Вы тут

Адкрыты стол ідэй


Амаль 400 спецыялістаў аб’яднаў VI Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры»


Часам мы не задумваемся, што за фармальнымі задачамі бібліятэкі — значная праца вялікай колькасці людзей. Але бібліятэка выконвае шмат функцый, якія сёння трансфармуюцца і ўдасканальваюцца. Магчымасцям і перспектывам, сённяшняму стану і месцу бібліятэкі ў будучыні быў прысвечаны VI Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Дэлегатамі, колькасць якіх сёлета дасягнула 400, сталі вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых і адукацыйных устаноў, вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі. Удзельнічалі спецыялісты з Беларусі, Расіі, Германіі, Казахстана, Кыргызстана, Украіны і Польшчы. Тэма VI Міжнароднага кангрэса — «Паслугі і сэрвісы бібліятэк у сучаснай інфармацыйнай прасторы», таму ў полі зроку выступоўцаў былі пытанні тэхналогіі воблачных вылічэнняў, інавацыйных падыходаў да арганізацыі абслугоўвання і інш.

— Не заўсёды ёсць час прасачыць за ўсімі вынікамі нашай дзейнасці, асабліва за тым, што датычыць штодзённай працы — абслугоўвання карыстальнікаў. Аднак гэта і ёсць тое, што дазваляе ўбачыць асноўныя праблемы, пра якія нам неабходна думаць і шукаць спосабы іх вырашэння, — адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падчас выступлення. — Як бы мы ні імкнуліся развівацца ў іншых кірунках, асноўны крытэрый — задаволенасць нашай працай карыстальнікаў кніжніцы.

Мэта кожнай нацыянальнай бібліятэкі — збор нацыянальных дакументаў, вечнае захоўванне і прадастаўленне ў карыстанне чытачам. Яшчэ — стварэнне спрыяльных умоў для забяспечэння доступу жыхароў краіны да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Дарэчы, штогод 99,7 % друкаванай прадукцыі трапляе ў Нацыянальную бібліятэку, чым можа пахваліцца не кожная кніжніца такога ўзроўню. Астатняя частка, а гэта ў асноўным малатыражныя вузкаведамасныя выданні, дакамплектоўваецца цягам наступных гадоў.

Беларусь валодае шматлікімі кніжнымі скарбамі, але некаторыя з іх малавядомыя нават у нашай краіне. З гэтай мэтай Нацыянальная бібліятэка праводзіць вялікую папулярызатарскую работу; у тым ліку гэта стварэнне факсімільных выданняў. Сярод важкіх вынікаў — Тураўскае Евангелле, Полацкае Евангелле, Слуцкае Евангелле, кніжная спадчына Францыска Скарыны, Брэсцкая Біблія.

Каб павялічыць эфектыўнасць работы з аддаленымі інфармацыйнымі рэсурсамі, а таксама для арганізацыі адзінага пункту доступу ў Нацыянальнай бібліятэцы, сёлета ўпершыню быў падключаны сэрвіс інтэграванага пошуку, дзякуючы якому любы карыстальнік, незалежна ад месцазнаходжання, без аўтарызацыі можа шукаць дакументы, што знаходзяцца ў фондах, рэцэнзаванай базе даных і інш., і атрымліваць доступ да поўных тэкстаў дакументаў з інфармацыйных рэсурсаў. Таму адна з галоўных задач — стварэнне нацыянальнай электроннай бібліятэкі, якая патрабуе адзінага падыходу ад усіх удзельнікаў, а таксама развіцця віртуальнай чытальнай залы.

Сучасная бібліятэка ў дынамічных умовах вымушана падстройвацца пад патрэбы пераменлівага грамадства, асобнага чытача, пад тэхналогіі работы з інфармацыяй, якія часта змяняюцца. Прытым у яе магчымасцях — застацца ўнікальным сацыяльным інстытутам і незаменным цэнтрам кніжнай культуры, што забяспечвае аб’яднанне духоўнай спадчыны ў свеце. Як лічыць дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Яўген Каваленка, ва ўсе часы бібліятэка была не толькі правадніком культуры.

— Сёння кніжніца — насамрэч надзейны памочнік і верны саюзнік у ажыццяўленні многіх важных ініцыятыў і пачынанняў. У 2020 годзе сваё 20-годдзе адзначыць Беларусі цэнтр прававой інфармацыі, які функцыянуе на базе кожнай чацвёртай публічнай бібліятэкі краіны. Гэты ўнікальны сацыяльны праект зрабіў значны ўнёсак у фарміраванне прававой культуры грамадства, — адзначыў Яўген Каваленка на ўрачыстым адкрыцці кангрэса.

Развіваючы думку А. І. Герцэна, што бібліятэка — гэта адкрыты стол ідэй, за які запрошаны кожны, ён заўважыў: спецыялісты кніжніц павінны заклікаць да публічнага абмеркавання заканадаўчых праектаў на Прававым форуме Беларусі. Гэтым работнікі бібліятэк могуць садзейнічаць фарміраванню стваральнай прававой культуры. Такая практыка адлюстроўвае новы фармат дзейнасці бібліятэк у сучаснай інфармацыйнай прасторы, якая, сапраўды, можа прынесці вынікі як для кожнага чалавека і ўсяго грамадства, так і для бібліятэчнай сістэмы ўвогуле.

На працягу двух дзён работы кангрэса працавала пяць секцый: «Інфармацыйнае забеспячэнне навуковых даследаванняў і адукацыйнага працэсу», «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў абслугоўванні карыстальнікаў», «Электронныя бібліятэкі і рэсурсы ў бібліятэчна-інфармацыйнай прасторы», «Знешняе асяроддзе бібліятэкі: фарматы ўзаемадзеяння». Тэматыка дакладаў сапраўды дае ўяўленне пра тое, што хвалюе сённяшняга бібліятэкара: ад развіцця мадэльных бібліятэк да сучасных трэндаў у сацыяльных сетках, якія могуць стаць пляцоўкай для прасоўвання кніжніц. Кангрэс садзейнічае як прафесійным, так і асабістым сувязям, бо спецыялісты ў гэтай сферы — асобы руплівыя і дзейныя. Прэзентацыі, майстар-класы, круглыя сталы — яшчэ адна нагода паразважаць пра тое, чаго чакаць ад бібліятэк, а таксама падзяліцца досведам і пазнаёміцца з меркаваннямі калег. Новы стымул да здзяйсненняў!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.