Вы тут

Пяць эпох лёсу Мікалая Мішчанчука


Ён быў аднолькава моцны як педагог, літаратуразнавец, крытык і паэт. Мікалай Мішчанчук зняў шэраг праблемных пытанняў, што тычыліся розных аспектаў вывучэння беларускай літаратуры, быў арыгінальным і ў той жа час пераканаўчым даследчыкам беларускага замежжа, заклаў канцэптуальны грунт для асэнсавання ўзаемасувязей рускай і беларускай літаратур, адзначыўся пастаноўкай актуальных праблем методыкі выкладання літаратуры і літаратуразнаўства. Перад намі асоба няпростага лёсу, чалавек пяці эпох.


Першая эпоха — сталінская. З ёй у Мікалая Іванавіча — самыя вялікія рахункі. Яго дзед працаваў на зямлі. Такіх, як ён, у сталінскія часы ссылалі на Далёкі Усход. За дзедам туды накіраваліся бацькі Мікалая Іванавіча. Таму нарадзіўся ён на прыіску Майск Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці. Неўзабаве бацькі пераехалі на станцыю Юхта Свабодненскага раёна той жа вобласці. Што значыла для яго станцыя Юхта? Сем класаў мясцовай школы, дзе ён быў ва ўсім узорам для аднакласнікаў. Першыя паэтычныя спробы. Пазней Мікалай Іванавіч дзяліўся ўспамінамі: «Вершы я пачаў пісаць з трэцяга класа. Гэта здарылася само сабой. Ніхто мяне не прымушаў, не натхняў. Матуля была непісьменная, бацька загінуў на вайне, айчым малапісьменны. Пагэтаму мой шлях да паэзіі — гэта хутчэй праява цікаўнасці, жаданне павысіць уласную эрудыцыю, выканальнасць, праца над сабой і пошук сябе».

Праз год пасля пачатку хрушчоўскай адлігі Мішчанчукі вярнуліся на Беларусь. Беларускі этап жыцця Мікалая Іванавіча пачаўся ў пасёлку Чырвоны Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Спачатку атрымаў сярэднюю, потым вышэйшую адукацыю ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага. І зноў вучоба толькі на выдатна. Пазней працаваў у школе, пачаў выступаць у друку як паэт.

У брэжнеўскую эпоху Мікалай Мішчанчук вяртаецца ў альма-матар у якасці аспіранта. Пасля заканчэння аспірантуры будзе працаваць тут да 1996 года. Ён прайшоў шлях ад шараговага выкладчыка да намесніка дэкана філалагічнага факультэта. Экспертная супольнасць надзвычай высока ацаніла кандыдацкую дысертацыю Мікалая Іванавіча «Лірыка Я. А. Баратынскага. Папярэднікі і спадчыннікі». Пасля яе бліскучай абароны стаў працаваць над доктарскай. На працягу шасці гадоў узначальваў секцыю беларускай літаратуры пры навуковым савеце Міністэрства народнай адукацыі БССР. Пад яго кіраўніцтвам секцыя працавала вельмі плённа. Заўважнай падзеяй стаў выхад вучэбнага дапаможніка для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў «Беларуская літаратура на сучасным этапе». Убачылі свет зборнікі паэзіі Мікалая Мішчанчука «Вернасць» (1979), «Трывожуся за белы свет».

Літаратуразнавец, крыт ык, паэт, педагог станоўча ўспрыняў надыход гарбачоўскай перабудовы. Мікалай Іванавіч вітаў курс каманды Гарбачова на распрыгоненасць думкі, зрабіў істотны ўнёсак у вяртанне імён рэпрасіраваных майстроў слова. Пра гэта сведчылі кніга «Настаўніку — пра настаўнікаў: нарысы, рэпартажы з урокаў, эсэ», вучэбны дапаможнік «Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў». Мела сваю логіку прызначэнне Мікалая Мішчанчука загадчыкам кафедры беларускай літаратуры якраз у разгар гарбачоўскай перабудовы. Менавіта на гэтай пасадзе ён сустрэў абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Да сярэдзіны 1990-х гг. Мікалай Іванавіч стане доктарам філалагічных навук. Тэма доктарскай дысертацыі сфармулявана наступным чынам: «Жанрава-стылёвыя асаблівасці сучаснай беларускай паэзіі». Базавай манаграфіяй для дысертацыі стала кніга «Ёсць у паэта свой аблог цалінны: жанрава-стылёвая разнастайнасць сучаснай беларускай лірыкi». Сапраўдным прарывам у навучальна-метадычным плане стаў вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для старшых класаў агульнаадукацыйных школ «Як жыць — дык жыць для Беларусі...».

