Вы тут

Топ-10 самых дзіўных адзінак вымярэння


У людзей заўсёды будзе патрэба вызначаць колькасць і памеры рэчаў і з'яў. Але часам стандартныя адзінкі вымярэння, метры або грамы, выяўляюцца недастаткова зручнымі. І тады ў справу ўступаюць... бананы, каровы, Алены і Дзіракі. Вашай увазе дзесяць адзінак вымярэння, прызначаных для таго, каб спрашчаць жыццё (ці, можа быць, наадварот?).


Банан. Як растлумачыць узровень радыеактыўнага апраменьвання недасведчанаму чалавеку? З дапамогай бананаў! Бананавы эквівалент дозы — гэта 0,1 мікразіверт, прыкладная доза, якую можна атрымаць ад натуральных радыеактыўных ізатопаў пры паяданні аднаго банана. Пры гэтым сярэднесусветная доза натуральнага апраменьвання, назапашаная адным чалавекам за год, роўная 2,4 мілізіверта (ад 1 да 10 мЗв). Так што, калі з'есці 25 000 бананаў за раз, можна прыкметна павялічыць свой індывідуальны паказчык па гэтым параметры.

Алена. Упершыню гэтая адзінка вымярэння з'явілася ў Старажытнай Грэцыі. Алена Прыгожая, як вядома, стала першапрычынай Траянскай вайны, а ў першым паходзе на Трою прыняло ўдзел каля 1000 караблёў. Адпаведна, Алена — гэта мера прыгажосці, неабходная для прывядзення ў баявую гатоўнасць 1000 грэчаскіх караблёў, а міліалена апісвае дакладную колькасць прыгажосці, неабходнай для таго, каб адправіць у паход адно старажытнагрэчаскае судна.

Каровіна трава. Для добрага фермера памер поля менш важны, чым якасць травы для ўтрымання рагатай жывёлы. А для вымярэння колькасці зямлі, мінімальна неабходнай для адной каровы, у Ірландыі выкарыстоўвалі паняцце «каровіна трава». У Амерыцы таксама існаваў своеасаблівы «індэкс каровы-маці», які вызначаў, колькі цяжарных кароў мог пракарміць адзін акр зямлі. У першую чаргу ён улічваў менавіта якасць зямлі, а не яе плошчу.

Ячмень. Як і фут, адзінка «ячменнае зерне» (або проста «ячмень») першапачаткова была роўная памеру фактычнай рэчы — зерня ячменю. Пасля яна была стандартызаваная: адзін ячмень прыраўноўваўся 1/3 цалі. Ячмень да гэтага часу выкарыстоўваецца для вызначэння памераў абутку ў Вялікабрытаніі і Ірландыі: адзін ячмень — гэта розніца паміж суседнімі памерамі. А 1/4 ячменю роўная аднаму зерню маку.

Сідхарб. Сідхарб з'яўляецца мерай колькасці вады. Яна выкарыстоўваецца ў Аўстраліі, а назва ўтворана ад Сіднейскай бухты (Sуdnеу Hаrbоr).

Адзінка Фрыдмана. Гэтая адзінка была названая ў гонар аглядальніка газеты Nеw Yоrk Tіmеs Томаса Фрыдмана і складае «наступныя шэсць месяцаў». Яна з'явілася пасля таго, як Фрыдман выкарыстаў у сваіх артыкулах фразу «ў наступныя шэсць месяцаў» для прагназавання тэрмінаў заканчэння вайны ў Іраку 14 разоў за два з паловай гады.

Мікі. Адчувальнасць камп'ютарных мышэй вымяраецца ў мікі-маўсах на цалю. 1 мікі — гэта даўжыня мінімальнага фіксаванага руху камп'ютарнай мышы, які звычайна знаходзіцца ў межах паміж 1/200 і 1/300 цалі.

Дзірак. Брытанскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі Поль Дзірак быў не асабліва гаварлівы, у выніку чаго калегі, якія працавалі з ім, прыдумалі адзінку Дзірака, роўную аднаму слову ў гадзіну. Таксама яна лічыцца адзінкай сарамлівасці.

Морген. Mоrgеn з нямецкай і нідэрландскай моў перакладаецца як «раніца» і азначае плошчу поля, якую адзін чалавек паспее ўзараць на працягу гэтага часу. Морген выкарыстоўваўся ў Германіі, Нідэрландах, Польшчы і, у залежнасці ад месцазнаходжання, быў роўны ад 2 да 12 тысяч квадратных метраў — відавочна, у апошнім выпадку людзі былі найбольш працавітыя.

Рука. Уласна кажучы, калі ёсць такая адзінка вымярэння, як нага (fооt), чаму б не быць і руцэ (hаnd)? Спачатку далонь выкарыстоўвалі для вымярэнняў у Старажытным Егіпце, затым англійскі кароль Генрых VІІІ паспрабаваў стандартызаваць яе і прыраўняў да чатырох цаляў. Сёння «чатырохцалявая» рука выкарыстоўваецца для вымярэння вышыні коней у карку.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: У чым вымяраюцца прыгажосць і сарамлівасць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».