Вы тут

Уражанні ад пастаноўкі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у Купалаўскім


Да самага сэрца

Яркім і поўным эмоцый аказаўся ліпень для Купалаўскага тэатра. Нагода — апошняя прэм’ера сезона, спектакль паводле твора «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Звычайныя гледачы ў захапленні, крытыкі — на ростанях.

Пра тое, што ў Купалаўскім тэатры будзе прэм’ера паводле аднаго з маіх любімых твораў, ведала даўно і трымала, як кажуць, руку на пульсе. Нават білетаў набыла некалькі на розныя дні. Трапіла на першы паказ, калі яшчэ, звычайна, не ўсё адточана, дзе-нідзе заўважаюцца «дзіркі», якіх з кожным паказам становіцца менш. Сабраліся, здаецца, усе вядомыя творчыя людзі: пісьменнікі, перакладчыкі, выкладчыкі, журналісты. У тым ліку і з-за мяжы. І, відаць, не былі расчараваныя.

Пасля прэм’еры ў інтэрнэце пасыпаліся рэцэнзіі. Як неабыякаваму гледачу, ды яшчэ пад уражаннем, мне цікава было пачытаць, што думаюць гледачы прафесійныя наконт пастаноўкі. Уважліва прааналізаваўшы іх артыкулы, адчула расчараванне і абурэнне. Не, не ў спектаклі, бо наконт яго маю сваю думку. Наконт сутнасці напісанага.

Дзялюся, у сваю чаргу, уласнымі крытычнымі заўвагамі і ўражаннямі.

З артыкула ў артыкул пераходзяць імёны выдатных акцёраў, сцэнографаў, харэографа. Імі захапляюцца, прадракаюць зорную будучыню. У той жа час многія прафесійныя гледачы наракаюць на тое, што ў пастаноўцы няма рэжысёрскай работы. Такая заява выклікае здзіўленне. Цікава, а хто-небудзь, у тым ліку з тых жа крытыкаў, задаваўся пытаннем, хто сабраў гэтых геніяльных людзей і матываваў працаваць разам? Не думаю, што гэта лёгкая справа. Як кажуць, талент не церпіць каля сябе яшчэ адзін талент. Таму адна з вялікіх заслуг рэжысёра Алены Ганум у тым, што яна сабрала такую выдатную каманду і давяла нялёгкую справу да канца. Атрымалася ярка, стыльна. І ў самае сэрца. У прыватнасці, я была настолькі ўзрушана, што тыдзень пасля прагляду спектакля мяне не пакідала пачуццё трывогі і гордасці, згадваліся яскравыя моманты і фразы. Ведаю, дарэчы, не па чутках, як рэжысёр працавала над кожным словам тэксту, над кожнай нотай музычнага афармлення разам з кампазітарам Віктарам Кісценем, ад чаго і рэплікі, і музыка ў спектаклі бездакорныя.

Пагартаўшы напярэдадні паходу ў тэатр тэкст Яна Баршчэўскага, заўважыла падчас спектакля, што некаторыя вобразы ў ім пераасэнсаваны. Так, Агапка ў літаратурным творы— цалкам станоўчая гераіня, якая, нягледзячы на тое, што прыйшлося не па сваёй волі выйсці замуж за Карпу, нават стала прыкладам дабрачыннасці для іншых жанчын, бо не паквапілася на цмокавы грошы, а змагалася з цёмнымі сіламі з дапамогай веры ў Бога. У пастаноўцы ж Агапка ахвочая да грошай, прычым як яны дабыты, не мае для яе значэння. Праз сваю прагу да багацця яна і гіне. З дапамогай такога пераасэнсавання вобраза, відаць, зроблена абагульненне: усё больш людзі гатовы забыцца на сапраўдныя каштоўнасці дзеля грошай, прычым цяпер яшчэ больш, чым у ХІХ стагоддзі. Вось вам і пераемнасць пакаленняў… У сувязі з гэтым працытую абсалютна няслушныя словы аднаго з крытыкаў: «В спектакле днем с огнем не сыскать режиссерской интерпретации. Алена Ганум честно иллюстрирует Барщевского». Атрымліваецца, што крытык твор не чытаў? Як, урэшце, і той, хто акцэнт Белай Сарокі называе французскім.

