Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Парасоны над сталіцай

Ці варта сумаваць, калі лета не радуе цеплынёй і падаецца, што дажджавыя хмары назусім паглынулі сонца? А, можа, лепш, чым маркоціцца з-за таго, што нельга змяніць, паспрабаваць знайсці ў гэтай сітуацыі хоць нешта добрае? Альбо хаця б паставіцца да яе з іроніяй, як прапануе Фёдар Гурыновіч, чыя паэтычная падборка «Прасветлы заклён» адкрывае ліпеньскае «Полымя». Верш «Парасон» поўны нечаканых параўнанняў і цікавых вобразаў. Лірычны герой — надзвычай мудры, каб не псаваць настрой з-за драбязы і ўсміхацца з часовых нязручнасцей:

Сёння горад — што святліца.

Дождж змывае пыл з вітрын.

Парасонаў над сталіцай —

Як над шхунаю вятрыл.

…Мокне чэхаўская дама

Курапаткаю ў аўсе —

Над балонкаю аддана

Парасонік свой нясе.

Пачуццямі любові да жыцця, замілаваннем яго праяўленнямі, а таксама горкім сумам па страчаным і незваротным дзеліцца аўтар на старонках выдання. Незацяганыя вобразы, арыгінальныя думкі — тое, што робіць чытанне лірыкі Фёдара Гурыновіча прыемным заняткам.

З «дажджлівага» верша («Летні лівень») пачынаецца і падборка Вольгі Шпакевіч «Кропляй мёду ў душу». Ад разважанняў аб прыродзе паэтэса пераходзіць на філасофскія абагульненні: «…Суцяшэннем лагода прыходзіць / Пасля грому і ліўню ў жыцці».

Творы паэтэсы не пазбаўлены свежых арыгінальных думак, яркіх вобразаў: «Дождж карункамі празрыстымі / Паднядзеліў шкло машын, / І з крыштальнымі маністамі / Сталі дрэвы ўздоўж шашы».

Але для невялікай падборкі, верагодна, залішняя канцэнтрацыя такіх шматужывальных у паэзіі паняццяў, як «душа» (4 разы), «сэрца» (2 разы) і «сон» (2 разы). Можа, варта паспрабаваць сказаць тое ж самае іншымі словамі?

Заслугоўвае ўвагі і лірыка Івана Карэнды («Я пры сустрэчы Госпаду скажу…») ды Станіслава Валодзькі («Зёлкі радзімы»).

Прозу, прадстаўленую ў выданні, можна ўмоўна падзяліць на вясковую і невясковую. Да першай адносяцца аповесць-быль Уладзіміра Бабкова «Засталася толькі памяць» і два апавяданні Івана Капыловіча. Абодва аўтары выбралі чыста апісальную манеру: тое, што адбывалася на іх вачах, чаму яны былі сведкамі, пададзена як хроніка, без глыбокага аналізу, без высноў і абагульненняў. Пісьменнікі нібыта імкнуліся захаваць дакладны злепак таго часу, падзей, сялянскага каларыту, каштоўнасць якога — менавіта ў «вясковасці». Так, гераіня Уладзіміра Бабкова — юная, але ўжо вядомая актрыса кіно Наташа — трапляе на лета ў вёску, і ўсе жыхары імкнуцца паказаць, на што яны здольныя, дэманструюць лепшыя свае якасці і ў працы, і ў адпачынку: ладзяць канцэрты, абрадавыя святы. Вучаць і яе абыходзіцца са свойскай жывёлай, упраўляцца па гаспадарцы. Наташа — цалкам станоўчая, чулая і здольная, прыдатная не толькі для шырокага экрана, але і для дапамогі. Сама таго не жадаючы, яна прыносіць у тое асяроддзе гора. Ніхто быццам і не вінаваты, але які тады ва ўсім сэнс?..

На адным дыханні чытаюцца апавяданні пра чалавечыя стасункі, адносіны паміж блізкімі — творы Юлі Арцёмавай (у перакладзе з рускай мовы на беларускую Лены Ян і Юліі Алейчанкі) і Уладзіміра Мажылоўскага «Прадчуванне».

Абодва аўтары праявілі сябе майстрамі заінтрыгаваць, трымаць у напружанні з першага да апошняга сказа і ў выніку моцна здзівіць. Чытаючы апавяданне Юлі Арцёмавай «Каробка з алоўкамі», дзе апісваецца дзяцінства дзвюх сясцёр, бліжэй да завяршэння ловіш сябе на думцы: які ж тут адчай, калі ўсё так бязвоблачна, бесклапотна (агульная назва некалькіх невялікіх аповедаў — «Колеры адчаю»)? І толькі ў апошнім сказе раскрываецца таямніца: «Я дагнала сястру — ёй цяпер заўсёды будзе дваццаць восем…»

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з сучаснай украінскай паэзіяй. Творы Вікторыі Шэвель, Наталлі Дзіціняк, Ірыны Сажынскай і Аляксандра Казінца перастварылі па-беларуску Юлія Алейчанка і Мікола Адам.

