Вы тут

У чым асаблівасці збору лішкаў малака ў Бабруйскім раёне


На фоне таго, як імкліва сельскае насельніцтва пазбаўляецца ад буйной рагатай жывёлы, Бабруйскі раён сапраўды можна лічыць самым малочным у Магілёўскай вобласці. Тут яшчэ хапае жыхароў, якія трымаюць кароў і рэальна падпрацоўваюць на лішках малака. Штомесячна яны здаюць дзяржаве больш за 202 тысячы тон карыснага прадукту.


Ад шасці рублёў за вядро

Віктар Фісько вядзе прыём малака ў насельніцтва.

За рабочы дзень прадпрымальнік Віктар ФІСЬКО «накручвае» на сваім аўто 370 «малочных» кіламетраў. Прычым усе сем дзён на тыдзень — карова ж «працуе» без выхадных. Устае Віктар а палове чацвёртай і ўжо праз паўгадзіны даязджае да першага кліента. З напарнікам абслугоўваюць Глускі і Бабруйскі раёны. А здаюць прадукт філіялу ААТ «Бабуліна крынка», што ў Асіповічах.

— За дзень паспяваю наведаць 17 населеных пунктаў, — удакладняе суразмоўца. —Аб'ёмы ўсюды розныя, у адных вёсках забіраю 50-100 літраў, у іншых 400-600. Хтосьці трымае адну карову, а хтосьці пяць. Адна карова ў сярэднім дае 12-15 літраў.

На 20 жніўня малако каштавала 50 капеек за літр. Гэта прыблізна шэсць рублёў за вядро малака. Разлік з чалавекам, удакладняе прадпрымальнік, кожныя 10 дзён. Вядома, насельніцтва не вельмі задаволена цаной, але зразумець людзей можна. Крыўдна, што карысны натуральны прадукт каштуе танней, чым газаваная вада. Ваду ўзяў ды разліў па бутэльках, а карову яшчэ накарміць трэба і дагледзець. Але ж ад зборшчыка малака тут нічога не залежыць.

Людзі, каб атрымаць больш грошай, бывае, ідуць на хітрыкі. Напрыклад, разбаўляюць малако вадой. Але Віктар — чалавек вопытны і такія спробы адразу ж спыняе. Якасць вызначае як візуальна, так і з дапамогай спецыяльнага прыбора, які паказвае тлустасць прадукту, а таксама сігналізуе, калі ў малацэ прысутнічае вада.

— За дзевяць гадоў работы я ўжо і без прыбора навучыўся выяўляць, якой тлустасці малако, — усміхаецца мужчына. — Дарэчы, калі тлустасць добрая, яшчэ і надбаўка ідзе. Напрыклад, калі чалавек здаў 100 літраў малака тлустасцю больш за 3,7 %, атрымлівае грошы як за 130 літраў.

Суразмоўнік з сумам у голасе адзначае, што колькасць малака ад насельніцтва паступова скарачаецца. Яшчэ летась ён вазіў на прыёмны пункт 3,5 тоны малака, а сёлета ў сярэднім 2,9 тоны. Для параўнання: дзевяць гадоў таму лічба была 3,8 тоны.

Сямейная справа

Малако — гэта золата, лічыць жыхарка вёскі Восава Гарбацэвіцкага сельсавета Ганна ЗАНКЕВІЧ. Яе гаспадарка лічыцца сялянска-фермерскай — сям'я трымае аж 22 каровы.

— Кожны дзень здаём па 150-200 літраў малака, — кажа фермер. — Нам вельмі зручна. Падаілі кароў, выставілі баклагі на спецыяльныя сталы, паперкі паклалі і займаемся сваімі справамі. А зборшчык прыехаў і ўсё забраў. 50 капеек за літр — гэта няшмат, але зімой даюць датацыі — надбаўку за кожны літр малака. Так, як і ў калгасах.

