Вы тут

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве


Гатоўнасць да змен, пастаяннае імкненне да самаразвіцця, цікавасць да новых ведаў (як у рамках сваёй прафесіі, так і па-за ёй), уменне адказваць на магчымыя выклікі, спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваючы аптымізм, захопліваць ідэяй і весці за сабой, настойлівасць у дасягненні мэт, актыўная жыццёвая пазіцыя, разуменне ўласных магчымасцяў, прыняцце індывідуальнасці кожнага чалавека... Як вы думаеце, чый гэта «партрэт»? Рызыкну выказаць думку, што варыянтаў у вас шмат, але ці ёсць сярод іх слушны? А між іншым, менавіта такімі характарыстыкамі павінен валодаць педагог, які стане ўдзельнікам праекта «Настаўнік для Беларусі».


З асфальту — у вёску

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё. Хто яны, пакуль невядома, бо прыём заявак ад ахвотных быў падоўжаны да 25 чэрвеня.

Мэта праграмы «Настаўнік для Беларусі» — зрабіць якасную адукацыю даступнай для кожнага дзіцяці ў любой школе, а не толькі ў гарадской. Кіраўнік аддзела стратэгічнага менеджменту БПС-Ашчадбанка Вера КАРАЛЁВА (каардынатар праграмы з боку банка), менеджар адукацыйных праектаў Алена МЕЛЬЧАНКА і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ Зміцер МАКАРЧУК канстатуюць: ідэя «Настаўніка для Беларусі» лунала ў паветры ўжо даўно, і кожны з іх паасобку спрабаваў да яе падступіцца.

Напрыклад, Зміцер разам са сваім сябрам, настаўнікам рускай мовы і літаратуры Сяргеем Бародзічам, яшчэ два гады таму вырашыў, што трэба прывесці ў школы людзей, для якіх важныя ў першую чаргу самі дзеці, а не іх адзнакі і выкананне загадаў зверху. Яны пераканаліся, што наяўнасць педагагічнай адукацыі ў рабоце з падрастаючым пакаленнем хоць і пажаданая, але неабавязковая: тыя ж айцішнікі, журналісты, рэжысёры змогуць даць ім значна больш, чым педагог, які фармальна падыходзіць да сваіх абавязкаў. Таму трэба толькі адкрыць ім дарогу ў школу. Да таго ж ёсць вялікая колькасць людзей, якія з розных прычын калісьці былі вымушаны сысці з прафесіі, так і не рэалізаваўшы свой педагагічны патэнцыял. Навошта іх скідваць з рахунку?

А перад гэтым хлопцы па ўласнай ініцыятыве адпрацавалі два гады ў сельскай мясцовасці.

— Уявіце сабе, колькі адкрыццяў чакала нас, гараджан, якія выраслі на асфальце, навучаліся ў сталічных універсітэтах, калі мы трапілі ў зусім іншае, нязвыклае для нас асяроддзе! — смяецца Зміцер. — Але гэты наш бясцэнны вопыт спатрэбіцца цяпер, каб зрабіць адаптацыю будучых удзельнікаў праекта на новым месцы максімальна камфортнай і хуткай.

Зміцер і Сяргей знайшлі падтрымку ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, дзе пагадзіліся стварыць адмысловую групу і праграму для перападрыхтоўкі ўдзельнікаў праекта, і ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, дзе былі гатовы аказваць метадычную падтрымку. Але толькі энтузіязму двух маладых людзей аказалася недастаткова: многае ўпіраецца ў фінансы...

Бізнес і адукацыя

— Летась падчас сустрэчы старшыні праўлення Ашчадбанка Расіі з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Герман Грэф расказваў пра сацыяльную місію бізнесу і карпаратыўную адказнасць, пра тое, што ў Расіі банк падтрымлівае важныя адукацыйныя праекты, у тым ліку праграму «Настаўнік для Расіі», і падобную практыку можна было б распаўсюдзіць і на тэрыторыі Беларусі, дзе знаходзіцца даччыны банк — БПС-Ашчадбанк. Мы падумалі, якім можа быць след ад гэтага візіту, і вырашылі, што трэба падтрымаць праграму «Настаўнік для Беларусі». Але расійскія калегі адразу папярэдзілі нас пра тое, што трэба пагружацца ў свой кантэкст, — падкрэслівае Вера Каралёва. — Таму мы выязджалі ў школы ў невялікіх гарадках, каб зразумець, што ім патрабуецца і чым мы можам дапамагчы.

