі прапрацоўваецца стварэнне ў Егіпце вытворчасцяў збожжаўборачных камбайнаў, рухавікоў, кампрэсараў, электробусаў. Гэта добрыя прыклады ўзаемавыгаднага партнёрства, і іх, мяркую, будзе больш. Асаблівасць супрацоўніцтва ў прамысловай сферы ў тым, што беларускія і егіпецкія кампаніі ствараюць вытворчыя магутнасці ў Егіпце, а значыць, новыя працоўныя месцы для грамадзян гэтай краіны.

Ад простага гандлю пераходзім да новых формаў партнёрства, гэта значыць прамысловай кааперацыі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння сумесных кампаній і вытворчасцяў. Усё гэта ў канчатковым выніку працуе на ўмацаванне нацыянальных эканомік, павышэнне якасці жыцця нашых народаў.

Якім чынам надаць дынаміку двухбаковаму супрацоўніцтву і павысіць яго выніковасць, мы абмяркоўвалі на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Яго Правасхадзіцельствам Алі Абдэль Аль Саедам у Мінску ў лістападзе 2018 года. Тады было падпісана пагадненне аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве, якое ўмацоўвае двухбаковыя сувязі. Для гэтага ў нашых краін ёсць неабходны патэнцыял.

Аб'ём узаемнага гандлю па выніках 2018 года вырас на 11 % у параўнанні з 2017-м і склаў 108 мільёнаў долараў ЗША. Станоўчая дынаміка захоўваецца і сёлета. Аднак гэта далёка не мяжа, і лічбы могуць быць большыя.

Беларусь падтрымлівае намеры па заключэнні пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза і Егіптам. Дакумент будзе спрыяць зняццю многіх бар'ераў, якія ўсё яшчэ прысутнічаюць, у тым ліку ў нашым двухбаковым гандлі.

Еўразійская эканамічная прастора — гэта вялікі рынак памерам 170 мільёнаў чалавек. Акрамя таго, Беларусь можа стаць для Егіпта сувязным звяном з краінамі Заходняй Еўропы. Асаблівае значэнне ў гэтым кантэксце набываюць сумесныя праекты ў галіне транспарту і лагістыкі. Наколькі нам вядома, Егіпет з'яўляецца актыўным удзельнікам глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Беларусь таксама імкнецца ўдзельнічаць у буйных інфраструктурных праектах Вялікага Шаўковага шляху. Камфортныя ўмовы для кампаній створаны ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», інфраструктурных праектах і гандлёва-лагістычных хабах.

Добрыя перспектывы мае супрацоўніцтва нашых краін у навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах. Зачын ужо створаны. Вучоныя Беларусі і Егіпта паспяхова рэалізуюць сумесныя навукова-даследчыя праекты ў галіне нанаматэрыялаў, малекулярнай генетыкі, металазнаўства. Што да адукацыі, то ў 2019 годзе Беларусь упершыню выдзеліла адукацыйныя гранты для атрымання грамадзянамі Егіпта ступеняў бакалаўра і магістра ў ВНУ. Выкладчыкі і студэнты Беларусі бяруць удзел у курсах арабскай мовы, арганізаваных Каірскім універсітэтам.

Яшчэ адзін перспектыўны кірунак партнёрства — турызм. Егіпет застаецца адной з найбольш папулярных краін для турыстаў з Беларусі. У 2017 годзе Егіпет наведалі 123 тысячы беларусаў, у 2018-м — 212 тысяч. Колькасць егіпецкіх турыстаў, якія прыязджаюць на адпачынак у Беларусь, пакуль нязначная. Але мы зацікаўлены ў тым, каб іх было больш. Беларусь — зялёная краіна, тут унікальная, шмат у чым першародная прырода. Яна прыцягвае турыстаў з усяго свету. У нас шмат цікавых гістарычных месцаў, помнікаў архітэктуры, музеяў.

— Якія перспектывы супрацоўніцтва паміж парламентамі Беларусі і Егіпта? Наколькі ўзгоднены пазіцыі дзвюх краін на міжнародных форумах у святле відавочнага збліжэння пазіцый па многіх пытаннях?