Апошнія 16 гадоў жыцця Мікалая Мішчанчука былі звязаны з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А. С. Пушкіна. Цягам шасці гадоў узначальваў кафедру тэорыі і гісторыі рускай літаратуры, два гады — кафедру беларускага літаратуразнаўства БрДУ імя А. С. Пушкіна. У 1998 г. быў абраны членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі. За час працы ў БрДУ выйшла манаграфія «Руская і беларуская літаратуры ХІХ—ХХ стст.: жанрава-стылёвы аспект, пытанні ўзаемадзеяння». У суаўтарстве надрукавана хрэстаматыя «Уводзіны ў літаратуразнаўства».

У сваіх даследаваннях Мікалай Іванавіч у многім па-новаму тлумачыў паэзію Яўгеніі Янішчыц, аповесць «Гандлярка і паэт» Івана Шамякіна, творчасць Таісы Бондар, Уладзіслава Хадасевіча, лірыку кахання Петруся Броўкі, вобраз Палесся ў лірыцы Пімена Панчанкі. Прафесар валодаў унікальнай здольнасцю скіраваць студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў на плённую працу. У БрДУ імя А. С. Пушкіна ён стварыў навуковую школу, падрыхтаваў добры дзясятак кандыдатаў філалагічных навук. Яго вучні выдатна даследавалі і даследуюць беларускую літаратуру ў кантэксце сусветнай літаратуры.

Мікалай Іванавіч запомніўся і як крэатыўны лектар, таленавіты кіраўнік семінарскіх заняткаў. Доктар філалагічных навук, прафесар БрДУ імя А. С. Пушкіна Зоя Пятроўна Мельнікава, якая шмат гадоў працавала з Мікалаем Мішчанчуком, згадвае:

«Мікола Іванавіч адразу стаў любімым выкладчыкам студэнтаў, кумірам калег, бо літаральна выпраменьваў дабрыню і зычлівасць, меў сапраўдную беларускую шляхетнасць, нястомнасць у працы з моладдзю. У студэнцкай аўдыторыі ён працаваў заўсёды з натхненнем: не шкадаваў эмоцый, ніколі не быў “сухім акадэмістам”, узрушаўся, расчульваўся, а часам і абураўся шчыра, да слёз. Літаратура была яго пакліканнем. Яго лекцыі па беларускай, рускай літаратуры, па спецыяльных дысцыплінах былі запамінальнымі, незвычайнымі; кожны пісьменніцкі лёс, пра які ішла гаворка, ён прапускаў праз уласнае сэрца».

Прыкладна ў гэты час Мікалай Мішчанчук стаў сябрам пісьменніцкай арганізацыі. Вялікі розгалас меў выхад яго кнігі паэзіі «Струна надзеі». Гэта — узор адлюстравання агульначалавечых каштоўнасцей у мастацкай літаратуры. Таму хочацца чытаць і перачытываць наступныя радкі са зборніка:

І сэрца, ласкаю сагрэта,

Успыхне промнем уначы,

Каб на апошнім кіламетры

Жыцця другім дапамагчы.

Калі б тое, пра што гаворыць лірычны герой, стала нормай для любога чалавека, мы жылі б у зусім іншым свеце. Сам Мікалай Іванавіч увасабляў у жыццё агульначалавечыя каштоўнасці як прафесіянал у педагогіцы і навуцы, а таксама — як муж, тата, дзядуля.

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Загаловак у газеце: «Трывожуся за белы свет»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.