Вы тут

Чым быў адметны першы дзень спаборніцтваў Еўропа — ЗША


Учора позна вечарам завяршылася двухдзённая матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы Еўропа — ЗША. Пра яе канчатковыя вынікі мы паведамім заўтра. А пакуль — пра тое, чым быў адметны першы дзень.


Таццяна Халадовіч.

У панядзелак прайшлі спаборніцтвы ў 18 відах праграмы. Пасля яго наперадзе былі еўрапейскія спартсмены, якія набралі 328 ачкоў, у актыве амерыканцаў 312 заліковых балаў.

Сярод нашых спартсменаў пераможцам спаборніцтваў па скачках у вышыню з найлепшым вынікам сезона стаў Максім Недасекаў. Наш спартсмен пераадолеў планку на вышыні 2 м 35 см. Беларус спрабаваў скокнуць яшчэ вышэй, але 2 м 37 см узяць не змог.

— Матч Еўропа — ЗША арганізаваны на самым высокім узроўні. Да яго я падышоў у добрым эмацыянальным стане. Скокнуў 2,33 і вырашыў: чаму б не паспрабаваць 2,35. Атрымалася, — адзначыў Недасекаў. — Такія матчы аб'ядноўваюць людзей з розных краін. Выдатна адчуваць падтрымку і перажыванні балельшчыкаў.

Беларуска Таццяна Халадовіч заняла другое месца ў спаборніцтвах па кіданні кап'я. Яе вынік — 64 м 41 см, пераможцай стала амерыканка Кара Уінгер, якая ў апошняй спробе кінула кап'ё на 64 м 63 см.

— Нам былі створаны выдатныя ўмовы для трэніровак, якія адпавядаюць самым высокім стандартам, — сказала беларуская спартсменка. Таксама яна адзначыла ўзрушальную атмасферу на стадыёне «Дынама». Падтрымаць беларуску падчас выступлення на гістарычны матч у Мінск прыехалі родныя, блізкія і сябры. Таццяна Халадовіч падкрэсліла, што ў яе атрымалася не ўсё задуманае і яна разлічвае выйсці на пік формы да чэмпіянату свету ў горадзе Доха.

Максім Недасекаў.

Кажуць удзельнікі

Дарэл Хіл (ЗША):

— Я шчаслівы прыехаць у Беларусь і быць часткай прыгожага спартыўнага свята. Удзячны, што Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі змагла арганізаваць такую вялікую падзею. Усё цудоўна: на стадыёне выдатная атмасфера, заўзятары вельмі паважліва ставяцца да спартсменаў абедзвюх камандаў, і гэта выдатна. Рады, што, як і абяцаў, адправіў ядро за адзнаку 22 м, паказаўшы свой найлепшы вынік у гэтым сезоне і пацешыўшы гледачоў.

Павел Файдэк (Польшча):

— Правядзенне матчавай сустрэчы Еўропа — ЗША ў Мінску — выдатная ідэя. Тут вельмі добрая атмасфера, на трыбунах шмат балельшчыкаў, якія не шкадуючы сіл падтрымліваюць спартсменаў. Гэта адны з самых лепшых спаборніцтваў, у якіх я ўдзельнічаў за сваю кар'еру. Усе службы працуюць дакладна, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Вельмі добрая ідэя, якая напэўна знойдзе працяг.

Вадэлайн Джонатас (ЗША):

— Стадыён «Дынама» ўтрымлівае ўсё неабходнае для добрага выступлення спартсменаў на лёгкаатлетычным матчы Еўропа — ЗША. Я рада таму, як прабегла гэтую гонку, думала толькі пра перамогу. Матч арганізаваны на самым высокім узроўні. Адчуваецца, што праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы. Нельга не адзначыць зручны і прыгожы стадыён, на якім ёсць усё неабходнае для паспяховага выступлення спартсменаў.

Учора спартсмены завяршылі выступленне на лёгкаатлетычным матчы Еўропа — ЗША на стадыёне «Дынама». Выступленні прайшлі яшчэ ў 19 відах праграмы.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.