Вы тут

Зіновій Прыгодзіч. Сімфонія жыцця


У адзін з майскіх дзён 1991 года да мяне ў рэдакцыю «Советской Белоруссии» завітаў Іван Шамякін.


— Вось вырашыў заглянуць, паглядзець, як ты тут уладкаваўся. А-а?.. — яшчэ з парога замест прывітання загаварыў ён.

— Іван Пятровіч! — абрадаваўся я нечаканаму, але такому дарагому госцю. — Праходзьце, калі ласка. Распранайцеся...

Тады яшчэ не было моды заказваць сакратарцы чай альбо каву, таму мы проста прыселі ў канец стала, за якім звычайна праходзілі пасяджэнні рэдакцыйнай калегіі.

Іван Пятровіч, агледзеўшыся, ухвальна сказаў:

— Нічога... Утульна. А-а?.. Даўно я не быў у гэтым кабінеце. Некалі яшчэ Зінін мяне прымаў...

— А вы былі знаёмыя?

— Дык мы ж разам засядалі ў Вярхоўным Савеце. Праціралі, так сказаць, штаны. А-а?.. — засмяяўся Шамякін.

— Шчаслівыя былі часы, Іван Пятровіч! А што творыцца цяпер? Што творыцца...

— Перабудова, ліха яе матары! Відаць, неспакойна цяпер і ў вас, у рэдакцыі?

— Яшчэ як! Мы ж, можна сказаць, на пярэднім краі. На перадавой.

І я расказаў Івану Пятровічу, як кожны артыкул, апублікаваны ў абарону існуючага ладу, выклікае буру гневу ад апазіцыйна настроеных чытачоў. Некалькі разоў яны збіраліся пад вокнамі рэдакцыі і дэманстратыўна палілі нашу газету. А нядаўна заходзіў Зянон Пазняк і не то жартам, не то ўсур'ёз пагражаў, што калі яны возьмуць уладу ў свае рукі, дык павесяць мяне на самым высокім слупе.

— Жах!.. — пахітаў галавой Іван Пятровіч. — Праўду кажуць кітайцы: не дай бог жыць у эпоху перамен.

— Дык вам, у энцыклапедыі, крыху зацішней. Вы ж усё-такі ўбаку.

— Таксама хапае. На планёрках часам успыхваюць такія перапалкі, што ледзьве не да бойкі даходзіць. Раптам выявілася, што ў калектыве ёсць нямала прыхільнікаў БНФ. І калі раней яны сядзелі як мышы пад венікам, то цяпер нахабна, скандальна імкнуцца прасунуць у энцыклапедычныя даведнікі артыкулы кан'юктурныя, з сумніўнымі ацэнкамі. Але ж энцыклапедыя робіцца не адзін год. І не на два. Усе звесткі, змешчаныя тут, павінны быць вывераныя, абсалютна дакладныя, аб'ектыўныя.

Пры гэтым Іван Пятровіч стаў наракаць, што ў грамадстве ўсё больш відавочнай становіцца трывожная тэндэнцыя: людзі перастаюць чытаць. Не, розныя нізкапробныя дэтэктывы ды парнаграфію купляюць, а вось мастацкую літаратуру... Дайшло да таго, што заказы на паэзію не перавышаюць трыста-пяцьсот экзэмпляраў. Ды такога нават у трыццатыя гады не было! Вось да чаго давяла нас праклятая перабудова...

— А я ж, — скрушна пахітаў галавою Іван Пятровіч, — напачатку шчыра ў яе паверыў. І як мог падтрымліваў Гарбачова. Даказваў, што на крутых паваротах не бывае без зрываў, правалаў, цяжкасцяў... А цяпер бачу, што гэты нікчэмны балбатун, калі не сказаць мацней, завёў краіну ў тупік. І самае страшнае, што ніякай праграмы па выхадзе з гэтага тупіка няма... Некаторыя спадзяюцца на Ельцына. А на маю думку, гэта — азартны палітычны гулец, хітруган і спрактыкаваны інтрыган, для якога на першым месцы не інтарэсы народа, краіны, а свае карыслівыя мэты.

Я выказаў асцярожную думку, што нашы, беларускія кіраўнікі ўсё гэта разумеюць і стараюцца па меры магчымасці нівеліраваць згубныя наступствы.

