Вы тут

Колас і узбекскія паэты


Напрыканцы ліпеня ў Мінску адбыўся першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, прайшлі Дні культуры Узбекістана, адкрыты помнік узбекскаму паэту Алішэру Наваі. Вельмі радуе, што летась у Ташкенце быў адкрыты помнік Якубу Коласу. Гэта першы помнік класіку беларускай літаратуры за межамі Рэспублікі Беларусь. Аўтарам з’яўляецца скульптар, акадэмік Акадэміі мастацтва Узбекістана Марына Барадзіна. Гэта яе другая работа, звязаная з беларускім паэтам. Яна таксама стварыла мемарыяльную дошку, якая ў 2017 годзе была ўстаноўлена на будынку, дзе Якуб Колас жыў і працаваў падчас Другой сусветнай вайны.


11_30 С.Сомава, Зульфія, Э.Агняцвет

У эвакуацыю ў Ташкент Якуб Колас прыехаў 14 жніўня 1941 года. У лісце да свайго сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 17 жніўня 1941 года паэт пісаў: «Мы сейчас далеки друг от друга территориально. Я очутился в совершенно новом для меня мире, где так много своеобразия, своей поэзии». У Ташкенце Якуб Колас жыў і працаваў два з паловай года. За гэты час у песняра склаліся сяброўскія адносіны з многімі ўзбекскімі пісьменнікамі і паэтамі.

У 1942 годзе ў Ташкенце да 60-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа на ўзбекскай мове быў выдадзены зборнік «Выбраныя вершы» з прадмовай і пад рэдакцыяй узбекскага паэта Хаміда Алімджана, які ў той час быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Узбекскай ССР. Узбекскі чытач упершыню пазнаёміўся з вершамі Якуба Коласа ў перакладах Гафура Гуляма, Зульфіі, Хаміда Гуляма, Тураба Тулы, Шэйхзадэ, Уйгуна, Міртэміра. У прадмове да зборніка Хамід Алімджан напісаў: «Тонкі знаўца прыроды і чалавечага сэрца, глыбокі мысліцель Якуб Колас, ад саміх песень якога павявае народнасцю, стаў блізкім, зразумелым і знаёмым для нашага народа. Узбекістан любіць і разам з усімі народамі нашай Радзімы глыбока паважае яго». Жонка Хаміда Алімджана ўзбекская паэтэса Зульфія пісала: «Мы любили и глубоко уважали народного поэта, который жил в Ташкенте в годы войны. Стихотворения Якуба Коласа, посвященные Узбекистану, я с увлечением переводила на узбекский язык».

З Хамідам Алімджанам і Зульфіёй у Якуба Коласа склаліся цёплыя адносіны. Яны часта сустракаліся ў Саюзе пісьменнікаў, выступалі разам на літаратурных вечарах. Аднойчы, сустрэўшы Зульфію, Якуб Колас сказаў: «Прочитав ваше стихотворение “Золотая осень”, я полюбил осень так же, как и весну». Зульфіі класік беларускай літаратуры падарыў свой фотаздымак, пра гэты момант паэтэса ўспамінала: «Как святую реликвию храню с 1943 года снимок, подписанный рукой Якуба Коласа. На меня смотрят его мудрые, печальные, ласковые глаза». А ў асабістым архіве Коласа захоўваецца фотаздымак-падарунак ад Зульфіі, на якім яна і яе сяброўкі Эдзі Агняцвет і Святлана Сомава.

Цёплыя адносіны склаліся ў Якуба Коласа з узбекскім паэтам і публіцыстам Гафурам Гулямам. Пра іх знаёмства сведчыць ліст класіка да Петруся Броўкі ад 3 снежня 1941 года: «Сяды-тады выступаю разам з іншымі пісьменнікамі. Быў на хімфаку 6/ХІ, у Доме Чырвонай Арміі, у адной з ваенных акадэмій. Учора быў вечар паэзіі. Выступалі: Э. Агняцвет, Хамід Алімджан, Гафур і яшчэ адзін узбекскі паэт…».

