Вы тут

Як засцерагчыся ад вос, пчол і шэршняў


Жнівень — час, калі пачынаецца пік актыўнасці вос, пчол і шэршняў. Заляцець непажаданы госць з джалам можа куды заўгодна — у пакой падчас праветрывання, у салон грамадскага транспарту, ды і проста на кухню, калі вы, напрыклад, робіце варэнне або ясце, скажам, кавун. Але калі ля вашых вокнаў лятаюць дзясяткі вос — значыць, справы дрэнь, і недзе непадалёк знаходзіцца іх гняздо.


Тэст на непажаданых «суседзяў»

— Абстаноўка цяпер складваецца адносна спакойная, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Настасся ШВАЙБОВІЧ. — У адрозненне ад мінулых гадоў, ліпень і пачатак жніўня ў нас прахалодныя. А джаланосныя насякомыя любяць цяпло, і таму актыўнасць іх нізкая. Але тым не менш яна адзначаецца.

Паведамленні пра знойдзеныя ў жылых дамах і на прысядзібных участках гнёзды небяспечных крылатых суседзяў працягваюць паступаць. Цяпер у сярэднім за суткі па Мінскай вобласці колькасць такіх зваротаў вагаецца ад 10 да 20. Геаграфія ж — па ўсіх раёнах.

Цікава, што першыя гнёзды вос ратаўнікі здымалі сёлета яшчэ ў... сакавіку. Але за вясну па цэнтральным рэгіёне назбіралася ўсяго 68 такіх просьбаў ад людзей. Затое ў чэрвені, калі большую частку месяца стаяла анамальная спякота, у падраздзяленні Мінскага абласнога ўпраўлення МНС паступіла ўжо 241 тэлефанаванне. Як кажуць, адчуйце розніцу.

Дзе ж селяцца восы і шэршні? Яны выбіраюць месца для гнязда па некалькіх крытэрыях. Там павінна быць цёпла, зацішна і непадалёк вялікая колькасць ежы. Напрыклад, садавіны або нектару ў кветках.

— Нашы ратавальнікі выязджаюць у прыватныя дамы, у санаторыі, аздараўленчыя летнікі, дзіцячыя садкі, — працягвае Настасся Швайбовіч. — Так, 26 чэрвеня ратавальнікі адправіліся ў летнік «Лясная казка» Пухавіцкага раёна, які месціцца ў вёсцы Талька. Пад дахам двухпавярховага будынка было асінае гняздо, вось яно і было ліквідавана. 22 ліпеня было знята гняздо ў Пухавіцкім псіханеўралагічным дыспансеры. А 30 ліпеня ў вёсцы Ячонка Стаўбцоўскага раёна восы пасяліліся на прысядзібным участку.

Тут трэба разумець адзін нюанс. Ратавальнікі бясплатна здымуць гнёзды джаланосных насякомых у дзіцячых садках, дамах састарэлых і інвалідаў, бальніцах ды іншых сацыяльных установах. Калі ж гняздо знойдзена ў доме, на дачы, то жыхарам у гэтым выпадку будзе аказана платная паслуга. Справа ў тым, што гняздо не ўтвараецца за дзень ці два. Гэты працэс цягнецца як мінімум з красавіка. І калі восы збудавалі сабе кубло — значыць, гаспадар недзе не даглядзеў своечасова за парадкам, хоць абавязаны гэта рабіць. Аднак калі ёсць прамая пагроза жыццю і здароўю людзей або жыхары не могуць трапіць у дом з-за раз'юшаных насякомых, то работнікі МНС выязджаюць неадкладна і аказваюць дапамогу.

Пасля гэтага трэба правесці інспекцыю ўсіх шчылін, праз якія насякомыя маглі трапіць у памяшканне. Гэта могуць быць шчыліны на гарышчы, у падвалах, нішах або засценку. Іх пажадана запеніць. У гарадской забудове вялікую ўвагу трэба надаць балконам і месцам пад дахам.

Здымаем гняздо правільна

Важна ведаць: пачынаць самастойнае знішчэнне жытла джаланосных насякомых трэба толькі тады, калі вы стопрацэнтна ўпэўнены ў сваіх сілах. І калі вы дакладна ведаеце, што ў вас няма алергіі на яд асы або пчалы. Пры любых сумненнях лепш усё ж такі заплаціць невялікую суму грошай, але даверыцца прафесіяналам.

Перш чым пачынаць аперацыю «Ліквідацыя», трэба цалкам сябе абараніць, каб ніводнае насякомае не прабралася да цела і не ўджаліла. На вас абавязкова павінны быць маска пчалавода, пальчаткі, боты, вельмі шчыльны касцюм. Лепшы час для гэтага — вячэрні, калі ўсе восы збяруцца ў гняздзе. Аднак зацягваць мерапрыемства да глыбокай ночы ні ў якім разе не варта. Святло ад электрычнай лямпачкі або ад ліхтара тут жа абудзіць насякомых, якія пяройдуць у контратаку і пачнуць абараняць свой дом.

З сабой неабходна ўзяць вельмі шчыльны мяшок. Яго трэба адзець на гняздо і тут жа перапілаваць вострым нажом ножку, на якой яно трымаецца. А што рабіць з ім далей — залежыць ад вас. Гняздо можна ўтапіць, закапаць, спаліць... Але апошняе — толькі з усімі патрабаваннямі пажарнай бяспекі, без выкарыстання лёгкаўзгаральных вадкасцяў і выключна ў металічнай ёмістасці. А вось калі вы ўбачылі гняздо падчас шпацыру ў лесе, то лепш адтуль ціхенька сысці, каб не прыцягваць да сябе залішняй увагі з боку насякомых.

Калі без укусу не абышлося

У атаку можа перайсці абсалютна любая джаланосная істота. Гэта можа быць дзе заўгодна — нават калі вы ясце нешта салодкае і выпадкова заглынулі кавалачак або напой разам з асой. Пры гэтым самае важнае — не разгубіцца, а рэагаваць як мага хутчэй.

— Першае, што трэба зрабіць, — гэта прыбраць джала, — раіць Настасся Швайбовіч. — Для гэтага падыдзе пінцэт або нават пластыкавая картка. Праўда, тут трэба ведаць адно «але». Восы джала не пакідаюць у чалавечай скуры, у адрозненне ад пчол. Месца ўкусу трэба апрацаваць і прыкласці да яго лёд або вельмі халодны прадмет. Калі ў вас пачынаецца пагаршэнне самаадчування — тут жа, не марудзячы, выклікайце хуткую дапамогу. Пакуль аказваецца дапамога, урачы размаўляюць з пацярпелым, каб упэўніцца, што ён не траціць прытомнасць.

У Беларусі здараліся выпадкі, калі людзі паміралі ад анафілактычнага шоку, выкліканага алергіяй на атруту. Летась гэта адбылося ў Слуцкім раёне. 63-гадовая жанчына разам з мужам знаходзілася на лецішчы ў вёсцы Мялешкі. Яна варыла варэнне, калі муж, разграбаючы кучу саломы, патрывожыў асінае гняздо. Раз'юшаныя насякомыя некалькі разоў укусілі мужчыну, але ён не звярнуў на гэта асаблівай увагі. Пасля гэтага восы пераключыліся на жанчыну. Яе ўджалілі чатыры разы. У пенсіянеркі тут жа пачаўся анафілактычны шок. Неўзабаве яна памерла.

Актыўнасць вос, на шчасце, нядоўгая. Ужо ў верасні яна, як правіла, імкліва ідзе на спад. Таму застаецца проста перачакаць гэты перыяд.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: З джалам навыперадкі

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.