Teach For All («Вучыць усіх») — гэта міжнародная ініцыятыва, якая ахапіла ў свеце ўжо больш за 50 краін, — тлумачыць Алена Мельчанка. — Яе сутнасць у тым, што выпускнікі ВНУ, якія прайшлі папярэдні конкурсны адбор і спецыяльную падрыхтоўку, на два гады становяцца настаўнікамі ў школах, дзе дзецям патрабуюцца педагогі, якія будуць іх натхняць, а калектыву — новыя кадры. Яны ідуць туды, дзе іх чакаюць больш за ўсё, у школы са складаным сацыяльным і эканамічным кантэкстам, навучальныя ўстановы ў праблемных мікрараёнах. Глабальная філасофія заключана ў формуле «Кожнае дзіця — аўтар свайго жыцця». Пад аўтарствам маецца на ўвазе здольнасць бачыць увесь гарызонт уласных магчымасцяў, ведаць свае моцныя і слабыя бакі, адказна прымаць рашэнні і верыць у сябе, быць сабой і атрымліваць асалоду ад гэтага.

Сярод такіх ідэйных і апантаных педагогаў была і наша зямлячка Анастасія Байчарова, якая два гады адпрацавала ў ЗША настаўніцай пачатковых класаў у вельмі складанай школе ў Паўднёвым Бронксе, дзе адукацыя дакладна не ўваходзіла ў спіс жыццёвых прыярытэтаў вучняў і іх сем'яў. А цяпер яна з'яўляецца партнёрам Teach For All па разнастайнасці, роўнасці і інклюзіі і курыруе падобныя праграмы, распачатыя ў краінах СНД. Яна сутыкалася з вялікай колькасцю самых розных сітуацый і добра ведае, што тое, што спрацавала ў адной краіне, не працуе ў іншай. Мы вельмі рады, што Анастасія дапамагае і нашай камандзе. Між іншым, ёсць цікавая статыстыка: 75 працэнтаў удзельнікаў Teach For All застаюцца ў сістэме адукацыі. Хтосьці ўзначальвае навучальную ўстанову, хтосьці рэалізоўвае ўласныя адукацыйныя праекты, становіцца рэкруцёрам ці курыруе навічкоў у праекце, а адзін з удзельнікаў Teach For All стаў нават міністрам адукацыі.

У Расіі праграма, галоўным донарам якой стаў Ашчадбанк, стартавала ў 2015 годзе. Праз яе прайшло ўжо каля 180 чалавек. Большасць удзельнікаў — маладыя людзі (самаму старэйшаму 46 гадоў), хоць ніякіх абмежаванняў па ўзросце не было ўстаноўлена. Цяпер геаграфія праекта ахоплівае 64 школы. І на яго сайце можна знайсці шмат шчырых і пранізлівых гісторый ад педагогаў кшталту «Як я з'ехала з Масквы, каб навучаць дзяцей...»

Прышліце нам матэматыка!

