Вы тут

«Падарожжа па родным краі». Капыльскі досвед


Прадаўжэннем кніжнай серыі выдавецтва «Беларусь» «Падарожжа па родным краі» стаў зборнік нарысаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча «Капыльшчына. Душа рвецца сюды».


«Назву гэтай кнігі-споведзі я  ўзяў, адштурхоўваючыся ад сказанага двума выдатнымі ўраджэнцамі Капыльшчыны. Класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны з вялікай радасцю сустрэў вестку пра вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сваім дзённіку ён пісаў: “Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там…” Па сутнасці, тое ж самае прамаўляў у навеле “Адвячоркам” і Цішка  Гартны: “Чаму я так ірвуся сюды — да гэтай прыроды?”», — піша Алесь Марціновіч у прадмове да сваёй кнігі.

Перш-наперш краязнаўца звяртаецца да раскрыцця паходжання назвы старажытнага паселішча. Вось што зазначае Алесь Марціновіч: «…Хутчэй за ўсё назва Капыль звязана з  абазначэннем адной з прылад для апрацоўкі глебы. Раней у  сялянскіх дварах часта можна было напаткаць капыл — штосьці падобнае на матыку, кірку. Захавалася і назва “капылле”». «Капылле, як тлумачыць В. Жучкевіч,  — палетак. Апрацаваны матыкай, капылом». Хоць верагодна паходжанне назвы Капыль і ад слова «капыл» у іншым яго значэнні, якое вядома і сёння.

Па-свойму падыходзіў да тлумачэння гэтай назвы ўраджэнец Капыля расійскі археолаг і этнограф Уладзімір Малюковіч. Ён звяртаў увагу на паняцце «капа» ў яго колішнім разуменні — старадаўняй меры вымярэння колькасці грошай, снапоў, яек. Яно, наколькі вядома, ужывалася некалі ў розных губернях, у тым ліку і на землях, што з’яўляюцца цяпер тэрыторыяй Беларусі. У гэтых разважаннях ёсць сэнс, хоць нельга адмаўляць і іншага варыянта. Буракі, іншыя дары поля і агароду для лепшага захоўвання складвалі ў капцы. Назва Капыль магла пайсці і ад гэтага слова.

Алесь Марціновіч расказвае пра курганы ў капыльскіх мясцінах. Згадвае пры гэтым легенду беларускай гісторыі і краязнаўства Аляксандра Ельскага (1834—1916), які «адкрыў два старажытныя паселішчы ў ваколіцах вёскі Пясочнае». Помнікам бронзавага веку, нагадвае пісьменнік, з’яўляюцца курганы ў ваколіцах цяперашняга райцэнтра, каля вёсак Быстрыца, Гулевічы, Навасёлкі, Пясочнае, Семежава, Чарнічнае, Макраны (сённяшняя Чырвоная Дуброва). Іх яшчэ называюць «капцы». Капыляне ўпэўнены, што гэта магілы заваёўнікаў — магчыма, шведаў, а можа, і французаў.

З кнігі «Капыльшчына. Душа рвецца сюды» цікаўны чытач даведаецца пра тое, які горад болей старажытны — Слуцк ці Капыль. Якім чынам звязаны з краем казацкі генерал Мацвей Платаў? Хто такі адвакат Якуба Коласа і яшчэ Максіма Танка — Казімір Петрусевіч? Якія часопісы выходзілі ў Капылі на пачатку XX стагоддзя? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае шукальнік гістарычнай праўды Алесь Марціновіч. У  кнізе — расповед пра Мендэля Мойхер-Сфорыма, Кузьму Чорнага, Міколу Хведаровіча, Алеся Адамовіча, Анатоля Астрэйку, Адама Бабарэку, Алеся Бельскага, Алеся Гурло, Аляксандра Каваленю, іншых знакамітых асоб, звязаных з Капыльскім краем.

Дарэчы, у серыі «Падарожжа па родным краі» павінны пабачыць свет краязнаўчыя кнігі Міколы Гайбы, Сяргея Чыгрына, Івана Аляксандрава, іншых дасведчаных збіральнікаў гістарычнай памяці пра розныя мясціны Беларусі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.