Вы тут

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца


Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент самалётам з Мінска ў Кейптаўн і далей мясцовымі антарктычнымі рэйсамі да беларускай базы, размешчанай каля гары Вячэрняй. А напярэдадні адбыліся ўрачыстыя провады беларускіх палярнікаў у Нацыянальнай акадэміі навук.

Упершыню на Паўднёвы полюс Зямлі адправяцца адразу дзесяць беларусаў. Сярод іх ёсць як бывалыя палярнікі (іх роўна палова), так і навічкі. Напрыклад, Аляксей ЗАХВАТАЎ (інжынер-механік па эксплуатацыі транспартных сродкаў і сродкаў механізацыі) з'яўляецца ўдзельнікам трох беларускіх экспедыцый. Аляксей ХАТКЕВІЧ (інжынер-будаўнік, механік дызель-электрастанцый, каардынуе ўсе тэхнічныя службы антарктычнай станцыі) удзельнічаў ужо ў дзвюх экспедыцыях, як, дарэчы, і Павел ШАБЛЫКА — інжынер-геафізік (зараз яму 29 гадоў, а падчас першай было ўсяго 24).


Даць фору маладым

Але самыя вопытныя палярнікі — гэта нязменны кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый, пачынаючы з 2007 года, Аляксей ГАЙДАШОЎ і інжынер-эколаг, кандыдат біялагічных навук Юрый ГІГІНЯК. Агульны стаж работы Аляксея Гайдашова за пяцідзясятым градусам паўднёвай шыраты складае ўжо каля 11 гадоў. Першая яго экспедыцыя ў 1988 годзе доўжылася больш за год. А Юрый Гігіняк упершыню трапіў у круглагадовую экспедыцыю ў Антарктыку ў далёкім 1970 годзе. Затым ён тройчы ўдзельнічаў ужо ў беларускіх сезонных экспедыцыях, дзе прадстаўляў біялагічную навуку Нацыянальнай акадэміі навук. Ён першы і адзіны беларускі навуковец, які абараніў дысертацыю па антарктычнай тэме. І гэта будзе ўжо яго чацвёртая экспедыцыя на Паўднёвы полюс. Яго невыпадкова лічаць легендарнай асобай — Юрыю Рыгоравічу пайшоў 74-ы (!) год.

Фота Яўгена Пясецкага.

— Мы кожны год «закручваем гаечкі» пры праходжанні розных фільтраў для будучых палярнікаў — фізічных і псіхалагічных. І гэты год паказаў, што ёсць праблемы. У прыватнасці, трое з чатырох забракаваных прэтэндэнтаў — маладыя навуковыя супрацоўнікі. І яшчэ аднаго кандыдата мы спадзяваліся ўзяць з сабой у якасці кухара, — патлумачыў Аляксей Гайдашоў. — Яго прысутнасць вызваліла б час у спецыялістаў, якія займаюцца рэалізацыяй навуковых праграм і тэхнічным забеспячэннем жыццядзейнасці станцыі. Юрый Гігіняк быў уключаны ў экспедыцыю замест свайго маладога калегі, які не прайшоў медыцынскі адбор, але з пэўнымі абмежаваннямі і пад маю асабістую адказнасць. Мы яго накіруем на круглагадовую расійскую станцыю, дзе ёсць стацыянарны медыцынскі блок. Да таго ж ён вязе абсталяванне для навуковых даследаванняў, якое шмат важыць, а ў нас сёлета змянілася лагістыка.

У спартанскіх умовах

Упершыню ў пачатку сезона ў раён базіравання беларускай антарктычнай станцыі судны заходзіць не будуць. Гэта накладае пэўны адбітак на падрыхтоўку і правядзенне сезонных работ, якія будуць працягвацца каля пяці месяцаў. «Мы можам даставіць туды малой авіяцыяй на адлегласць 1400 кіламетраў груз вельмі абмежаванай вагі. А генеральны груз прыйдзе ў канцы сакавіка, у тым ліку чарговыя канструкцыі Беларускай антарктычнай станцыі. І ў нас будуць лічаныя дні, каб усё зманціраваць, да таго як мы пакінем нашу базу. Таму давядзецца працаваць у яшчэ больш спартанскіх умовах».

Тым не менш задачы пастаўлены вялікія (як навуковыя, так і інжынерна-тэхнічныя), і ўсе іх трэба выканаць.

«На нашай станцыі заўсёды застаецца пэўны запас прадуктаў, не хвалюйцеся за нас, — заспакойвае Аляксей Гайдашоў. — Скажу вам па сакрэце, што крупы, згушчонка і тушонка не псуюцца. А з Вялікай зямлі мы плануем узяць з сабой толькі прадукты глыбокай замарозкі. Запасы паліва і запчастак там таксама ёсць».