Затое прафесійныя гледачы чамусьці вельмі хацелі адчуць страх. Цікава, які страх: ад з’яўлення ваўкалака ці за Радзіму? За Радзіму, прынамсі, адчула, як і мае спадарожнікі. А міфалагічныя вобразы — яны ж міфалагічныя!.. Кожны дасведчаны ведае. Ды і ці па страх прыходзяць у Купалаўскі тэатр? Нават на пастаноўку паводле Яна Баршчэўскага. Мэта ж не ў тым, каб напалохаць, а каб данесці важныя думкі, ідэі, прымусіць задумацца.

Асноўная думка кнігі, паводле слоў перакладчыка твора Міколы Хаўстовіча (гл. прадмову да кнігі «Ян Баршчэўскі. Выбраныя творы» выдавецтва «Кнігазбор», 1998 г.), — «Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю… край, насельніцтва якога асобны народ, які можа і павінен жыць… паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па звычаях і парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае… каб іхнія сэрцы прасякліся мужнасцю, гонарам за сваіх продкаў, што дасць ім адвагу ісці сваім, а не падказаным суседзямі шляхам». (с. 21). Такой ідэяй спектакль, уласна, і прасякнуты.

«Найбольш яскрава ідэю кнігі Я. Баршчэўскага выяўляе сімвалічны вобраз Плачкі», — чытаем далей прадмову М.  Хаўстовіча. Дарэчы, у рэцэнзіях на спектакль мне толькі мімаходзь трапілася згадванне гэтага важнага вобраза (у пастаноўцы — чатыры постаці ў белых строях), які, між іншым, увасабляе Дабро і саму Беларусь, і з яе вуснаў гучаць абагульненні, якіх так не хапала шаноўным крытыкам. Магчыма, з-за фрагментарнага знаёмства з Баршчэўскім па школьнай праграме… Таму і сканцэнтраваліся ўсе на візуальным аспекце, які найбольш зразумелы, відавочны і, безумоўна, выдатны.

Нібы з часоў Баршчэўскага: «Просты люд з прычыны свае неадукаванасці, а шляхта ды паны з-за свае неразумнасці ды палахлівасці не могуць зразумець Плачку», — вось чаму кожнаму з крытычных артыкулаў не хапае цэласнасці, завершанасці, сваіх думак, не пазычаных у калег. Вывад — трэба чытаць, і чытаць твор цалкам, самастойна. Потым глядзець пастаноўку. І ўжо тады рабіць высновы.

Пасля прачытання рэцэнзій на спектакль узнікла думка, што мы, беларусы, так і не навучыліся любіць і паважаць сваё, нават за час незалежнасці. І гэта не тое што насцярожвае — правакуе прыніжаць гэтых самых беларусаў. Так, некаторыя крытыкі заўважаюць, што сцэнограф «дастойнае ставіць у сталіцах суседніх краін». Пасля такой заявы становіцца зразумела, што ў Беларусі па-ранейшаму лічаць сваё горшым за суседняе. Пра які патрыятызм тут можа ісці гаворка? Пра якое разуменне ідэй Баршчэўскага?.. І тут якраз не лішнім будзе прыгадаць і слаўную гісторыю Беларусі, шмат гісторыі, нават разгорнутую лекцыю прачытаць, асобліва прафесійным гледачам.

«Гатычны, самотны твор Яна Баршчэўскага ператвораны ў казку са шчаслівым канцом», — піша адзін з крытыкаў. Вы лічыце, што канец шчаслівы? Тытунь, індыйскі антураж, сапраўды, на некаторы час адцягнуць увагу Шляхціца Завальні ад яго думак і намераў. А што потым?.. Фінал адкрыты.

