Вы тут

Тыя, хто ідуць міма, — гэта мы


Выбачайце, але зноў, услед за «Нефарматам» Святланы Яскевіч, пра нашу абыякавасць. Выпадак, які здарыўся пазаўчора ў Мінску на шматлюдным праспекце, бадай што страшнейшы, чым той, які ў сваім матэрыяле апісвала мая калега. Там мёртвы чалавек некалькі дзён ляжаў у кватэры і ніхто з суседзяў не пацікавіўся, не паклапаціўся, не забіў трывогу. Тут жа чалавек жывы ляжаў на вуліцы ледзь не пад нагамі ў мінакоў і прасіў аб дапамозе. І яму ніхто — чуеце: НІХТО не дапамог...


Пра гэты ў прамым сэнсе нечалавечы ўчынак не аднаго — многіх людзей паведамілі сталічныя міліцыянеры. Нават прывычным да розных сітуацый праваахоўнікам стала не па сабе ад такога раўнадушша. Мужчына сямідзесяці двух гадоў ішоў вечарам па вуліцы і паваліўся. Можа, паслізнуўся, можа, убок павяло, можа, кіёк, на які апіраўся, падвёў. Кіёк адскочыў убок, без яго стары чалавек падняцца не мог. Заставалася адно: клікаць на дапамогу — людзі ж вакол ходзяць, не ў лесе, дзякуй богу, паваліўся. Але людзі абыходзілі яго, грэбліва ўздыхаючы: маўляў, яшчэ адзін п'яніца ляжыць. Невядома, чым бы скончылася для беднага дзеда яго літанне ў халоднай цемры, калі б не міліцэйскі патруль, які ехаў міма. Хлопцы, убачыўшы чалавека на дарозе, спыніліся, дзядулю паднялі, выклікалі хуткую дапамогу, пазванілі сваякам. Тыя прымчалі, забралі старога дадому, падзякавалі міліцыянерам. Хэпі энд. Апладысменты.

«Медыкі, што прыбылі на месца здарэння, ніякіх сур'ёзных пашкоджанняў у старога чалавека не знайшлі». Можа, яно і так. Не паспеў дзядуля схапіць прастуду. Але што ў яго на душы? Як збалела яго сэрца ад роспачы і крыўды на людзей, колькі хвілін, гадзін, гадоў жыцця ў яго гэта здарэнне адабрала? Медыкі хуткай пра гэта маўчаць. Гэта не ў іх кампетэнцыі — крыўду і роспач лячыць.

А дыягназ у гэтым выпадку трэба ставіць не няшчаснаму старому — усім нам. І ён, дыягназ, зусім для нас несуцяшальны. Што? Вы гатовы спрачацца са мной? Ах, забылася — мы ж гасцінныя, добрыя і талерантныя... Пакінем гэту казку (якую, як мяркуюць сацыёлагі, мы самі збольшага і прыдумалі) для гасцей і турыстаў. А калі шчыра — вось давайце самі сабе скажам: ці спынімся на вуліцы каля чалавека, які ўпаў, калі ён не вельмі добра апрануты (а дзе вы бачылі асабліва прыбраных пенсіянераў?) і калі ёсць падазрэнне, што ён выпіўшы?.. Вось і ўся наша талерантнасць. І яшчэ тут спрацоўвае гэта пачуццё масавай адказнасці, так характэрнае для вялікіх і не вельмі паселішчаў: чаму менавіта я, вунь колькі людзей вакол, нехта ж падыдзе, не прападзе чалавек. А калі не падыдзе ніхто, кіруючыся гэткім самым прынцыпам? Хто будзе вінаваты, калі чалавек, якому патрэбна дапамога, так яе і не дачакаецца? Ніхто. Бо мы ж нічога ніякага, мы проста ішлі міма.

«Чалавек не можа складна, зразумела гаварыць, нават асобныя словы. Пагаршаецца каардынацыя, хада хісткая, галавакружэнне, страта арыентацыі ў прасторы. Чалавек зусім альбо часткова не разумее таго, хто да яго звяртаецца. Ён не выконвае просьбаў і не рэагуе на пытанні»... Чыё, па-вашаму, гэта апісанне? П'янага, які не вяжа лыка? Згодна. Але гэтыя словы я цытую з медыцынскага даведніка, так апісваюцца відавочныя прыкметы інсульту... Дык гэта ж міма п'янага мы пройдзем, а хвораму дапаможам? А як адрозніць з першага погляду аднаго ад другога, калі няма медыцынскага досведу? А вы ўпэўненыя, што, мінаючы чалавека, які нешта незразумела балбоча, седзячы на вуліцы, і не можа ўстаць, мы не выракаем яго на пагібель, якой можна было б пазбегнуць, калі б дапамога прыйшла своечасова?..

Самае страшнае ведаеце што? Ад падобнай сітуацыі ніхто з нас — такіх чысценькіх, цвярозых, прыстойных — не застрахаваны. І заўтра любы можа апынуцца на вуліцы ў лужыне, безвынікова спрабуючы звязаць два словы аб дапамозе. Ці хтосьці з нашых старых бацькоў, выйшаўшы на прагулку ў старэнькім паліто і зашмальцаванай шапцы, паслізнецца або спатыкнецца і не здолее падняцца. І людзі, абмінаючы, будуць грэбліва крывіць твары і прыспешваць хаду... І сярод людзей можна пачуваць сябе самотным, як у халодным чорным космасе, і літанне ў цемры ніхто не пачуе...

Страшна? Такога проста не можа быць? Яшчэ як можа. У любы час. З кожным. Спытайце дзядулю з Партызанскага праспекта — ён пацвердзіць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: s-vfu.ru

Загаловак у газеце: Літанне ў халоднай цемры

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.