Старшыня беларускага культурнага цэнтра «Світанак» у Ташкенце Святлана Дудзюк сустракалася з дачкой Гафура Гуляма Алмос Гафуравай. Яна добра памятае, як яе маці называла класіка беларускай літаратуры на ўзбекскі лад Ёкуб і гатавала да яго прыходу кашу з азіяцкай фасолі (машэвую кашу), якую вельмі любіў паэт.

Гафур Гулям пераклаў на ўзбекскую мову такія вершы Якуба Коласа, як «Невядомы хлопчык», «Фашысцкаму звяр’ю» і інш. А Колас у сваю чаргу прысвяціў свайму сябру артыкул «Гафур Гулям», які выйшаў да 50-годдзя з дня нараджэння ўзбекскага паэта і ўпершыню быў надрукаваны ў літаратурна-мастацкім часопісе «Звезда Востока» ў 1953 годзе. Якуб Колас пісаў:

«Гафур Гулям!..

Эти два слова стали для меня знаменем прекрасной узбекской советской поэзии. Они всегда глубоко волнуют и вызывают целый ряд неповторимых для меня картин чудесного Ташкента, его ласковых окрестностей, ярких молодых маков, пышно расцветающих с приходом весны в степях Узбекистана.

Гафур Гулям!

С его именем в моем представлении воскресают картины великого Ташкента, самого большого города Средней Азии, его многочисленные парки и бульвары, утопающие в ароматах цветов, красных и белых роз и тысячи иных цветов, названий которых я не знаю. В поэзии Гафура Гуляма я слышу аромат родного и мне Узбекистана, который взрастил и воспитал такого замечательного поэта, каковым является Гафур Гулям.

Гафур Гулям!..

Это не только прекрасный поэт — он глубокий мудрец и философ, олицетворение мудрости и трудолюбивого, честного и мужественного узбекского народа, который я люблю так же, как люблю и свой белорусский народ…».

Аўтограф артыкула захоўваецца ў прыватным архіве нашчадкаў Якуба Коласа, фота рукапіса друкуецца ўпершыню.

Яшчэ адзін прадстаўнік узбекскай літаратуры Хамід Гулям таксама сябраваў з Якубам Коласам. Узбекскі паэт пакінуў успаміны «Мае сустрэчы» пра знаёмства з беларускім песняром: «вялікі след у маёй душы пакінула сустрэча з Якубам Коласам, з якім я пасябраваў, і наша дружба потым працягвалася да канца яго жыцця». Пазнаёміліся яны ў Ташкенце. Разам з іншымі ўзбекскімі паэтамі Хамід Гулям працаваў над перакладамі твораў Якуба Коласа да зборніка «Выбраныя вершы». Ён пераклаў на ўзбекскую мову такія вершы, як «Чырвонай арміі», «Савецкім народам» і інш.

Былі і пазнейшыя сустрэчы. Хамід Гулям успамінаў: «У студзені 1954 года я прыехаў у Мінск… Стаяла 30-градусная лютая зіма. Я не паспеў зайсці ў гасцініцу, як зазваніў тэлефон у адміністратара, нехта пытаўся пра мяне. Гэта быў Якуб Колас. Мяне тут жа павезлі да яго дамоў, у той самы дом на тэрыторыі Акадэміі навук Беларускай ССР, у якім цяпер Літаратурны музей Якуба Коласа. Тады мяне сустрэў сам Колас і яго творчы сакратар, цяпер вядомы беларускі паэт Максім Лужанін. На другім паверсе гэтага дома, у кабінеце Коласа няспешна цякла наша сяброўская гутарка… Ён успамінаў Ташкент, сваіх узбекскіх сяброў і глыбока шкадаваў аб заўчаснай смерці Хаміда Алімджана» (загінуў у аўтакатастрофе ў 1944 годзе). Апошні раз Хамід Гулям і Якуб Колас бачыліся ў Мінску ў 1954 годзе на ІІІ з’ездзе пісьменнікаў БССР.

