Вы тут

Ад стэпаў да пушчы


Усходнія культуры заўсёды ўражваюць. Іншыя тэрытарыяльныя і гістарычныя ўмовы развіцця часта робяць далёкія народы для нас людзьмі з іншага сусвету. Але пагадзіцеся: наладжванне сувязяў з гэтымі сусветамі значна ўзбагачае светаўспрыманне, за кошт чаго дапамагае лепш разабрацца ў сабе!


Работа туркменскага мастака Авездурды Тараева

Туркменская традыцыйная культура адрозніваецца ад беларускай: яркія нацыянальныя строі са шматлікімі ўпрыгожваннямі, мудрагелістыя танцавальныя кампазіцыі, мяккая, крыху шыпячая мова, адметная музыка. Іншымі словамі — усходні каларыт. Але зразумець адно аднаго не так ужо і складана, бо мова пачуццяў універсальная для ўсіх светаў.

17—18 кастрычніка прайшлі Дні культуры Туркменістана ў Беларусі. Іх урачыстае адкрыццё адбылося ў галоўнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Святочны канцэрт распачаўся вітальнымі прамовамі міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара і намесніка міністра культуры Туркменістана Нурсахета Шырымава. «На працягу апошніх гадоў беларуска-туркменскія адносіны актывізаваліся ва ўсіх сферах. Культура, як вядома, найлепш спрыяе наладжванню і ўмацаванню сувязяў паміж людзьмі і народамі. Няма сумненняў у тым, што дні культуры Туркменістана стануць яшчэ адной яркай старонкай у летапісе духоўнага ўзаемаўзбагачэння нацыянальных культур і агульным унёскам ва ўмацаванне сяброўства паміж дзвюма краінамі», — адзначыў Юрый Бондар.

Сярод удзельнікаў канцэрта былі народныя і заслужаныя артысты Туркменістана, і маладыя творцы. Туркменскія майстры мастацтваў выходзілі на сцэну ў традыцыйных строях і спявалі пераважна на сваёй роднай мове, але беларускім слухачам была зразумелая мова музыкі, мова эмоцый, мова любові да роднага краю, якой была прысвечана большасць нумароў. Не абмінулі туркменскія творцы і тэму кахання: некалькі твораў былі выкананыя дуэтамі і быццам ператвораныя з песень у маленькія тэатральныя пастаноўкі. Зноў жа — нават не разумеючы слоў, кожны з прысутных у зале мог лёгка зразумець характар персанажаў і адносін. Асабліва прыемна для беларусаў было пачуць песню «Белавежская пушча» ў выкананні туркменскай спявачкі.

На сцэне ўвесь час панавала музыка. Праз відэарад з туркменскімі краявідамі, традыцыйнымі рамёствамі і абрадамі, якім суправаджаўся кожны выступ, і дзякуючы фальклорнай групе «Докмачылар», якая аздобіла многія песні традыцыйнымі танцамі, туркменская культура раскрылася значна шырэй. Была магчымасць не толькі слухаць музыку, але і ў пэўным сэнсе адчуць абставіны, у якіх яна стваралася, наблізіцца да вытокаў іншай культуры. Гэтаму таксама паслужыла выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадстаўленая ў фае філармоніі.

Культура — гэта коды, пры дапамозе якіх шыфруюцца звычайныя чалавечыя каштоўнасці, агульныя для ўсіх. Абмен культурнымі здабыткамі — шлях да ўзаемапаразумення. Беларусь і Туркменістан імкліва рухаюцца па ім.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.