Як вы думаеце, што прасцей: знайсці апантаных настаўнікаў ці школы, гатовыя іх прыняць? Бо «свежы вецер» у калектыве — гэта заўсёды рызыка, а ці захочуць кіраўнікі школ рызыкаваць? Між іншым, для ўдзелу ў праекце падалі заяўкі каля 20 школ. Іх геаграфія ахоплівае ўсе рэгіёны Беларусі. Ёсць сярод іх і зусім невялікая школа ў вёсцы Спонды, што ў Астравецкім раёне, дзе навучаюцца ўсяго 54 дзіцяці, і школы ў Барысаве, Жлобіне, Пінску. Зразумела, што ў вялікім горадзе кіраўнікам прасцей закрыць кадравыя вакансіі, чым у сельскай школе. Напрыклад, у Спондах шмат гадоў адпраўляюць заяўку на размеркаванне да іх настаўніка матэматыкі, але гэтыя заяўкі не задавальняюцца, і прадмет зараз выкладае настаўнік-пенсіянер. Ёсць сярод ахвотных атрымаць крэатыўных настаўнікаў установы адукацыі ў Ляхавічах, Мядзеле, Лельчыцах, Верхнядзвінску, Дзяржынску, Стоўбцах, Чырвонай Слабадзе, Негарэлым... У самым вострым дэфіцыце — матэматыкі. Таксама просяць даслаць да іх фізікаў, настаўнікаў інфарматыкі, геаграфіі, фізічнай культуры, беларускай, рускай і нават кітайскай мовы.

Для школ удзел у праекце можа стаць выдатнай інфармацыйнай нагодай, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, і дадатковым імпульсам для развіцця ўстановы. Але выканаўцам праграмы не пазайздросціш, бо сумясціць інтарэсы школ і профіль адабраных у выніку конкурсу педагогаў — задачка няпростая.

Сёлета выберуць першых 12 удзельнікаў праграмы: у школы настаўнікі будуць накіроўвацца ўдваіх, бо разам з аднадумцам прасцей асвойвацца на новым месцы. Дапускаецца і такі варыянт: у школе, што падала заяўку, ёсць педагог, які хоча стаць удзельнікам праграмы «Настаўнік для Беларусі», падзяляе яе каштоўнасці і прайшоў конкурсны адбор. У гэтым выпадку туды накіруюць настаўніка той дысцыпліны, па якой маецца вакансія.

Жорсткіх абмежаванняў для ўдзелу ў праграме не існуе: гэта могуць быць як сёлетнія выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў, так і вопытныя настаўнікі ці нават сям'я педагогаў. Ключавой з'яўляецца наяўнасць профільнай педагагічнай           адукацыі або кваліфікацыя педагога. Пакуль што ідэю з прыцягненнем у школу спецыялістаў з іншых сфер рэалізаваць не ўдалося, хоць на тым жа механіка-матэматычным факультэце БДУ ёсць толькі адна спецыяльнасць, выпускнікі якой могуць адразу ісці ў школу. А вось у Расіі такая магчымасць ужо ёсць пры ўмове, што кандыдат без профільнай адукацыі праходзіць перападрыхтоўку па педагогіцы...

У камандзе прасцей

Усе, хто хоча далучыцца да «Настаўніка Беларусі», запаўняюць анкету на сайце teach4.by, праходзяць скайп-інтэрв'ю, а затым іх чакае субяседаванне ў Мінску.

— Для таго каб найбольш аб'ектыўна падысці да выбару будучых удзельнікаў «Настаўніка для Беларусі», камандай праекта з прыцягненнем спецыялістаў па падборы персаналу была распрацавана «Мадэль кампетэнцый», — тлумачыць Вера Каралёва. — Яна грунтуецца на місіі і каштоўнасцях праекта і акумулюе ў сабе вопыт аналагічных праграм па ўсім свеце.

Вымярэнне кампетэнцый адбываецца праз назіранне за паводзінамі кандыдатаў у розных сітуацыях. Яны працуюць у камандзе, сумесна абмяркоўваюць спрэчныя пытанні ў адукацыі, выпрацоўваюць групавое рашэнне па складаным кейсе, праводзяць невялікі сяміхвілінны ўрок, а таксама ўдзельнічаюць у інтэрв'ю. Гэта дае нам магчымасць зразумець, на развіццё якіх кампетэнцый варта зрабіць акцэнт пры распрацоўцы навучальных праграм у летнім інтэнсіве. У ацэнцы кампетэнцый удзельнічаюць HR-спецыялісты, вопытныя педагогі і прадстаўнікі бізнесу.