Апошняя сустрэча Якуба Коласа і Хаміда Алімджана адбылася перад ад’ездам Якуба Коласа і яго сям’і ў Маскву. Паэт пакінуў Ташкент 1 лістапада 1943 года. Эдзі Агняцвет у сваіх успамінах пісала: «За тыдзень да ад’езду Якуб Колас з Марыяй Дзмітрыеўнай былі запрошаны на развітальны абед да Зульфіі і Хаміда Алімджана. Нашы ўзбекскія таварышы запрасілі і мяне. Гаспадары прынялі гасцей з усёй усходняй гасціннасцю і шчодрасцю. Зульфія першая падняла тост за здароўе народнага паэта і яго жонкі. Непрыкметна за сардэчнай гутаркай мінуў час. Калі мы вярталіся з абеду, Якуб Колас некалькі разоў паўтарыў: “Якія людзі, якія добрыя, цудоўныя людзі!”».

Зульфія таксама ўспамінала аб гэтай цёплай сустрэчы: «И я, и мои дети хорошо помним ноябрь 1943 года, когда Якуб Колас со своей женой, на удивление ясной и милой Марией Дмитриевной, посетил наш дом перед отъездом в Москву. За столом шла сердечная беседа... Настроение у всех было счастливым. Константин Михайлович шутил с нашими детьми Хулькар и Аманом, смеялся над их шаловливыми выдумками. Хамид Алимджан и я любовались добротой, человечностью великого поэта».

Перад ад’ездам у Маскву Колас напісаў верш «Узбекістану». Такую ідэю падкінула яму яго жонка Марыя Дзмітрыеўна. 21/Х 1943 года ў Ташкенцкім дзённіку паэта ёсць запіс: «яна падала мне думку напісаць развітальны верш Ташкенту. Пачаў пісаць. Кінуў — не выходзіць. Трэба абмеркаваць і пачаць іначай».

Прыгожай узбекскай прыродзе прысвечаны вершы Якуба Коласа «Салар» і «Чымган». У «Кнізе Ташкенцкага быція», якую пісаў Якуб Колас, 3/VIII зроблены запіс: «Хачу напісаць верш пра Салар, на беразе якога мы часта сядзелі з Марусяй вечарамі на заходзе сонца»:

Рассыпала сонца каралі,

Ірдзее ў ім пыл, нібы жар,

Шумлівыя кідае хвалі,

Прахладаю вее Салар.

Утульнай густою сцяною

Схіліліся дрэвы над ім.

Гамоніць Салар з цішынёю,

Не ведаю толькі, аб чым

З 26 жніўня па 22 верасня 1943 года каля падножжа гары Чымган, на дачы старшыні СНК Узбекістана А. Абдурахмана Якуб Колас адпачываў разам з сям’ёй:

У мантыі лёгкай з празрыстай сінечы

Узносіцца ў неба магутны Чымган.

На ім спачывае халодны туман,

І хмары кладуцца на крэпкія плечы

Прыемна, што ўзбекскі чытач мае магчымасць знаёміцца з творчасцю класіка беларускай літаратуры на роднай мове. Акрамя зборніка «Выбраныя вершы» (1942), на ўзбекскай мове выйшлі такія творы Якуба Коласа, як аповесць «Дрыгва» ў перакладзе Наіма Карымава (1962), зборнік вершаў «Голас зямлі» (1983), апавяданне «Між двух рэчак» (1966). Вершы беларускага паэта друкаваліся ў розных паэтычных збоніках. У 2019 годзе выйшаў зборнік вершаў Якуба Коласа «Родныя напевы» з новымі перакладамі твораў класіка.

Васіліна МІЦКЕВІЧ, Маліка АБІДАВА

Загаловак у газеце: Каша з азіяцкай фасолі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.