Вы тут

Варатар Наталля Васкабовіч: Мама казала сыходзіць з футбола, бо ногі крывыя будуць


Сёлета беларускі клуб дабраўся да 1/8 футбольнай Лігі чэмпіёнаў, спыніць мінчанак змагла толькі знакамітая «Барселона». Таксама жаночая каманда «Мінска» сёмы раз запар стала чэмпіёнам краіны і выйграла Кубак Беларусі. У гэты ж час нацыянальная футбольная жаночая зборная, за якую Наталля гуляе ўжо не першы год, працягвае барацьбу, каб трапіць на чэмпіянат Еўропы 2021 года, у групе з нашымі дзяўчатамі — зборныя Нарвегіі, Уэльса, Паўночнай Ірландыі і Фарэрскіх астравоў. Пра тое, ці ёсць шанцы трапіць на кантынентальны турнір, што значыць — згуляць з «Барселонай» і ці ёсць перспектывы ў жаночага беларускага футбола, расказала найлепшая футбалістка краіны 2017 года, гулец «Мінска» Наталля Васкабовіч.


— Наталля, з перамогай у чэмпіянаце! Для вас гэта ўжо другое чэмпіёнства, якія эмоцыі адчуваеце?

— Разлічвалі, што выйграем чэмпіянат, так і атрымалася. Перамаглі датэрмінова, таму эмоцыі былі сціплыя, ды і напалу барацьбы па ходзе сезона практычна не было. Канкурэнцыя ў нашым чэмпіянаце раней была мацнейшая, цяпер усе першапачаткова выдатна разумеюць, хто на якое месца прэтэндуе, за месцы ў тройцы змагаюцца 3—4 каманды. Беларускаму жаночаму футболу патрэбны папулярызацыя, рэклама і тэлевізійныя або інтэрнэт-трансляцыі.

— Калі ў цэлым ацэньваць сезон, што скажаце?

— Ён выдаўся вельмі цяжкі, таму што было шмат важных гульняў і за зборную, і ў Лізе чэмпіёнаў за клуб. Каляндар пабудаваны так, што ў нас аказаліся вельмі маленькія перапынкі паміж важнымі матчамі, таму назапашвалася стомленасць. Самыя яркія эмоцыі ад сезона — гэта, вядома, гульні ў Лізе чэмпіёнаў. Я выступала ў гэтым турніры трэці раз, але да 1/8 мы ніколі не даходзілі. Самыя цяжкія гульні па эмацыянальнасці выдаліся з «Цюрыхам», матчы з «Барселонай», вядома, таксама былі няпростыя, асабліва складана было настроіцца пасля першай гульні, у якой мы саступілі 0:5.

— Футбол у Іспаніі вельмі папулярны, да жаночай «Барселоны» там такая ж пільная ўвага?

— Так, у Іспаніі на футболе зусім іншая атмасфера, матч Лігі чэмпіёнаў — гэта свята на ўвесь горад, на стадыён прыходзіць вельмі шмат людзей, спяваюць, крычаць. Мы прыехалі, калі ў іспанцаў быў час забастовак, магчыма, таму не ўсе аматары спорту прыйшлі на матч, а так людзі прыходзяць з сем'ямі, з маленькімі дзецьмі.

У цэлым «Барселона» вельмі прафесійная каманда, таму яна перайграла нас ва ўсіх кампанентах — фізічна, псіхалагічна, тактычна. У іх вельмі добры набор трэнерскага штаба, на высокім узроўні медыцына і аднаўленне. Адчуваецца, што ў нас пакуль розны ўзровень. Летась «Барселона» гуляла ў фінале Лігі чэмпіёнаў. Ды і наогул у Еўропе жаночы футбол развіты нашмат лепш, у яго ўкладваюцца грошы.

— Ад клубных спраў пяройдзем да зборнай Беларусі. Вы змагаецеся за выхад на чэмпіянат Еўропы 2021 года, у адборачных матчах беларускі атрымалі перамогу над Фарэрскімі астравамі (6:0), прайгралі Нарвегіі (1:7) і Уэльсу (0:1). Як ацэніце шанцы нашай каманды па выхадзе на Еўра?

— Лічу, што ў нас ёсць добры шанц заняць другое месца ў группе і пазмагацца за пуцёўку. Вядома, зборная Нарвегіі — бясспрэчны фаварыт, але з астатнімі камандамі можна гуляць. У нас ёсць матчы наперадзе, таму яшчэ можам зарабіць ачкі. Сваёй гульнёй у гэтых сустрэчах я, вядома, незадаволеная, былі галы, якія можна было прадухіліць. Шчыра кажучы, пасля таго, як па нас катком прайшліся Нарвегія і «Барселона», сабрацца вельмі цяжка.

— Як доўга звычайна перажываеце паражэнні?

— Перажываю адразу пасля гульні і на наступны дзень. Аналізую прапушчаныя галы, думаю, што трэба было зрабіць па-іншаму, як адбіць, як згуляць. Але жыццё не заканчваецца на паражэннях, заўсёды ёсць куды расці, над чым працаваць. Па жыцці я чалавек-крайнасць, мне патрэбен альбо максімум, альбо нічога. Таму, калі ў мяне пытаюцца пра тое, чаго б я хацела дамагчыся, кажу, што хачу трапіць на Алімпіяду, чэмпіянат свету ці Еўропы і выйграць Лігу чэмпіёнаў (усміхаецца).

— На ваш погляд, у чым прынцыповае адрозненне жаночага футбола ад мужчынскага?

— У мужчын вышэйшая хуткасць і мацнейшая тэхніка. У жаданні мы не прайграём, у нейкіх момантах на нас нават больш цікава глядзець, таму што жаночы футбол непрадказальны, нашы гульні больш відовішчныя.