Яна БУДОВІЧ


Будзе ўсё!

Проза ліпеньскага «Нёмана» прывечана тэме чалавека на вайне, якому трэба было не проста выжыць — ён марыў знайсці сябе і ў звычайным жыцці, што ў нейкай ступені складана зразумець сучасніку. Да герояў твораў незнарок пачынаеш ставіцца інакш, калі ведаеш: у аснове — рэальныя гісторыі.

Дакументальная аповесць «Каўказская пара» (аўтар Валерый Алешка) не выкліча асаблівай цікавасці ў тых, хто чакае напружанага сюжэта ці незвычайнай гісторыі. Гэта аповесць пра сапёраў, якая можа захапіць чытача, знаёмага з ваеннай справай. Без асаблівых уводзінаў аўтар «закідвае» нас у іншую рэчаіснасць — і ў гэтым яму дапамагае спецыфічная лексіка. Да таго ж увесь твор характарызуецца ўрыўкавасцю, недахопамі ў пабудове сюжэта. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што «Нёман» надрукаваў часопісны варыянт цэлай кнігі — «Майстравыя вайны».

У нарысе Раісы Дзейкун «“Нябесны ціхаход” са станцыі Хойнікі» ў адрозненне ад папярэдняга твора падаецца перадгісторыя, ды і аповед больш блізкі да ўспрымання звычайнага чытача: тут удзяляецца больш увагі не гераізацыі, а асобе і на вайне, і пасля яе. Цікавы твор і тым, што расказвае адразу пра двух герояў — лётчыка з Палесся Мікалая Лаўшука і самалёт У-2, асаблівы цуд савецкай авіяцыі.

Найбольш каштоўнымі ў нумары падаюцца невялічкія апавяданні пад агульнай назвай «Вызваленне»: успаміны пісьменнікаў пра Дзень вызвалення іх горада, пасёлка ці вёскі. У той час Алег Ждан, Мікола Гіль, Марыя Шакун, Фёдар Саевіч, Уладзімір Гніламёдаў былі яшчэ зусім дзецьмі: іх успаміны месцамі яскравыя, месцамі туманныя, але кожны падкупляе непадробнасцю. Так, Мікола Гіль, якому ў 1944 годзе ішоў толькі восьмы год, успамінае пра спадзяванні на будучае жыццё, калі сям’я пакіне лес: «Як жа ўсе чакалі нашых! Чакалі так, як, напэўна, нікога і ніколі на свеце. Асабліва мы, дзеці. Божа, няхай толькі прыйдуць нашы! Мы не ведалі, што будзе канкрэтна, але былі ўпэўненыя: будзе ўсё! Будзе многа-многа хлеба, столькі, што пачнеш есці і ніколі не з’ясі; будуць у мяне штаны — чамусьці абавязкова сінія, з кішэнямі і рамнём; будуць чаравікі — скураныя, чорныя, бліскучыя, са шнуркамі; будзе сцізорык — з двума лёзамі…»

Нізка вершаў «Але сэрца помніць…» Георгія Кісялёва — гэта своеасаблівыя згадкі пра складаныя, але шчаслівыя часы: перыяд дзяцінства і 60-я гады мінулага стагоддзя. Калі творы пра дзяцінства не патрабуюць тлумачэння, то 60-я ва ўспамінах аўтара — не проста маладосць, а перыяд росквіту паэтычных магчымасцей: «Я остался там, в шестидесятых. / Я душой тех лет не превозмог, / Где поэтов роты и десанты / Брали стадионы силой строк». Увогуле, усе творы падборкі пранізаны высокім пафасам, што не заўсёды на карысць страфе: «Всем, кто у чиновного корыта / Поучали нас, как жить умно / И клеймить культ личности открыто, / Было из Кремля разрешено». Удала выдзяляецца з падборкі верш «Страх падумаць», найбольш шчыры і смелы па сваёй задуме.

Уся падборка «Над морам скрапнёвым…» Ганны-Марыі Сітнікавай прасякнута зусім іншым, чым у вершах Георгія Кісялёва, гульнявым настроем, які счытваецца перш-наперш дзякуючы вобразам: тут і божая кароўка, і матылькі, дзьмухаўцы-парашуты, яблычкі, павуцінкі, верабейкі... Але такія сімвалы не перашкаджаюць паэтэсе звяртацца да сур’ёзных тэм, утвараючы даволі моцны дысананс, бо на ўзроўні ідэі гэта — вершы пра жыццё і смерць.