Пагаджуся з ужо выказанай думкай, што пастаноўка «Шляхціц Завальня» — твор унікальны і безумоўны поспех — як рэжысёра, так і акцёраў, сцэнографаў, харэографа, кампазітара і ўвогуле Купалаўскага тэатра. Ад імя глядачак — выпускніц філфака БДУ выказваю шчырую падзяку за тое, што з’явілася ідэя паставіць «Шляхціца Завальню» на вялікай сцэне, за тое, што яна рэалізавана, і асобна — падтрымаць рэжысёра Алену Ганум, якая, на нашу думку, справілася са сваімі задачамі выдатна! Хто суддзі, у рэшце рэшт? Зразумела, звычайныя гледачы. А гледачы апладзіруюць і крычаць «Брава».

Вераніка БАНДАРОВІЧ


Страчаная надзея

Ян Баршчэўскі — адзін са стваральнікаў новай беларускай літаратуры. А «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» — тая невычэрпная крыніца нацыянальнай псіхалогіі і характараў, якая дазваляе спасцігаць сябе бязмежную колькасць разоў. Новая пастаноўка гэтага бессмяротнага твора ў Купалаўскім. Натоўп, разнастайны ва ўсіх сэнсах, чакае сігналу «купалінкі», каб зайсці ў залу, і абмяркоўвае, чаго чакаць ад спектакля. Каля мяне дзве дамы-сяброўкі разглядаюць праграмку: «Люся, чытай, каб ведалі, аб чым глядзець будзем». «Але тут толькі цытаты … І пра што твор?» Як бы потым ні рэфлексіравала над пастаноўкай, я ўсё звяртаюся да Люсінага пытання: дык пра што «Шляхціц Завальня» ў ХХІ стагоддзі і як мы змяніліся за гэты час?

Мінулае і сучаснасць, містыка і празаічнасць быццам сышліся ў спектаклі. Рэжысёрская пабудова п’есы Алены Ганум, якая сумяшчае ў сабе тры асноўныя стрыжні: гісторыя кахання, падзеі фантастычных апавяданняў і ўласная гісторыя-маналог галоўнага героя Яна (акцёр Іван Кушнярук), павінна была прымірыць постмадэрнісцкае прачытанне класікі і новы сэнс твора, які прыўнёс аўтар інсцэніроўкі Сяргей Кавалёў. Сам пачатак настройваў на камернасць: на сцэне з’яўляецца галоўны герой у споднім, трымаючы ў руках і прыгожы фрак, і цыліндр. Здаецца, што зараз гледача ўпусцяць ва ўласны свет і давераць сакрэт — пакажуць спод таго самага «гарнітура», які носіць Ян.

Падтрымлівае атмасферу і сцэнаграфія — чарот, што стаяў шчыльнай сцяной, апускаецца, ствараючы як бы падвоеную метафару агалення. Кацярына Шымановіч і Сяргей Ашуха выдатна пастараліся — сцэна сапраўды ператваралася то ў цёплы мурагоўскі хутар, то ў возера, хутка мяняючы лакацыі, але не губляючы атмасферы таямнічасці і лёгкі флёр прысутнасці зла. А над усім — дэкарацыі чорнага пеўня (ён, згодна з апавяданнем, знёс яйка, адкуль вылупіўся цмок і прыносіў золата свайму гаспадару) з вокам-поўняй, які ціха назірае за тым, як, здавалася б спачатку, зусім не дрэнныя героі пачынаюць ператварацца ў сквапных хціўцаў.