А далей распачнецца самае цікавае і важнае. Усіх адабраных кандыдатаў чакае месячны летні інтэнсіў на загараднай базе адпачынку БПС-Ашчадбанка.

— Ён прадугледжвае некалькі блокаў: сучасныя падыходы да педагогікі і выкладання, развіццё асабістых якасцяў, праектны менеджмент, увядзенне ў кантэкст (выезд у сельскія школы), каб для кагосьці не стала адкрыццём, што ў класным журнале могуць быць запоўнены толькі тры першыя радкі з сарака — па колькасці вучняў у класе. І паспрабуй у такім калектыве арганізаваць групавую работу, — смяецца Зміцер. — Будуць сустрэчы з вельмі цікавымі спікерамі з розных сфер.

— Шчыра кажучы, я ім ужо зайздрошчу, — дадае Алена. — А ў апошні тыдзень інтэнсіву мы арганізуем летнік з дзецьмі на тэму «Навыкі ХХІ стагоддзя», які кандыдаты павінны будуць самі спланаваць. Не выключана, што хтосьці ўжо на гэтым этапе зразумее, што яму нічога не хочацца змяняць у сваім жыцці — мы да такога ходу падзей таксама падрыхтаваныя...

Далей за кожным з удзельнікаў праграмы замацуюць куратара — вопытнага педагога, да якога заўсёды можна будзе звярнуцца па дапамогу. Кожную чвэрць навучальнага года ўсе будуць збірацца разам і падводзіць вынікі работы ў школах, абмяркоўваць праблемы, якія акрэсліліся, атрымліваць новыя веды і метадалагічную падтрымку.

Бегчы з усіх ног

У беларускай праграмы будзе свая адметнасць — гэта акцэнт на праектнай дзейнасці, — падкрэслівае Вера Каралёва. — Настаўнік павінен будзе прыдумаць і рэалізаваць праект, які ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай  супольнасці. Гэта можа быць класны ці агульнашкольны праект, у які будуць уцягнуты і бацькі школьнікаў, і педагогі, і жыхары навакольных населеных пунктаў. Мяркуем, што некалькіх месяцаў ім будзе дастаткова для таго, каб зразумець, што гэта можа быць: стварэнне музея, адкрыццё школьнага тэатра, экалагічны праект ці штосьці іншае.

Кожны настаўнік — удзельнік праекта — будзе атрымліваць ад БПС-Ашчадбанка дадатковую матэрыяльную падтрымку: акрамя зарплаты, ім два гады будзе налічвацца стыпендыя ў памеры 250 рублёў. Таксама педагогаў забяспечаць ноўтбукамі і кампенсуюць ім выдаткі на жыллё.

Для рэалізацыі праграмы БПС-Ашчадбанк стварае дабрачынны фонд. Першапачатковы ўзнос банка ў праект сёлета складзе 240 тысяч беларускіх рублёў. У будучыні да фонду могуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія пажадаюць зрабіць унёсак у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі. Прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі запрасілі ў калегіяльныя органы фонду для таго, каб усе рашэнні прымаліся сумесна і ўлічвалі бягучыя тэндэнцыі ў сістэме адукацыі. БПС-Ашчадбанк таксама заключыў з Міністэрствам адукацыі пагадненне аб супрацоўніцтве.

— Мы настроены вельмі аптымістычна, — рэзюмуюць нашы субяседнікі. — Усе ведаюць фразу з кнігі Льюіса Кэрала «Аліса ў Залюстроўі»: «Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй!» Дзеці змяняюцца, свет змяняецца, і школа не можа адставаць. Мы спадзяёмся, што драйверамі будучых змяненняў стануць у тым ліку і ўдзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі»: таленавітыя, крэатыўныя, нераўнадушныя, захопленыя сваёй справай педагогі, якія вядуць урокі цікава і нестандартна і годна выглядаюць нават у самых складаных педагагічных сітуацыях.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і праекта «Настаўнік для Беларусі»

Здымкі носяць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Новыя галасы ў школьным аркестры

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.