Уключана ў паэтычную частку нумара і падборка вершаў Мар’яна Дуксы, які сёлета пайшоў з жыцця. Настрой нізкі «Цудоўны храм жывога слова» (пераклад Генадзя Аўласенкі) даволі песімістычны, а тэма справядлівасці і няпраўды ключавая: «Ведь жизнь — как огромный людской стадион, / где каждый как может свой бег завершает, / и всё же на лавры надеется он…»

Яўгенія ШЫЦЬКА


Крочыць за таямніцамі

Прозу гэтага нумара склалі творы ўдзельнікаў літаратурнага клуба «Катарсіс» Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Макара Пашкевіча і Мікіты Валько. Гэта менавіта той выпадак, калі захапленні юнакоў (ім па 20) пераўтвараюцца ў мастацкія творы, вартыя ўвагі чытача «Маладосці».

Апавяданне Макара Пашкевіча «Крыяўдых», прысвечанае з’яве крыёнікі, носіць гуманістычны кірунак. Такі выбар тэмы цалкам лагічны, улічваючы, што аўтар — студэнт медуніверсітэта, які захапляецца фантастыкай і фэнтэзі, а ў ліку яго любімых аўтараў — Говард Лаўкрафт, Клайв Баркер, Міхаіл Булгакаў, Стывен Кінг… «Крыяўдых» займае толькі некалькі старонак, але закладзеная ў аснову ідэя здольна надоўга затрымаць на сабе ўвагу і, безумоўна, стаць прадметам працяглай дыскусіі. Вартасць спробы Макара Пашкевіча не толькі ў філасофскіх роздумах, якія, несумненна, узнікнуць і ў чытача, але і ў поглядзе чалавека, які звязаў сваё жыццё з медыцынай, хоць яшчэ знаходзіцца на пачатку шляху. Тое, што больш за астатняе цікавіць аўтара ў гэтай тэме, якая сёння хутчэй дазваляе толькі нешта прагназаваць, — гэта не праблема ажыццяўлення эксперымента, а будучыня светаўладкавання ў выпадку поспеху, які хутчэй за ўсё прывядзе да абясцэньвання чалавечага жыцця.

Наадварот, мінулае (у прыватнасці класічная літаратура і гісторыя навук) хвалюе другога аўтара, які выступіў з апавяданнем «Хеніг Брант. Не ўсё тое золата, што блішчыць». Твор пераносіць у Германію пасля Трыццацігадовай вайны, калі мэтай тагачасных навукоўцаў было стварэнне лекаў ад усіх хвароб і золата з падручных матэрыялаў, а таксама філасофскага каменя, які аб’ядноўваў бы ў сабе ўласцівасці дзвюх папярэдніх знаходак. Аднойчы галоўнаму герою, па-сапраўднаму зачараванаму толькі золатам, прымроіўся бляск, які, па меркаванні алхіміка, сыходзіў ад адной вадкасці… Неўзабаве хтосьці даведваецца пра гісторыю адкрыцця фосфара Хенігам Брантам, які ўсё жыццё прысвяціў гэтым пошукам і атрымаў увекавечанне імя ў гісторыі.

У адрозненне ад кампазіцыйна і ідэйна традыцыйнай прозы нумара, паэтычная частка больш бунтарская. У падборцы Дашы Бялькевіч (якая, дарэчы, рыхтуе сваю першую кнігу паэзіі) «Я проста чытаю тут вершы» адчуваецца моц і ўпэўненасць. Настраёва — гэта смутак, ціхі і сур’ёзны, які, адчуваецца, ніколі не выльецца ў нецікавую істэрыку ці нудныя галашэнні. Гэта пацвярджае і верш «Проста», які адлюстроўвае адносіны да сябе, да чытача і да паэзіі ўвогуле: «“Я проста чытаю тут вершы” — гучыць як сарамлівае апраўданне, / Прызнанне ў чымсьці кепскім. / Што можа быць горш? / Хіба што: / “Я проста спяваю тут песні”». Уражваюць і смеласць метафар, і іх дарэчнасць, нават у нейкім сэнсе аргументаванасць, з якімі Даша Бялькевіч звяртаецца да чытача ў паэтычных спробах. Яе вершы дазваляюць не тануць у пошуках нейкіх вечных і часам ужо збітых сімвалаў і метафар, як гэта часта бывае:

Не пішу пра каханне:

Яно — мярцвяк,

 Пра яго альбо добра,

Альбо ніяк.

«Рэха мірганняў» Ганны Шакель было створана нібыта для прамовы ўголас — гэта сапраўдная асалода ад гукапісу. Вершы даволі складаныя для ўспрымання з-за адсутнасці сюжэтаў і насычанасці тропамі. Але за лірычнай гераіняй хочацца крочыць, каб спазнаць яшчэ больш таямніц, да якіх гэтым разам, магчыма, не дайшла чарга.

Бэз!

Шапчы шыбам вершы

чацвёравуснымі ратамі,

калышы шыбы

пяшчотнай калыханкай.

Ліловымі вочкамі

заплюшчы вокны мае,

і буду спаць

пачышчанай рыбай,

бы перламутравую луску

прадаўшы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.