«А вы, калі пакідаеце станцыю, замок вешаеце?» — пацікавіўся жартам першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык. «Замкі ў Антарктыдзе не патрэбныя, там ніхто не возьме чужое — гэта святое, але па нашай ментальнасці мы ўсё роўна гэта робім», — адказаў шчыра старшыня экспедыцыі. «А жонкі ўсіх адпусцілі ў Антарктыду?» — задаў чарговае пытанне адзін з кіраўнікоў акадэміі. І пачуў адказ, які ўсе сустрэлі смехам: «А яны яшчэ не ўсе ведаюць...»

Цікава, што дарога ў Антарктыду не закрытая і для жанчын. Ва ўсялякім выпадку, так сцвярджае начальнік экспедыцыі. І дадае, што чаргі з прадстаўніц прыгожага полу на конкурсны адбор ён не заўважыў, хоць ніякіх забарон няма — на нашай станцыі нават прадугледжаны дзве асобныя кабінкі ў прыбіральні. Жанчыны працуюць у многіх міжнародных экспедыцыях, у тым ліку расійскай: хімікамі, біёлагамі, медыкамі... Дык чаму б не замахнуцца на Паўднёвы полюс і беларускам?

Паскардзіцца... айсбергу

У найбліжэйшыя гады стане актуальным пытанне камплектавання круглагадовых экспедыцый у Антарктыку. Мяркуецца, што першая распачнецца ў снежні 2020-га ці ў студзені 2021 года. Зімоўка — гэта існаванне ў прынцыпова іншым фармаце. Не толькі ў плане кліматычных умоў. Калі ў прыбярэжнай частцы Антарктыды надыходзіць палярная ноч, тэмпература паветра можа апускацца да мінус 60 градусаў. А падчас палярнага лета, калі там працуюць беларускія палярнікі, яна вагаецца ад +3 да -28 градусаў. Да таго ж у лютым спыняюцца авіязносіны, а ў сакавіку-красавіку завяршаецца марскі рух у зоне базіравання нашай станцыі. Фактычна восем месяцаў у год любыя транспартныя сувязі з Вялікай зямлёй адсутнічаюць.

— Надвор'е нас не пужае, — запэўнівае Юрый Гігіняк. — Калі вельмі холадна, палярнік проста апранаецца цяплей. А калі зусім невыносна — не выходзіць на адкрытае паветра. А вось псіхалагічная несумяшчальнасць можа стаць сур'ёзнай праблемай у невялікім калектыве, замкнёнай прасторы і пры адсутнасці сувязі са знешнім светам. У такім выпадку застаецца толькі ісці да айсберга і яму скардзіцца на калегу...

Між іншым, паводле сусветнай статыстыкі, толькі ад 25 да 35 працэнтаў палярнікаў вяртаюцца ў Антарктыду зноў. У нас жа гэты паказчык перавышае 50 працэнтаў. І «лаўка запасных» з навуковых і тэхнічных спецыялістаў можа забяспечыць як мінімум дзве-тры круглагадовыя экспедыцыі.

У папярэднім сезоне ў Антарктыду быў дастаўлены, сабраны і апрабаваны ў розных рэжымах новы комплекс дызель-электрастанцыі, разлічаны на работу ва ўмовах зімоўкі. У другім аб'екце станцыі зманціравана пяць секцый з васьмі. Цяпер на парадку дня амбулаторна-хірургічная, лабараторная і жылая секцыі. І зусім невыпадкова ў апошнія экспедыцыі ўключалі ўрачоў — перш чым адправіцца на зімоўку, трэба ацаніць свае сілы... Медыцынскі блок аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, якому медыкі на Вялікай зямлі пазайздросцілі б, але ўсе спадзяюцца, што ім не давядзецца карыстацца.

— Першая зімоўка павінна стаць пілотнай. Трэба пратэсціраваць усе сістэмы жыццезабеспячэння і бяспекі, затым вярнуцца на паўгода на Вялікую зямлю і зрабіць работу над памылкамі. І толькі пасля гэтага пераходзіць да пастаяннага круглагадзічнага цыкла, напаўняючы станцыю сур'ёзнымі навуковымі праграмамі, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў.

Падчас 12-й экспедыцыі яе ўдзельнікі выканаюць вялікі аб'ём работ па адборы проб і ўзораў прыродных матэрыялаў Антарктыкі, гідрахімічныя, біялагічныя, экалагічныя даследаванні наземных, марскіх і прэснаводных экасістэм Антарктыкі, правядуць маніторынг азонавага слоя атмасферы і УФ-радыяцыі, геафізічны маніторынг, даследуюць змяненні прыроднага асяроддзя і клімату. Акрамя гэтага, узмацняецца міжнародная навуковая кааперацыя. Павел Шаблыка будзе працаваць у складзе Балгарскай экспедыцыі ў Заходняй Антарктыдзе, а Сяргей Какарэка — у складзе Турэцкай сезоннай антарктычнай экспедыцыі. Для таго каб канчаткова замацавацца на ледзяным кантыненце, патрабуюцца сур'ёзныя вынікі навуковых даследаванняў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.