Вы тут

Як выплаціць «няправільны» крэдыт?


Вядома, са з'яўленнем на нашым рынку крэдытавання жыццё стала значна прасцей. Можна не чакаць зарплаты, каб купіць жаданую рэч, і не адкладаць гадамі на адпачынак. Але часцяком з-за няправільных разлікаў крэдыт становіцца цяжкай ношай, пазбавіцца ад якой няпроста.


Чым пагражае нявыплата доўгу?

У выпадку пратэрміновак плацяжоў кліенту можа быць налічана няўстойка, пеня, выстаўлена патрабаванне вярнуць усю суму доўгу аднаразова. Другое — надыходзіць маёмасная адказнасць. Яна выяўляецца ў канфіскацыі закладной маёмасці паводле дагавора (такой, як аўтамабіль, банкаўскія рахункі і іншая маёмасць). Нарэшце, у залежнасці ад сумы доўгу пазычальніку могуць пагражаць пазбаўленне волі або прымусовыя работы па рашэнні суда. Але, як правіла, банкі выкарыстоўваюць для вяртання доўгу менавіта фінансавыя рычагі. Адным з такіх інструментаў з'яўляецца рэструктурызацыя крэдыту. А пакуль вось некалькі парад, як бязбольна і хутка пазбавіцца ад надакучлівых запазычанасцяў.

Не бярыце новых крэдытаў

Так: як бы парадаксальна гэтая фраза ні гучала, менавіта новыя пазыкі не даюць магчымасці расплаціцца па старых даўгах. Чалавек трапляе ў своеасаблівую фінансавую пастку: для аплаты запазычанасці ён вымушаны здымаць грошы з карткі, адкрываць дагаворы ў іншых банках. І выбрацца з гэтага замкнёнага кола сапраўды складана.

Менавіта таму важна пры падпісанні дагавора дакладна вызначыць для сябе, якую долю з агульнага даходу сям'і можна свабодна аддаваць у кошт аплаты крэдыту. Калі выйсці за гэтую мяжу, запазычанасць пачне нарастаць, нібы снежны ком. Вазьміце аркуш паперы і падрабязна распішыце свой доўг і перыяд, за які гэтую суму можна пагасіць, не звяртаючыся да новых крэдытаў.

Павялічце штомесячны плацеж

На першы погляд, гэта зрабіць няпроста. Але паспрабуйце разлічыць, якую суму вы сэканоміце на аплаце працэнтаў, калі датэрмінова пагасіце абавязак. Калі ёсць магчымасць падключыць дадатковыя крыніцы для закрыцця доўгу — выкарыстоўвайце ўсё, што даступна.

Каб маштабна ацаніць пераплату па дамове, адразу глядзіце на гадавую суму. Бо ў асноўным менеджары ў банках пры афармленні крэдыту спецыяльна разбіваюць агульны доўг па месяцах. Гэта маркетынгавы ход, які дазваляе выклікаць прыхільнасць кліента. Пры гэтым сума крэдыту агучваецца адразу. Такім чынам у пазычальніка фарміруецца ўражанне, што пераплата па крэдыце нязначная, а значыць, можна не спяшацца.

Перш чым падлічыць суму для павелічэння штомесячнага плацяжу, звярніцеся да работніка банка. Неабходна высветліць, як адбываецца датэрміновае пагашэнне: ці няма схаваных камісій і штрафаў за такое пагашэнне, ці трэба пісаць заяву і ў які дзень месяца можна ажыццяўляць аплату. Усе гэтыя фактары могуць істотна паўплываць на фарміраванне канчатковай сумы. Часта ў дагаворы прысутнічаюць схаваныя плацяжы і санкцыі за датэрміновае поўнае або частковае пагашэнне доўгу. Банку нявыгадна, каб кліент раней закрываў крэдытны рахунак, таму многія ідуць на ўсялякія хітрыкі, каб не дапусціць гэтага.

Знайсці дадатковую крыніцу даходу

У ідэале гэта можа быць пастаянная падпрацоўка. Але, можа, вам хопіць некалькіх дадатковых змен, часовага сезоннага заробку, разавага праекта або нават продажу непатрэбных рэчаў.

Гэтая дзейнасць не абавязкова павінна быць звязана з асноўным профілем і спецыялізацыяй. Увесну і ўлетку пастаянна патрабуюцца некваліфікаваныя работнікі для прыборкі дач, збору ўраджаю, падрэзкі кустоў. У зімовы час гэта можа быць рэпетытарства, прыборка кватэр, будаўнічыя і рамонтныя работы, пашыў адзення і фрыланс. Не варта ўпадаць у роспач і разглядаць гэты перыяд як цяжкую фінансавую кабалу. Выразна пазначце час, неабходны вам на закрыццё даўгоў.

І яшчэ: строга сачыце за тым, каб сродкі з дадатковага заробку расходаваліся выключна на аплату доўгу па крэдыце. Вызначце, наколькі вы зможаце скараціць гэты перыяд, калі будзеце ўносіць штомесяц акрамя абавязковага плацяжу дадатковыя 50 або 150 рублёў. Такія падлікі вельмі добра матывуюць і дапамагаюць сфарміраваць выразную стратэгію далейшых дзеянняў.

Максімальна скараціце выдаткі

Важна ўсвядоміць, што без скарачэння выдаткаў выплаціць усе крэдыты не атрымаецца. Прааналізуйце ўсе свае даходы, выдаткі і пакіньце толькі самае неабходнае. Гэта павінны быць выдаткі на харчаванне, камунальныя плацяжы, транспарт і плата за вучобу. Тут трэба быць максімальна сумленным перад самім сабой і дакладна вызначыць, ад чаго часова можна адмовіцца на карысць хуткай выплаты крэдыту.

