Вы тут

Выстаўку беларускіх навуковых дасягненняў з «прыцэлам на ўсход» прадставілі ў Акадэміі навук


Хол Прэзідыума НАН Беларусі на гадзіну ператварыўся ў шумны ўсходні базар! Перад пасяджэннем тэматычнай секцыі тут разгарнулася выстаўка інавацыйных распрацовак пад маркай Made іn Belarus: ад вынікаў працы селекцыянераў да проціпухлінных прэпаратаў.


Як з куста!

Самую вялікую цікавасць, вядома, выклікаюць стэнды, дзе можна не толькі паглядзець-памацаць, але і пакаштаваць нешта на смак. У нашым выпадку гэта быў стэнд Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі з рознымі гатункамі садовых буякоў. Тэхналогію масавага размнажэння і вырошчвання гэтай нетрадыцыйнай ягады прапаноўвалі ўкараніць ва ўмовах спякотнага ўзбекскага клімату, а заадно ацаніць смак гатовага прадукту... васьмі (!) відаў. Як расказаў прадстаўнік Батанічнага саду, ураджайнасць з аднаго куста дасягае пяці кілаграмаў.

Побач красаваўся вынік традыцыйнага беларускага земляробства — бульба сартоў «Маніфест», «Брыз» і «Палац».

НПЦ НАН Беларусі па харчаванні прапаноўваў ацаніць высокую якасць беларускай прадукцыі, ад малочных прадуктаў да дзіцячага харчавання.

Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій дэманстраваў вынікі сваёй працы на... расадзе базіліка. Менавіта мяккае святло ад святлодыёдаў станоўча ўплывае на інтэнсіўнасць росту раслін.

— Для вялікай дэлегацыі Узбекістана трэба хоць крышку інфармацыі менавіта практычнага характару, і для нас важна сканцэнтравана прадставіць усе нашы патэнцыйныя магчымасці, усе яркія фарбы навуковага свету і плюсы навукова-тэхнічнага прагрэсу, які існуе ў Беларусі — не толькі на словах, а рэальна нашы патэнцыйныя магчымасці, нашы дасягненні, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар СІРЭНКА.

У полі зроку

Беспілотнікі «Бусел» таксама не засталіся па-за ўвагай: яны шматфункцыянальныя па магчымасцях свайго выкарыстання (ад аховы дзяржаўнай граніцы да аэрафотаздымкі і пошуку браканьераў). А яшчэ іх выпуск можна асвоіць на базе сумесных вытворчасцяў — пра такую магчымасць таксама ішла размова на тэматычным стэндзе.

Навукова-тэхнічныя распрацоўкі ў харчовай, фармацэўтычнай і нават касмічнай прамысловасці былі прадэманстраваны ва ўсёй сваёй разнастайнасці, зрэшты, як і турыстычны патэнцыял краіны.

— Выстаўка арыентавана на тое, каб паказаць узровень распрацовак, якія існуюць у Беларусі (галоўным чынам з пункту гледжання магчымасці іх адаптацыі і прымянення ва Узбекістане, і не толькі ў плане абмену, гандлю, але і ў плане рэальнай кааперацыі), — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАХМАНАЎ. — Таму большасць прадстаўленых распрацовак, мы разлічваем, знойдзе практычнае выкарыстанне, і мы зможам працаваць разам, у тым ліку і на знешнім контуры — прадаваць нашу прадукцыю за мяжу.

Плён ад супрацоўніцтва

Шахло МІРАЛІМАВА, намеснік дырэктара па навуцы Інстытута мікрабіялогіі Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан, паведаміла пра пачатак рэалізацыі сумеснага з беларускімі калегамі праекта з выкарыстаннем наначасціц пераходных металаў, сінтэзаваных бактэрыямі, у якасці спецыфічных мадулятараў. Работа над праектам знаходзіцца на пачатковай стадыі, але ўжо на гэтым этапе вучоная адзначае высокі прафесіяналізм беларускіх калег і іх адказны падыход да справы.

— Мы вельмі добра разумеем адно аднаго і знаходзім агульныя пункты ўзаемадзеяння, — адзначыла яна. — Упэўнена, што наш сённяшні візіт адкрыў вялікія перспектывы да далейшага супрацоўніцтва: я, напрыклад, знайшла шмат арганізацый, з якімі мы зможам далей плённа працаваць разам.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Ад «Бусла» да духмяных буякоў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.