— Як ставіцеся да каментарыяў мужчын аб тым, што футбол — гэта ўсё ж такі не жаночая справа?

— Не звяртаю ўвагі. Прасцей за ўсё сказаць збоку: маўляў, вы дрэнна згулялі. Выйдзі, згуляй лепш! Кожны займаецца тым, чым хоча. Мы імкнёмся ўдасканальвацца. А гэтыя каментатары няхай пакажуць прыклад, чаго дамагліся самі, бо пісаць можна ўсё, што заўгодна. З адкрытым негатывам у твар я ніколі не сутыкалася. Звычайна проста пытаюцца: «А што, у нас ёсць жаночы футбол?» або «І вы гуляеце на такім жа вялікім полі?» Мама ў пачатку кар'еры таксама казала, маўляў, сыходзь з футбола, а то ногі крывыя будуць, а цяпер ходзіць на ўсе мае матчы, прыдумляе крычалкі, яе чуваць на ўвесь стадыён.

У дзяцінстве я спрабавала займацца вельмі многімі відамі спорту, сярод іх і лёгкая атлетыка, і баскетбол, але зачапілі мяне шашкі з шахматамі і футбол, гэта нейкі душэўны стан. Мне падабаецца, я кайфую ад гэтай гульні. Пры тым, што прыйшла ў футбол ужо ў свядомым узросце, мне было гадоў 16. Спачатку бацькі казалі: «Ну навошта? Навошта?» Потым змірыліся. Яшчэ да гэтага заўсёды хадзіла гуляць з братам у двары, ён крычаў на мяне: «Куды ты бяжыш, куды б'еш?» Цяпер жартам кажа, што гэта ён навучыў мяне гуляць у футбол, пытаецца, калі пачну аддаваць яму сваю зарплату (смяецца).

— Рашэнне ўстаць у вароты далося лёгка?

— На самай справе я вельмі не люблю бегаць, мне падабаюцца скачкі, акрабатыка, таму амаль не задумваючыся абрала вароты.

— Шмат хто кажа, што вам не хапае росту, у тым ліку каб паспрабаваць сябе на еўрапейскім узроўні.

— Так, многія варатары вышэйшыя за мяне, мне ж увесь час даводзіцца даказваць, што я маю іншыя плюсы, такія як выбар пазіцыі і скачок. А калі казаць аб пераездзе ў замежны клуб, то беларускам увогуле цяжка з'ехаць, нам трэба быць на дзве галавы вышэйшымі, каб гуляць у еўрапейскім чэмпіянаце. Напэўна, я яшчэ не дацягваю да гэтага ўзроўню, хоць такая мэта, вядома, засталася, хочацца годзік-два пагуляць на высокім узроўні.

— Футбол уплывае на жаноцкасць па-за межамі стадыёна?

— Думаю, не. Усё гэта ўнутры, у галаве. Так, ёсць моманты, калі мы апранаемся ў экіпіроўку і выглядаем, напэўна, не вельмі па-жаноцку, але гэта ж не замінае пасля трэніроўкі надзець сукенку, абцасы. Хоць справа нават не ў вопратцы, а ў тваім характары. Я больш люблю джынсы, штаны, але, калі трэба, на святы мы робім прычоскі, макіяж, фарбуем пазногці, надзяваем сукенкі.

— Спорт вам калі-небудзь перашкаджаў у адносінах з процілеглым полам?

— Тут па-рознаму. Усе мае знаёмыя кажуць, што фубол — гэта крута, падтрымліваюць мяне і не лічаць, што гэта не жаночая справа. Раней я прыходзіла з братам у двор, і хлопцы спрабавалі даказаць, што яны больш крутыя, мне было так смешна, яны, як паўліны, расфуфырацца і пачынаюць фінты круціць. Я нават не спрабавала іх пераканаць.

— Кажуць, усе варатары асаблівыя людзі, з асаблівым эмацыянальным светам...

— Я падобная на асаблівага чалавека? Гэта стэрэатып, прыкладна такі ж, што эстонцы марудныя. Мы звычайныя людзі, гэта ўсё залежыць ад характару. Калі ты сам па сабе спецыфічны чалавек ды яшчэ і ў вароты ўстаў, то, вядома, будзеш дзіўным. Але жарты ў камандзе наконт мяне, прызнаюся, ёсць.

— Успомніце самы крыўдны гол?

— Ды вось цяпер з «Барселонай». Я яго быццам бы ўжо выдрала, але мяч стукнуўся аб штангу, трапіў мне ў нагу і ад наска закаціўся ў вароты.

— Ваша малодшая сястра таксама гуляе ў футбол...

— Раней я гуляла ў «Зорцы-БДУ», начальнік каманды ўвесь час казала: «Прыводзь малую». А я не хацела, маўляў, хопіць адной футбалісткі ў сям'і, але потым убачыла, што яна ўвесь час сядзіць у тэлефоне і вырашыла адправіць яе ў летні лагер «Зоркі». Так усё пайшло. Зараз ужо вось-вось галы мне будзе забіваць, неяк ужо гулялі адна супраць адной.

— Большую частку часу вы праводзіце ў жаночым калектыве, гэта складана?

— Не бачу ў гэтым праблемы. На полі эмоцыі зашкальваюць, магу і паслаць, і абазваць, але пасля гульні супакойваешся, падыходзіш, просіш прабачэння, і ўсё нармальна. Усе разумеюць, што гэта эмоцыі.

— Якія галоўныя стэрэатыпы аб жаночым футболе вы чулі?

— Што гэта не жаночы від спорту, што ён неяк уплывае на жаноцкасць, што жаночы футбол нецікавы, ну і ў рэшце рэшт, што ў яго гуляюць адны лесбіянкі. Гэта хлусня.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.