У спектаклі шмат больш высокапастаўленага зла — гэта і Доктар Шэльмер (акцёр Іван Трус), і яго ўладарка Белая Сарока (акцёр Аляксандр Казела) з руска-нямецкім акцэнтам. Алюзія да падзей, якія папярэднічалі 1772 году і раздзелу Рэчы Паспалітай, а таксама назва нашай краіны, якая перажыла трансфармацыі (нездарма Ян кажа свайму дзядзьку Завальні: «Назвы краіны мяняюцца, дзядзечка, але нам не будзе сорамна за нашу гісторыю») — тое галоўнае, што, верагодна, хацеў данесці аўтар інсцэніроўкі. Нездарма Белая Сарока не проста жадае далучыць беларускія землі да сваёй дзяржавы, але яшчэ і шукае скарбы Вялікага Княства Літоўскага… Але гэтае галоўнае, як бы цудоўна ні ўвасаблялі свае ролі Аляксандр Казела і Іван Трус, патанула ў лініі кахання герояў Яна і Амеліі. А падзеі любоўнага трохвугольніка схавалі за сабою інтрыгу таго, ці стане Белая Сарока ўладаркай на нашай зямлі. Такое адчуванне, што рэжысёрскія лініі ішлі паралельна, а калі перасякліся, то ліквідавалі адна адну. Інтрыга на інтрыгу, некалькі добрых герояў на некалькі злых… І што засталося? Застаўся чорны певень на сцэне. І паколькі дэкарацыі не размаўляюць, нават маўклівы, ён уразіў мяне чамусьці больш, чым падзеі на сцэне. Вялікае зло — гэта пафасна, пра такія постаці пішуць кнігі, абмяркоўваюць праз стагоддзі, робяць алюзіі на іх учынкі ў спектаклях. Маленькае ж зло маўклівае, і яно заўсёды побач. Агапка, што так марыла пра багацце, нарэшце дачакалася вылуплення доўгачаканага цмока з яйка, якое па маштабе памерам амаль з гераіню на сцэне. І гэта не яно такое вялікае. Гэта душа Агапкі такая дробязная. Але Цмок-Малойца паглынае сваю гаспадыню. Метафара цудоўная і магла стаць кульмінацыяй, але згубілася ў іншых сюжэтных хітраспляценнях. Так, чорны певень выпускае сотні маленькіх чорных яек, якія падаюць з неба і коцяцца да новых сваіх уладальнікаў. Зноў ратуе сцэнаграфія. І музыка Віктара Кісценя — перадае той няўлоўны подых мінуўшчыны (які ёсць у творы Яна Баршчэўскага), перасцярогі сучаснікам (што стварыў Сяргей Кавалёў), тое, што не атрымалася ўвасобіць на сцэне.

Сам жа Шляхціц Завальня застаўся як бы за бортам усіх сюжэтных ліній, але не таму, што акцёр Мікалай Кучыц іграе дрэнна, — іграе вельмі добра. Але каго? Старога чалавека, які парыць ногі, успамінае вялікую мінуўшчыну, слухае казкі, курыць індыйскі тытунь… Ён не супрацьпастаўлены злым сілам, у ім няма нескаронага духу свабадалюбнай шляхты, гэтага нехлямяжнага старога нават шкада. Такія героі не перамагаюць у жыцці, а ціха сыходзяць у нябыт, тузаючы старыя гісторыі да дзір, бо новых ужо не будзе. Вельмі шкада, калі так рэжысёр бачыць Шляхціца Завальню ХХІ стагоддзя.

«Шляхціц Завальня» — твор, які ўспрымаеш вельмі асабіста, хочаш таго ці не. І ў пастаноўцы чакала нешта такое, што дапаможа зразумець новую «Беларусь у фантастычных апавяданнях». Шчыра — не знайшла. Намёк на камернасць, які агучваўся на пачатку, абмежаваўся дэкарацыяй чарота, які то паднімаўся, то апускаўся. А цудоўная ігра акцёраў, як і заўсёды ў Купалаўскім тэатры, згубілася ў размытай рэжысёрскай канцэпцыі і безнадзейна зацямнілася добрай сцэнаграфіяй і аўдыёрадам.

Ганна ВАРОНКА

Загаловак у газеце: У захапленні ці на ростанях?

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.