Фермерскі стаж у Ганны Васілеўны і яе мужа 30 гадоў. Была справа, і свіннямі займаліся, але сапраўдны прыбытак прыносіць толькі малако, запэўнівае жанчына.

— Гэта адзіны прадукт, на які попыт не падае, — кажа яна. — Маладняк прадаём насельніцтву. Бычкоў пускаем на мяса, а цёлак хоць і рэдка, але ж купляюць, каб вырасціць кароўку.

Бізнес у Занкевічаў сямейны, бацькам дапамагаюць дачка і яе дарослы сын. Плюс адзін памочнік збоку, які працуе на паўстаўкі.

— У нас забяспечаная гаспадарка, сена рукамі не збіраем, — усміхаецца жанчына. — Толькі адзін трактар з чатырох і прэс па лізінгу купілі, астатняе ўсё набылі за жывыя грошы. Сваімі сіламі, без крэдытаў, пабудавалі склады, гараж, ферму. Іншыя ўкладваюць грошы ў кватэры, нерухомасць, а мы вырашылі: калі гэта наша рабочае месца, трэба забяспечыць яго ўсім неабходным. Дом у нас таксама ёсць, але не нейкі там палац двухпавярховы, а вялікая сялянская хата.

Кароў, дарэчы, Занкевічы таксама нідзе не куплялі — вырасцілі самастойна. І цяпер плануюць павялічыць статак да 30 жывёл.

— І на дарослых кароў, і на маладняк нашых нарыхтовак хопіць, — разважае Ганна Васілеўна. — Цяпер калгасы насельніцтва збожжам не забяспечваюць, а мы яго прадаём. Каму для курэй трэба, каму для парсючка. Ахвотных трымаць кароў, на жаль, усё менш. Старым працаваць ужо цяжка, а моладзь прывыкла купляць усё ў крамах. Хаця карова спрадвеку лічылася ў сям'і карміцелькай. Калісьці ў нашым Восаве статак быў 150 галоў, а цяпер засталося, напэўна, кароў 30.

Размаўляю з Ганнай Васілеўнай, і нават сорамна становіцца і за сябе, і за іншых. Як часта нам чагосьці не хапае, чымсьці мы пакрыўджаны, на нешта скардзімся... А вось чалавек жыве сабе, працуе і вельмі шчаслівы. Пра працалюбных Занкевічаў нават тэлеперадачу знялі. Хоць формула іх поспеху вельмі простая — не лянуйся, працуй! Ганна Васілеўна сваіх дзяцей з дзяцінства гэтаму вучыла. А цяпер прыдумала падушку бяспекі для сваіх нашчадкаў.

— Неяк з унукам ездзілі на выстаўку і звярнулі ўвагу на невялічкую малакаперапрацоўчую ўстаноўку, — расказвае яна. — Я ўнуку кажу: грошы беражы, калі раптоўна малако ад насельніцкіх кароў стане незапатрабавана на прадпрыемствах, можна будзе зрабіць сваю міні-вытворчасць. Ліцэнзія на гэта сёння не патрэбна. Разлівай малако ў пакеты і вазі па вёсках, прапаноўвай. І не прападзеш.

Сельсавет збірае малако

Галіна Міхалёнак займаецца зборам малака ў Варатынскім сельсавеце ўжо восем гадоў.

Дарэчы, гэта нядрэнны спосаб папоўніць невялікі вясковы бюджэт. У Бабруйскім раёне на зборы малака ад насельніцтва падзарабляюць два сельсаветы з адзінаццаці — Кавалёўскі і Варатынскі. Апошні гэтым займаецца ўжо больш за 10 гадоў.