— А якія ў нас магчымасці?.. — не пагадзіўся Іван Пятровіч. — Надрукаваць прапагандысцкі артыкул у вашай газеце, сабраць партыйны сход? Дык людзі ўжо не вераць нам. Калі штодзень перабоі з прадуктамі, дык якая тут можа быць ідэалогія. На нашых вачах адбываецца крушэнне ідэалаў. А людзі без ідэалаў — страшная рэч. Нездарма такі разгул злачыннасці... Страшна ад магчымасці сацыяльнага выбуху... І дзе пры гэтым нашы кіраўнікі? Той жа Сакалоў? Ён быў выдатны гаспадарнік на Брэстчыне, але цяпер, у крызісны час, аказаўся і не палітыкам, і не змагаром... Мы з табой на нядаўнім партыйным з'ездзе выбралі Малафеева. Зноў-такі як гаспадарнік ён прэтэнзій не выклікае. А як палітык? — Шамякін красамоўна развёў рукамі: — Баіцца выказаць сваю думку. Разгублены, спалоханы... Шушкевіч? Хай бы ён лепш вучыў студэнтаў, займаўся сваёй справай. Ягоны бацька любіў у нас выступаць на кожным сходзе. Але часта — як у лужу... І таму сур'ёзна не ўспрымаўся. Я і малодшага Шушкевіча не магу ўспрымаць сур'ёзна.

— Іван Пятровіч, а калі б тады, на з'ездзе, выбралі Бровікава, можа, сітуацыя ў нас сёння была б іншая?

— Сумняваюся. Хто такі Бровікаў? Журналіст, які не адбыўся. Партработнік, які нідзе доўга не затрымаўся. Нічым сябе не праявіў і як кіраўнік урада. Таму і апынуўся на пасадзе пасла ў Польшчы... Адзіная ягоная заслуга, што ён асмеліўся на пленуме ЦК выступіць з крытыкай курса Гарбачова. Але ж гэтага мала для сур'ёзнага палітыка... Да таго ж, ён вельмі хворы чалавек.

— Дык на каго ж цяпер надзея, Іван Пятровіч? На інтэлігенцыю?

— Пра інтэлігенцыю некалі слушна сказаў Ленін. І яна цяпер цалкам апраўдвае забойчую ленінскую характарыстыку. Адна частка нашай хвалёнай інтэлігенцыі кінулася падпяваць разбуральнікам, аплёўваць усіх і ўсё. А другая — стаілася, замёрла, чакае, куды павернецца ход падзей.

Гэткае ж раздзяленне адбылося і сярод нас, пісьменнікаў. На вялікі жаль, крыкуноў, гарлапанаў-дэмагогаў аказалася занадта многа. Разам з так званай галоснасцю, свабодай слова прыйшла поўная анархія, беспакаранае аплёўванне чалавека і гісторыі. Што пішуць! Што паказваюць! Жах...

Нас, старэйшых, тых, хто стаіць на патрыятычных пазіцыях, называюць саўкамі, камунякамі, а нашыя творы — саўдэпаўскімі агіткамі... Так, кнігі нашыя прасякнуты ідэалогіяй, якой мы сумленна і шчыра служылі. Але па сваёй сутнасці гэта была ідэалогія глыбока гуманная, чалавечная. А сёння камусьці вельмі хочацца зрабіць людзей жывёламі...

Каб адысці ад размовы пра палітыку, якая прыкметна ўзрушыла, усхвалявала Шамякіна, я папытаўся ў яго пра здароўе.

— А, — махнуў рукою Іван Пятровіч, — якое там здароўе ў такіх умовах. Пакутую ад бяссонніцы. Прачнуся сярод ночы і не магу заснуць да раніцы, усё думаю, перажываю... Ад гэтага мае хворыя сасуды даймаюць мяне яшчэ горш... Дый узрост ужо, што ні кажы, не юначы. Некалі я мог па дзесяць-пятнаццаць гадзін сядзець за пісьмовым сталом. А цяпер... Нават паперы добрай не маю, пішу на нявыкарыстаных дэпутацкіх бланках.

— Дык усё-такі нешта пішацца?

— Трохі пішацца... От і для вашай газеты прынёс невялікі ўрывак са свайго дзённіка за апошні год.

— Выдатна! А я ўжо хацеў званіць вам, прасіць што-небудзь для публікацыі.

— Ну, значыць, нашы жаданні супалі. Дзякую!

