Вы тут

Найлепшыя цыркачы свету збяруцца ў беларускай сталіцы


З 19 да 22 верасня ў Беларускім дзяржаўным цырку пройдзе Другі Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. Мінчане і госці сталіцы займеюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з найлепшымі дасягненнямі сусветнай цыркавой справы і трапіць на сапраўднае свята прыгажосці, грацыі і трука.


Клоўны Антон і Віктар Франке, прадстаўнікі цыркавой дынастыі.

Для ўдзелу ў цыркавым шоу даслалі заяўкі больш за 300 артыстаў з розных краін. Па выніках скрупулёзнага адбору ў фестывалі возьме ўдзел каля 100 майстроў цырка з Бразіліі, Чылі, Кітая, Аўстраліі, Эфіопіі, Таджыкістана, Ізраіля, КНДР, Румыніі, Туркменістана, Украіны, Малдовы, Германіі, Казахстана, Расіі, Беларусі. Арганізатары абяцаюць, што на фестывалі будзе цікава як аматарам, так і знаўцам цырка. Удзельнікі пазмагаюцца за ўзнагароды ў намінацыях «Гран-пры», «Золата», «Серабро», «Бронза», «Прыз глядацкіх сімпатый», «Прыз дзіцячага журы» і за іншыя спецыяльныя прызы.

Дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан расказаў, што некаторыя краіны будуць прадстаўлены 2-3 нумарамі. З Расіі выступяць артысты з Расдзяржцырка, Вялікага Маскоўскага дзяржаўнага цырка і Маскоўскага цырка Нікуліна на Каляровым бульвары — ва ўсіх гасцей вельмі высокі выканальніцкі ўзровень. Расіяне прадставяць «Сустрэчныя арэлі», на якіх будуць працаваць дзяўчыны ў яскравых бальных сукенках — па ўсім можна меркаваць, атрымаецца чароўнае відовішча. Выступіць Сяргей Несцераў з дрэсіраванымі белымі тыграмі, які пакажа ўнікальную работу дрэсіроўшчыка з жывёламі — без бізуноў і штыкоў. Ізраіль прадставіць два нумары, адзін з якіх выканае 18-гадовая паветраная гімнастка Аліса Шэхтар з ашдоцкага цырка «Дорату», а падчас другога нас чакае фантастычная трансфармацыя — імгненныя пераадзяванні Даніэля Беньяміна.

Словам, на фестывалі будзе сабрана разнастайная жанравая палітра цыркавога мастацтва: акрабатыка, гімнастыка, жангліраванне, клаўнада, эквілібрыстыка, фокусы, дрэсура і атлетыка. Беларусы таксама рыхтуюць некалькі нумароў. Паветраную гімнастыку прадставіць дуэт Анастасіі Данчанкі і Анастасіі Пуцяты, у атракцыёне Барыса Лазарова будуць задзейнічаны дрэсіраваныя вярблюды і ламы. Асілкі браты Дзмітрый і Багдан Казаковы, верагодна, падрыхтуюць новы ўнікальны трук.

На форуме выступіць дуэт клоўнаў Бэлы і Алекса Чэрвоткіных і клоўн з Бразіліі Пепе Жардзім, а таксама бацька і сын Франке — клоўны найвышэйшага ўзроўню, якія сваім майстэрствам вучаць людзей дабру і слушным адносінам старэйшага і малодшага пакаленняў.

Па выніках фэсту будуць адабраныя 15 найлепшых нумароў для новай праграмы «Брава». Яна будзе ісці ў Белдзяржцырку з 27 верасня да 8 снежня.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Клоўны, якія вучаць дабру

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.