Вы тут

Школьная бізнес-кампанія ў Клецкім раёне паспяхова працуе ў сферы канцтавараў


Апошнім часам сярэднія навучальныя ўстановы імкнуцца пашыраць веды вучняў не толькі ў рамках абавязковай школьнай праграмы, але і ў сферы прадпрымальніцтва. Са з'яўленнем тры гады таму ў Даматканавіцкай сярэдняй школе Клецкага раёна бізнес-кампаніі «Фармат» тут зніклі праблемы з тым, дзе раздрукаваць рэферат, зрабіць фота на дакументы ці набыць незвычайны падарунак сябру. А самі школьнікі задаволеныя магчымасцю паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных бізнесменаў!


Ілья Сі­да­ро­віч (зле­ва) і Яў­ген Фа­ле­тар.

У «Фармаце» можна набыць вокладкі, нататнікі, ручкі, календары... Пры жаданні кліенты могуць заказаць канцылярскія тавары з выявай роднага горада, каханай дзяўчыны ці формул па фізіцы. Пры ўдзеле ў розных конкурсах ці навуковых канферэнцыях можа аказацца зручнай паслуга брашуроўкі лістоў — атрымліваецца папка, у якой усё сістэматызавана.

На пазабюджэтныя школьныя сродкі для бізнес-кампаніі быў набыты прынтар для сублімацыйнага друку. Спектр паслуг павялічыўся: з'явілася магчымасць наносіць выявы на кубкі, талеркі, магніты і іншыя загатоўкі. Такія вырабы часцей за ўсё набываюць у якасці падарунка.

У аказанні друкарскіх паслуг у «Фармату» амаль няма канкурэнтаў, што вельмі пазітыўна ўплывае на колькасць кліентаў. Таксама да бізнесменаў-пачаткоўцаў часам звяртаюцца з просьбай пераўстаноўкі Wіndows.

— Мы нядрэнна разбіраемся ў камп'ютарах, таму можам дапамагчы мясцовым жыхарам, — кажа Ілья Сідаровіч, выпускнік школы гэтага года, дырэктар школьнай бізнес-кампаніі.

На пытанне, ці прыносіць бізнес прыбытак, Яўген Фалетар, выпускнік 10 класа і фінансавы дырэктар «Фармату», адказаў:

— Зараз наша мэта не ў тым, каб зарабіць шмат грошай, а ў тым, каб паспрабаваць сябе ў якасці прадпрымальнікаў. У будучыні мы ўсе марым імі стаць, бо бізнесмены дзякуючы сваёй працы — паспяховыя людзі.

У найбліжэйшай будучыні «Фармат» плануе развівацца і пашыраць спектр паслуг. У хуткім часе тут можна будзе заказаць нанясенне выявы на майку, бірульку ці фотаальбом. Таксама плануецца стварыць Іnstagram-акаўнт, дзе будуць выстаўлены ўзоры вырабаў і навінкі. На думку юных прадпрымальнікаў, гэта дапаможа пашырыць кліенцкую базу і спрасціць азнаямленне з прадукцыяй. А цяпер інфармацыю пра бізнес-кампанію можна знайсці на сайце школы.

Пасля гутаркі з прадстаўнікамі «Фармату» на фестывалі «Школа прадпрымальніцтва», які праходзіў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, у мяне не засталося ні кроплі сумнення ў тым, што такія мэтанакіраваныя школьнікі абавязкова прыйдуць да сваёй мары: стануць паспяховымі прадпрымальнікамі
і шмат чаго дасягнуць у жыцці!

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Вучнёўскі «Фармат» прадпрымальніцтва

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.

Грамадства

Каранавірус не стане «чорным лебедзем». Чым адгукнецца СОVІD-19?

Каранавірус не стане «чорным лебедзем». Чым адгукнецца СОVІD-19?

Удзельнікі чарговага пасяджэння праекта «Экспертнае асяроддзе» — «Каранавірус: эканоміка страху» ў прэс-цэнтры БелТА спрагназавалі, якія змены адбудуцца на сусветнай прасторы з-за сітуацыі з СОVІD-19.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра суботнік і цікавую гісторыю кахання.

Грамадства

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Каля 80 тысяч гектараў хваёвых лясоў Беларусі за апошнія тры гады пацярпелі ад высыхання — іх пашкодзіў жук-караед.