— Нашы краіны аказваюць узаемную падтрымку адна адной у міжнародных арганізацыях. Напрыклад, у ААН вялася сумесная работа над прасоўваннем ініцыятыў па супрацьдзеянні гандлю людзьмі і абароне сямейных каштоўнасцяў. Егіпет падзяляе падыходы Беларусі ў дачыненні да недапушчальнасці палітызацыі тэматыкі правоў чалавека, непрымальнасці краінавых рэзалюцый.

Міжпарламенцкае супрацоўніцтва з'яўляецца важным складнікам палітычнага дыялогу. Беларусь высока ацэньвае вынікі афіцыйнага візіту старшыні Палаты прадстаўнікоў Егіпта Яго Правасхадзіцельства Алі Абдэль Аль Саеда ў Мінск у 2018 годзе, які стаў важным крокам на шляху ўмацавання міжпарламенцкіх сувязяў.

Актывізацыя палітычных і гандлёва-эканамічных кантактаў паміж нашымі краінамі абумоўлена ў першую чаргу ўзаемным даверам, агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на найважнейшыя праблемы сусветнага парадку дня.

Сучасны Егіпет развіваецца з апорай на свае ўласныя сілы і сілы надзейных краін-партнёраў. У іх ліку — Беларусь. Наша краіна таксама зацікаўлена ў далейшым развіцці дружалюбных адносін з Егіптам.

Савет Рэспублікі і парламент Беларусі ў цэлым будуць усяляк гэтаму садзейнічаць. Значная роля ў гэтай рабоце адводзіцца міжпарламенцкім групам дружбы. Важна максімальна задзейнічаць іх патэнцыял для прасоўвання двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай і навукова-тэхнічнай сферах. Цяпер мы над гэтым працуем.

Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць удасканальванню дагаворна-прававой базы. Сёння яе фарміруюць 45 дакументаў. Мы ўдзячныя егіпецкім калегам за актывізацыю работы па падрыхтоўцы двухбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне маладзёжнай палітыкі, антыманапольнага рэгулявання і міжбанкаўскага ўзаемадзеяння. Дынаміка перагавораў па гэтых і іншых дакументах падкрэслівае ўзаемную зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін.

Для нас важна, каб палітычны дыялог працягваў трансфармавацца ў канкрэтныя двухбаковыя праекты ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах. Мы гатовы перадаваць калегам на ўзаемавыгадных умовах новыя веды, ноу-хау, тэхналогіі. Нашы навукоўцы, інжынеры валодаюць неабходнай кампетэнцыяй.

— Як вы ставіцеся да праблемы тэрарызму і экстрэмізму на рэгіянальным і міжнародным узроўнях і якія шляхі яе вырашэння? Наколькі важны для міжнароднай супольнасці вопыт Егіпта?

— Распаўсюджванне тэрарызму і ісламскага радыкалізму з'яўляецца сёння адным з найбольш вострых пытанняў на Блізкім Усходзе. Беларусь рашуча асуджае тэрарызм у любых формах і праявах, выказвае падтрымку намаганням міжнароднай супольнасці ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Беларускі бок лічыць, што акты гвалту ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, якія пачасціліся апошнім часам, не маюць апраўдання і не павінны заставацца без жорсткай кансалідаванай рэакцыі сусветнай супольнасці.

Вопыт барацьбы з тэрарызмам, якім валодае Егіпет, па праве лічыцца адным з паспяховых на Блізкім Усходзе. Вашай краіне ўдалося выпрацаваць эфектыўную мадэль процідзеяння радыкальным сілам праз татальную барацьбу, якая праводзіцца па многіх кірунках. Егіпет робіць істотны ўнёсак у вырашэнне рэгіянальных праблем у сферы бяспекі. Тут у нас шмат агульнага — Беларусь таксама адданая прынцыпам умацавання ўсеагульнага міру і бяспекі.

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Рух насустрач

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».