Мы цёпла развіталіся, і Шамякін пайшоў. А ў мяне яшчэ доўга шчымела сэрца. Ніколі раней, за ўсе гады нашага знаёмства, не бачыў я Івана Пятровіча такім разгубленым, такім самотна-падаўленым...

Болей мы не сустракаліся. Падзеі ў краіне пачалі развівацца гэтак імкліва, з такімі катастрафічнымі наступствамі, што было не да сустрэч. Забаранілі Камуністычную партыю, а на камуністаў сталі вешаць усіх сабак. Развалілі Савецкі Саюз, і ў нацыянальных рэспубліках пачалася калатнеча. Беларусь апынулася на раздарожжы, у поўнай эканамічнай ізаляцыі. У краіне нарастала сацыяльная напружанасць — банкруціліся прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Упершыню людзі спазналі беспрацоўе, татальны дэфіцыт усяго.

Як жыў у гэты час Іван Шамякін? Цяжка, гаротна. Яго дзённік тых гадоў напоўнены смуткам, болем, а часам і адчаем. Івана Пятровіча хамавата, не па-людску выпіхнулі з «Энцыклапедыі», дзе ён быў галоўным рэдактарам. Ну як жа — камуняка! Амаль перасталі друкаваць, а калі друкавалі, то плацілі капеечныя ганарары, за якія цяжка было карміць сям'ю. Памёр сын Саша, у сорак гадоў. Памерла Марыя Філатаўна, любімая жонка, верная спадарожніца, нястомная памочніца. Самога даймалі невылечныя хваробы.

І самае дзіўнае, што ў гэтых умовах, у гэтых неверагодных абставінах пісьменнік думаў не толькі аб сваіх праблемах, але і аб тых бедах, якія зваліліся на народ, на краіну.

«А сёння зноў на душы валун: адчуванне, што падыходжу да апошняй рысы. Не толькі я. Народ увесь. Ходзяць фантастычныя чуткі аб новым скачку цэн... Няўжо сілы, што разбурылі Дзяржаву, такія ўсемагутныя і такія помслівыя, што хочуць нас давесці да голаду і поўнага разбурэння?»

«Зноў у душы маёй трывога і роспач. Страх за дзяцей! І злосць на ўсіх — і на камуністаў, што аддалі ўладу без бою, і на дэмакратаў, якія бяздумна, па-дурному разбураюць усё, на чым трымалася жыццё. Гэта ж ідыятызм — так разбураць толькі па той прычыне, што гэта стваралася, будавалася камуністамі! Нямала яны зрабілі карыснага для народа. Ад таго і шалеюць ельцыны, паповы, пазьнякі...»

«Жыву палітыкай, літаратурай, кіно. Жыву жыццём народа, хварэю за яго беды. Здзіўляюся тым, хто ў эйфарыі ад таго, што адбылося ад развалу Саюза. Па-мойму, у такой эйфарыі — сытыя. «Бытие определяет сознание». Формула дасканалая і неаспрэчная».

«Літаратура марнее. Калі не знікне праблема публікацыі, тыражоў, літаратура пачне выраджацца, а за ёй — іншыя віды мастацтва і ўся культура. Такія могуць быць вынікі адраджэння, беларусізацыі».

«Дзіўна. Такі папулярны быў, столькі мне пісалі, запрашалі, а цяпер у беспрасветнай прасторы. Павіс. Апынуўся па-за часам...»

«Адно не лянуюся — пісаць. Заўтра здам кнігу і сяду за новую аповесць. Трэба пісаць! Хоць зрэдку апякае думка: а навошта? Для каго? І ўсё роўна — трэба
пісаць!»

І Шамякін — хвала нябёсам! — нягледзячы ні на што — пісаў. З адным жывым вокам, з незагойнай душэўнаю траўмаю, адольваючы фізічную нямогласць, пісаў. За нейкіх пятнаццаць гадоў стварыў два раманы і восем аповесцяў. У гэтых творах з усёй паўнатой, з любоўю і глыбокай спагадаю адлюстравана ўсё, чым мы жылі ў тыя суровыя гады.

Але заўсёды — і гэта натуральна — на першым месцы ў пісьменніка былі думкі, клопат пра лёс роднай мовы, пра росквіт беларускай літаратуры. Непазбыўны клопат на працягу ўсяго яго жыцця.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Прэв'ю: infox.ru

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.