Вы тут

Чым адзначылася Мюнхенская канферэнцыя?


Напрыканцы мінулага тыдня ў Германіі прайшла 56-я штогадовая Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы. Сёлета на форум з'ехаліся каля 800 удзельнікаў — палітыкаў, прадстаўнікоў дзелавых і навуковых колаў, а таксама праваабарончых арганізацый з усяго свету. Сярод іх — 35 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, амаль 100 міністраў замежных спраў і абароны. Штогод ад Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы чакаюць нейкай сенсацыі ці хоць бы інтрыгі. І на гэты раз чаканні не падманулі. Удзельнікам канферэнцыі прапанавалі прайсці глабальны квэст. Яго ўмовы такія: ЗША і Еўропе пагражае «беззаходнасць» і трэба неадкладна прадухіліць яе распаўсюджанне. Што азначае гэты тэрмін і як з ім жыць?


У выйгрышы — эліты

Фонавай тэмай і слоганам сёлетняга сусветнага форуму па бяспецы стала так званая Westlessness — літаральна, «беззаходнасць», што азначае аслабленне палітычных, эканамічных, а роўна і культурных пазіцый Захаду на сусветнай арэне. У дакладзе, апублікаваным незадоўга да пачатку канферэнцыі, яе арганізатары звярнулі ўвагу на ўсё больш моцныя пазіцыі лідараў незаходняга свету — такіх, як Расія і Кітай.

Каментатары і палітыкі, працытаваныя ў дакладзе, сыходзяцца ў тым, што прычыны гэтага крызісу ляжаць у двух галінах: культурнай і эканамічнай. Цвёрдая ўпэўненасць у тым, што заходнія каштоўнасці ў выніку заваююць увесь свет, прывяла да таго, што да голасу незадаволеных і тых, хто сумняваецца, не прыслухоўваліся. Але атрымалася не зусім так: свет не стаў адной вялікай рынкавай ліберальнай дэмакратыяй. Тыя ж Кітай і Расія пайшлі іншым шляхам.

Ідэя безальтэрнатыўнасці заходняй мадэлі дала расколіну, і ў многіх краінах, асабліва Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, здарылася культурная контррэвалюцыя: абаронцы традыцый узялі верх над прыхільнікамі хуткай грамадскай лібералізацыі.

Другая прычына — эканамічная, мае тыя ж карані. Хуткая лібералізацыя бізнесу і фінансаў разам з глабалізацыяй прывялі да выбуховага росту багацця Захаду і пераходу да постіндустрыяльнай мадэлі. У выйгрышы апынуліся ў асноўным эліты, а цяжар выдаткаў лёг на сярэдні і рабочы клас. Як і ў выпадку з культурнай лібералізацыяй, эканамічная палітыка падавалася як безальтэрнатыўная і лепшая ў сваім родзе. Незадаволеных зноў-такі не слухалі. Фінансавы крызіс дзесяцігадовай даўніны канчаткова падарваў веру большасці насельніцтва ў тое, што такая эканамічная мадэль справядлівая, а яе інструменты і інстытуты эфектыўныя.

Людзі пачалі губляць веру ў здольнасць уплываць на ўладу, і дэмакратыя дала збой. Калі з 1940-х па 1980-я сярэдняя яўка на выбарах стабільна трымалася ў раёне 77 працэнтаў, то ў посткрызісны перыяд з 2011 па 2015 гады яна ўпала да 66 працэнтаў, прычым найбольш значна — у Еўропе. Вакуум, які ўтварыўся, запоўнілі папулісты, скарыстаўшыся запытам на альтэрнатыву ранейшай палітыкі і істэблішменту.

Канец гегемоніі

Свет стаў шматпалярным, гегемоніі Захаду канец. Заснавальнік найбуйнейшай сусветнай паліткансалтынгавай кампаніі Eurasіa Group амерыканскі палітолаг Ян Брэмер суміраваў адчуванні ад канферэнцыі ў лаканічным твіт: «Глабальны парадак на чале з ЗША скончаны. І ён не вернецца».

Ваенная моц НАТА даўно не тая, Савет Бяспекі ААН паралізаваны. Безумоўнае лідарства ў абаронных тэхналогіях страчана. Раней Захад дамінаваў ў міжнародных інстытутах развіцця і прасоўваў свае ідэалы. Цяпер яго ўплыў зніжаецца: Кітай стварае паралельныя структуры і ўсе больш уплывае на існуючыя.

ЗША паралізавалі работу Сусветнай гандлёвай арганізацыі і пагражаюць скараціць фінансаванне НАТА і ААН. Іншая ядзерная дзяржава — Вялікабрытанія вырашыла выйсці з галоўнага мірнага праекта пасляваенных гадоў — Еўрапейскага саюза. «Цэлы шэраг міжнародных інстытутаў, якія лічыліся асновай сусветнага ліберальнага парадку, перажываюць не лепшыя часы», — гаворыцца ў дакладзе.

Але нават калі Захаду ўдасца пераадолець унутраныя супярэчнасці, знешнія пагрозы нікуды не падзенуцца і аб вяртанні гегемоніі гаворкі быць не можа. Яму прыйдзецца навучыцца не толькі суіснаваць і канкурыраваць з іншымі сістэмамі, але і супрацоўнічаць з імі ў вырашэнні агульнасусветных праблем, накшталт змены клімату.

