Вы тут

Чаму з дзяцінства ў галовах захоўваецца шмат міфаў


...Звыкла глядзім з дзецьмі ўвечары Vіаsаt Nаturе — ад замалёвак з жывой прыроды і карысці больш, чым ад мульцікаў, і на лагодны «сонны» лад яны настройваюць няблага, прынамсі маіх малых. Раптам чую захоплены вокліч: «Ой, мама, глядзі, які міленькі!» Гляджу, хто там такі міленькі і харошанькі, — мамачкі мае, кракадзіл! Ні разу не Гена, а самы сапраўдны буйны алігатар, з падманліва-нежывымі жоўтымі вачыма і зубамі, параўноўваць памер якіх з чалавечымі нават не хочацца. Але гэта нам, дарослым, а дзяўчаткам — бач ты, міленькі.

Другая карцінка, ужо з натуры. Зладзілі сабе на выхадныя пазнавальную вылазку за горад, пяць у адным: і пагуляць па-за межамі горада, каляровым лісцем пашамацець, і накрычацца на тыдзень наперад, і свежым лясным паветрам падыхаць, і паздымаць прыгожых фота, і наведаць экатурыстычны комплекс недалёка ад сталіцы. Вось у апошнім, разглядаючы вялікі заапарк, сустрэліся мы са смелым, калі не сказаць нахабным, буслом — ходзіць за паўкрока ад людзей, дазваляе рабіць з сабой сэлфі, прымае дары ў выглядзе мясных кавалачкаў. «Мама, а можна я яму хлеба дам?» — просіць нейкі хлопчык і, атрымаўшы дазвол, доўга бегае следам за буслом, частуючы таго акрайцам. Птушка не ўзяла. «Значыць, не галодны», — зрабіла выснову маладая мама і вельмі здзівілася, калі работнік комплексу растлумачыў, што буслы, на хвілінку, не вераб'і і харчуюцца жывёльнымі кармамі, а не хлебам, пячэннем і чыпсамі.

Цяжка адказаць, колькі міфаў з дзяцінства захоўваецца і ў нашых галовах, — скажам, мая сяброўка і да трыццаці гадоў верыла, што вожыкі ядуць яблыкі. А ўсё чаму? Да мозгу касцей гарадская, да таго ж прыезджая з іншай краіны, яна не мела сваякоў на вёсцы і не бачыла блізка ні каровы, ні казы, ні гусей, качак, зайцоў, вожыкаў, не ведала, што ў Беларусі «ў дзікай прыродзе» жывуць чарапахі, і, як сама жартуе, дзесьці ў глыбіні душы лічыла, што куры нясуць адразу мытыя яйкі...

Гэта ўсё было б забаўна, каб не цягнулася з пакалення ў пакаленне. І ўжо нашы дзеці не баяцца ваўкоў, таму што ніколі іх не бачылі, жахаюцца, што ад каровы дрэнна пахне, а ў каня жоўтыя зубы. Таму, каб не пачуць аднойчы ад нашчадкаў, што булкі растуць на дрэвах, вывозьце іх на прыроду — хоць у абмежаваную прастору заапарка: нават калі вы самі яго не любіце, гэта першы і самы просты спосаб пазнаёміць дзіця з насельнікамі блізкіх і далёкіх лясоў, палёў і рэк. (Я ні ў якім выпадку не маю на ўвазе так званыя «кантактныя заапаркі», дзе жывёлы — разменны матэрыял на пацеху наведвальнікам і патэнцыйны рассаднік бактэрый, з-за чаго такія заапаркі ўжо забаронены ў многіх краінах свету — застаюцца толькі вялікія стацыянарныя ўстановы, дзе працуюць спецыялісты, якія могуць даходліва і праўдзіва расказаць пра паводзіны жывёл і як з імі абыходзіцца.) Выязджайце часцей у лес ці на возера — гэта выдатная магчымасць пабыць усім разам, праветрыць галаву ад гарадскіх праблем і тлуму, паказаць жыўцом: вось — вожык, а вось — вужык, гэта — касцяніцы, гэта — воўчае лыка, а там — мухамор, які можа быць зусім не падобны да малюнкаў у кніжцы, але ад таго не менш небяспечны. У маіх малых дагэтуль адно з самых яркіх уражанняў лета — «знаёмства» з вялізным сомам, якога злавілі незнаёмыя рыбакі на возеры. А бераг турэцкі ці які іншы — безумоўна, таксама добра, аднак толькі пасля таго, як у галовах малых адкладзецца, што кракадзіл не «міленькі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: yandex.ua

Загаловак у газеце: Праўда пра вожыкаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Культура

Мір. Cляды літаратурныя

Мір. Cляды літаратурныя

У Беларусі ведаюць Мір — цяперашні гарадскі пасёлак, а раней старадаўняе мястэчка — як унікальны адрас гістарычнай памяці.

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.