У гэты перыяд пазбягайце глабальных паходаў па крамах, анлайн-пакупак, абыходзіце бокам распродажы і складзіце план рацыянальнага, але эканомнага харчавання.

Сюды ж варта аднесці пазбаўленне ад дарагіх звычак (алкаголь, цыгарэты, абеды з супрацоўнікамі ў кавярнях, ды і пятнічныя вечары з сябрамі). Калі вы ўвесь час у даўгах і дапускаеце пратэрміноўкі па крэдытах, прааналізуйце сваё фінансавае становішча і выдаткі. Так вы зможаце рэальна ацаніць, наколькі тыя траты для вас важныя і ці можна іх пазбегнуць. Памятаеце, што гэта толькі часовыя жорсткія меры, якія дапамогуць вам вызваліцца ад даўгоў.

Метад снежнага камяка

Такі спосаб актуальны для тых, у каго адкрыта адразу некалькі дагавораў. Гэта могуць быць і спажывецкія крэдыты, карты растэрміноўкі і іншае.

Складзіце спіс усіх незакрытых даўгоў і вызначыце чарговасць іх пагашэння. Адразу старайцеся пагасіць усе дробныя сумы, каб максімальна скараціць колькасць дагавораў. Па-першае, гэта дасць псіхалагічную палёгку і дазволіць убачыць выхад з цяжкай фінансавай сітуацыі. Па-другое, дапаможа сэканоміць. Працэнты па дробных крэдытах, як правіла, самыя высокія. Праз невялікую суму пазычальнік не звяртае на гэта ўвагі і ў выніку вяртае банку доўг амаль у падвойным памеры. Пасля закрыцця ўсіх дробных крэдытаў можна пераходзіць да пагашэння буйных сум.

Рэфінансаванне доўгу

Гэта фінансавы інструмент, які дае магчымасць атрымаць новую пазыку для пагашэння старой. Зразумела, такі метад цалкам ад выплаты крэдыту не вызваліць. Але ён дазволіць пазбегнуць маёмаснай і фінансавай адказнасці, пазбавіцца ад выплаты штрафной пені і заключыць дамову на больш выгадных для сябе ўмовах.

Калі людзі звяртаюцца па рэфінансаванне і чаму гэта выгадна? Гэта, па сутнасці, адкрыццё новага крэдыту, што прадугледжвае заключэнне іншага дагавора на іншых умовах.

Сёння многія банкі прапануюць такія праграмы, каб дапамагчы пазычальнікам вырашыць фінансавыя цяжкасці і прыцягнуць новых кліентаў. Даючы паслугу рэфінансавання доўгу, банк не застаецца ў пройгрышы. Для банка значна больш выгадна павялічыць тэрмін крэдытавання і разбіць плацяжы на больш дробныя сумы, чым атрымаць пратэрміноўкі. Рэфінансаванне вашых даўгоў іншым банкам таксама знаходзіць сваё тлумачэнне. Кампанія такім чынам атрымлівае новага кліента, які будзе выплачваць камісію за паслугу крэдытавання ўжо ёй.

У кожнага банка існуе свой парадак праверкі і адбору кліентаў для рэфінансавання. Напрыклад, калі пазычальнік прапусціў усяго адзін-два плацяжы, то ён трапляе ў адну катэгорыю фінансавых рызык, калі ж сістэматычна не выплачвае крэдыт — у іншую.


У тэму

Як 100 рублёў доўгу ператварыліся ў суму, большую ў 50 разоў

Пракуратура Гродзенскай вобласці апратэставала рашэнне суда па спагнанні доўгу на карысць мікрафінансавай арганізацыі. На думку нагляднага органа, устаноўленая ў такіх дагаворах стаўка працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі не адпавядае прынцыпу добрасумленнасці і разумнасці ўдзельнікаў грамадзянскіх праваадносін.

У якасці прыкладу пракуратура прыводзіць гісторыю з адным акцыянерным таварыствам, якое звярнулася з заявай у суд у сувязі з невяртаннем грамадзянінам С. усёй сумы пазыковых грашовых сродкаў. Таварыства прасіла спагнаць з адказчыка 100 рублёў пазыкі, працэнты за карыстанне пазыкай у суме 20 рублёў, працэнты за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі ў суме 4880 рублёў, аплачаную дзяржпошліну ў памеры 250 рублёў, а ўсяго — 5250 рублёў.

Завочным рашэннем суда Кастрычніцкага раёна горада Гродна іскавыя патрабаванні арганізацыі задаволеныя ў поўным аб'ёме. Вывучыўшы грамадзянскую справу ў парадку нагляду, пракуратура Гродзенскай вобласці ўстанавіла, што адказчык спыніў выкананне абавязацельстваў па дагаворы ў 2014 годзе, а заяву фірма прад'явіла ў суд толькі праз чатыры гады. Сума працэнтаў перавысіла суму пазыкі амаль у 49 разоў.

З мэтай аднаўлення парушаных правоў пазычальніка пракуратура Гродзенскай вобласці вынесла пратэст на судовае рашэнне. Пры новым разглядзе справы на карысць таварыства спагнаная агульная запазычанасць па дагаворы пазыкі ў памеры 1000 рублёў, судовыя выдаткі па аплаце дзяржпошліны ў памеры 25 рублёў, а ўсяго — 1025 рублёў. Рашэнне суда бакі не абскардзілі, яно ўступіла ў законную сілу.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.