— У нас распрацавана тры малочныя маршруты і, адпаведна, працуюць тры малаказборшчыкі плюс бухгалтар-лабарант, які вызначае якасць малака, — кажа старшыня Варатынскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір ВЯРОЎКІН. — Дарэчы, з трох малаказборшчыкаў дзве жанчыны. Тая ж Галіна Міхалёнак займаецца гэтай справай ужо восем гадоў. Для збору малака ў нас ёсць усё неабходнае — коні, вупражы, баклагі. На тэрыторыі сельсавета 16 населеных пунктаў, усе іх і ахопліваем. За дзень адзін малаказборшчык праязджае 14—16 кіламетраў. Яго задача — паспець вярнуцца да прыбыцця малакавоза ад гармалзавода. Мы наогул вельмі адказна падыходзім да выканання ўсіх патрабаванняў з боку перапрацоўшчыка. Усе неабходныя параметры — тлустасць, шчыльнасць, наяўнасць у малацэ нейкіх недапушчальных прымесяў — пад кантролем нашага бухгалтара-лабаранта Тамары Стэльмак. Яна вельмі скрупулёзны работнік. Жорсткія патрабаванні прад'яўляюцца да тэмпературы самога малака — яна павінна быць максімум плюс 9 градусаў. Людзі ўсе папярэджаны, каб не крыўдзіліся, калі з-за гэтага малако вернуць. Перапрацоўшчыка таксама зразумець можна. Калі цёплае, толькі што выдаенае малако змешваецца з ахалоджаным, пачынаецца працэс скісання. Каму гэта трэба?

На тэрыторыі сельсавета сёння налічваецца 87 кароў. Дарэчы, старшыня таксама трымае дзве каровы.

— Тры літры ў дзень з'ядаем, астатняе здаём, — кажа ён. — Карова — гэта прыбыткова, праблемы могуць быць толькі з нарыхтоўкай кармоў для яе. Без сродкаў механізацыі зрабіць гэта цяжка. Калі б гаспадаркі рэгулярна і больш актыўна дапамагалі, здаецца, людзей, якія трымалі б кароў, было б больш. І малака, якое б здавалі дзяржаве, таксама.

Збіраць малако ў насельніцтва, канешне, клапатліва, але ж трэба падтрымліваць жыхароў, лічаць у сельвыканкаме.

— Плюс чатыры рабочыя месцы для малаказборшчыкаў і бухгалтара-лабаранта, — адзначае Уладзімір Вяроўкін. — Ды і прыбытак хоць невялікі, але ж ёсць. Пасля выплаты дзяржаве падаткаў, а насельніцтву за малако застаецца пэўная сума, якой хапае на нейкія вельмі неабходныя ў гаспадарцы дробязі. Тое ж абсталяванне для лабаранта мы з гэтых жа грошай куплялі. А яшчэ крыху дапамагаем нашаму дзіцячаму садку, ды і ў школу з пустымі рукамі не ходзім.

Людміла Крычко, старшыня Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў:

— Уласныя падсобныя гаспадаркі — гэта перш за ўсё самазанятасць насельніцтва. Малако дае пэўны заробак, і людзі атрымліваюць свае грошы без затрымак. Гэта асабліва важна для жыхароў аддаленых вёсак, дзе з работай складанасці. Мы за тое, каб насельніцтва займалася такой работай. Гэта дае людзям магчымасць не толькі папраўляць сваё матэрыяльнае становішча, але і выхоўваць цікавасць да працы на зямлі ў сваіх нашчадкаў. Магчыма, нехта з іх пажадае прысвяціць сябе менавіта такой дзейнасці.

Што датычыцца работы зборшчыкаў і разлікаў з насельніцтвам, то тут наогул ніякіх праблем. Усяго на тэрыторыі раёна збор малака ў насельніцтва ажыццяўляюць тры прадпрымальнікі і два сельсаветы. І кожны робіць гэта вельмі сумленна і адказна. А выпадкаў, калі вяртаюць малако здатчыку, практычна не бывае. Людзі самі разумеюць, што трэба ўважліва адносіцца да патрабаванняў па якасці. Я другі год узначальваю райсавет, і яшчэ ніводнай скаргі па малаку не паступала. Акрамя, канешне, пажадання падняць закупачныя цэны на яго.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Віктара ФІСЬКО і Тамары СТЭЛЬМАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.