«У нашы дні цяжка пазбегнуць уражання, быццам Захад адступае, загнівае і нястомна адбіваецца ад нападаў знутры і звонку», — заўважылі аўтары дакладу.

Паміж трох мораў

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі было і выступленне Майкла Пампеа. Але па прыездзе ў Мюнхен дзяржсакратар ЗША правёў спачатку шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый з іншых краін. Сярод першых — перамовы з Сяргеем Лаўровым.

Дыялог кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў ЗША і Расіі прайшоў за зачыненымі дзвярыма, і дэталі не выдавалася. Развітваліся палітыкі ўжо ў прысутнасці журналістаў. Паціскаючы руку Лаўрову, Пампеа ўсміхнуўся і гучна вымавіў «Good luck!»

«Удзельнікі Мюнхенскай канферэнцыі так і войкнулі. Мала каму цяпер амерыканцы жадаюць нешта добрае», — іранічна пракаментавала словы дзяржсакратара прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава.

Але самому Пампеа было не да іроніі. Сваё выступленне ў Мюнхене ён пачаў з крытыкі тых, хто сумняваецца ў лідарстве Захаду. На думку дзяржсакратара, у супрацьстаянні з апанентамі ліберальных каштоўнасцяў ЗША і Еўропа «абавязкова апынуцца пераможцамі».

Пампеа раскрытыкаваў тыя краіны Захаду, якія сумняваюцца ў паспяховасці НАТА. Больш таго, ён заклікаў краіны Еўрасаюза развіваць новыя інтэграцыйныя праекты. Сярод найбольш прыярытэтных Пампеа назваў рэалізацыю праекта «Міжмор'я», або «Ініцыятывы трох мораў». Яго сутнасць у аб'яднанні дзяржаў ЕС, размешчаных паміж Адрыятычным, Балтыйскім і Чорным морамі.

«Мы прапануем вылучыць да аднаго мільярда долараў для фінансавання «Ініцыятывы трох мораў» з тым, каб стымуляваць інвестыцыі прыватнага сектара ў энергетычную сферу», — паабяцаў Пампеа. Пры гэтым ён заклікаў падключыць да ўдзелу ў праекце і Украіну.

Нефармат ад Зяленскага

Мабыць, ні для каго Мюнхенская канферэнцыя не была такой хвалюючай, як для Уладзіміра Зяленскага. У баварскай сталіцы ён выступаў упершыню, і ўвага да яго прамовы была павышаная. Паслухаць прэзідэнта Украіны прыйшлі дзеючыя і адстаўныя палітыкі. Жадаючых аказалася так шмат, што для некаторых, якія спазніліся на пачатак прамовы, не хапіла месцаў.

Выступленне Зяленскага было не падобнае на тыя, што прамаўлялі ў Мюнхене высокапастаўленыя чыноўнікі. Яно, хутчэй, нагадвала звыклы для яго жанр ток-шоу. Прэзідэнт прадставіў некалькі тэзісаў, шмат жартаваў, размаўляў з залай. Усё сведчыла аб тым, што «мюнхенскі фармат» прыйшоўся яму па душы. Аўдыторыя, зрэшты, таксама атрымала задавальненне ад жартаў Зяленскага. Але казаў ён шмат і аб сур'ёзным. На пытанне аб імпічменце Трампа Зяленскі заўважыў: «Калі я быў акцёрам, я вельмі хацеў атрымаць «Оскар» і стаць папулярным у ЗША. І цяпер я папулярны ў ЗША, але я гэтага не жадаў!»

«Я рады, што ўдалося зладзіць сапраўдныя дэбаты. Менавіта гэтага мы і хацелі», — падсумаваў старшыня Мюнхенскай канферэнцыі Вольфганг Ішынгер. Тэма бяспекі прагучала ў Германіі і на гэтым тыдні. Праўда, на жаль, у крывавым кантэксце. Днямі ў выніку стральбы ў Ханаў загінулі 11 чалавек. Канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла, што, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра напад, які меў праваэкстрэмісцкі характар.

Захар БУРАК


У тэму

Беларусь ніколі не будзе сябраваць з кімсьці за кошт кагосьці. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў «Известиям» падчас свайго ўдзелу ў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. «Мы хочам нармальныя, добрыя адносіны з усімі нашымі партнёрамі. Натуральна, з суседзямі яны аб'ектыўна будуць больш блізкімі», — заўважыў міністр. Уладзімір Макей прыняў удзел у круглым стале для інвестараў высокага ўзроўню, арганізаваным цэнтрам «Agora Strategy Group», паведамілі ў прэс-службе МЗС. Падчас мерапрыемства, на якім прысутнічала больш за 20 прадстаўнікоў найбуйнейшых міжнародных і германскіх інвестыцыйных фондаў, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прадставіў эканамічны патэнцыял Беларусі і магчымасці для інвеставання ў нашу краіну.

Загаловак у газеце: У пошуках Захаду

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.