Вы тут

Як атрымаць электронную жыроўку ў райцэнтры?


У жыхароў Мінска ўжо даўно з'явілася магчымасць атрымліваць жыроўкі па электроннай пошце. Гэта зручна. Прычым як для насельніцтва, так і для камунальнікаў. Больш за тое, эканомія паперы спрыяльна адбіваецца на стане навакольнага асяроддзя. І калі з мінчанамі ўсё дакладна зразумела, то ці могуць жыхары раённых цэнтраў таксама зрабіць свой унёсак у экалогію?


Як паведамілі ва ўсіх абласных жыллёва-камунальных гаспадарках і ўпраўленнях ЖКГ, атрымліваць электронны варыянт паведамлення ЖКП замест папяровага могуць ужо ўсе жыхары райцэнтраў — адрозніваецца толькі спосаб атрымання такой магчымасці.

— У нашым рэгіёне гэтым пытаннем займаецца абласны разлікова-даведачны цэнтр, структурныя падраздзяленні якога створаны ў кожным раённым цэнтры, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзёла. — І мы самі зацікаўленыя ў тым, каб жыхары адмаўляліся ад папяровых варыянтаў паведамленняў, бо гэта эканомія сродкаў для нашых прадпрыемстваў. Аднак канчатковы выбар усё роўна застаецца за людзьмі.

І каб даведацца, які ж у людзей ёсць выбар, мы наўгад абзванілі некалькі прадпрыемстваў. Напрыклад, на сайце ЖКГ Віцебскай вобласці можна знайсці інструкцыю, як наладзіць праз асабісты кабінет АРІП атрыманне жыроўкі на электронную пошту ці ў месенджары. У Наваполацку прапанавалі і іншы варыянт — самастойна прыйсці ў разліковы цэнтр і напісаць заяву. У Лепелі акрамя гэтага можна даслаць СМС з адрасам сваёй электроннай пошты.

У Адзіным інфармацыйным разлікова-касавым цэнтры Гродна пачаць атрымліваць электроннае паведамленне можна праз афармленне заяўкі на сайце. Гэтую ж заяўку можна адправіць на электронную пошту ці прыйсці асабіста. Такія ж варыянты прапанавалі і ў Лідзе.

Ва Уздзе атрымаць электронную жыроўку можна будзе толькі пасля таго, як вы асабіста напішаце заяву. Пры гэтым жыхарам шматкватэрных жылых дамоў трэба звяртацца ў прадпрыемства ЖКГ, а ўласнікам прыватных дамоў — у водаканал. А вось у Салігорску мясцовае РКЦ прапаноўвае спажыўцам адразу некалькі варыянтаў — аформіць заяўку праз іх сайт ці асабісты кабінет АРІП, адправіць заяву на электронную пошту ці «Вайбер» і прыйсці з пашпартам у РКЦ.

У Рагачове і Мазыры адзначылі, што трэба прыйсці да іх асабіста і напісаць заяву. Вырашыць пытанне такім жа чынам можна і ў Быхаве. У Кіраўску акрамя гэтага можна паведаміць свой адрас і электронную пошту па тэлефоне.

А ў ЖРЭУ Брэста прапанавалі аформіць заяўку на атрыманне электроннага паведамлення праз іх сайт, але таксама можна звярнуцца і ў ЖЭС па месцы пражывання. Больш за ўсё ўразіў вопыт Бярозы. Наогул у Беларусі не ўсе камунальныя службы могуць пахваліцца наяўнасцю ўласнага сайта, а на інтэрнэт-рэсурсах некаторых вельмі цяжка знайсці неабходную інфармацыю — і вось менавіта ў Бярозе гэтую праблему вырашылі вельмі проста. Прапанова атрымліваць электронную жыроўку з'яўляецца ва ўсплываючым акне, як толькі заходзіш на сайт прадпрыемства. Пасля пераходу па спасылцы трэба ўказаць пэўныя звесткі (прозвішча, імя, адрас пражывання, электронную пошту і пры жаданні нумар тэлефона). Гэтыя ж звесткі можна прадыктаваць спецыялісту па тэлефоне ці прыйсці да яго асабіста.

***

Канешне, ніхто са спецыялістаў гэтых прадпрыемстваў не адмовіў у просьбе адпраўляць жыхарам электронны варыянт паведамлення ЖКП. І дакладна можна сказаць, што, каб даведацца пра спосаб атрымання такой магчымасці, дастаткова патэлефанаваць у ЖКГ ці разліковы цэнтр. Другое пытанне, што там не заўсёды прапаноўваюць зручныя для жыхароў варыянты. Калі ж чалавек жадае атрымліваць электронную жыроўку, то гэта ўжо сведчыць аб тым, што ён хоча быць як мага больш мабільны. А неабходнасць асабістага звароту ў ЖКГ гэтаму толькі перашкаджае. Аднак, як адзначана на сайце НКФА «АРІП», вырашыць пытанне можна праз іх асабісты кабінет. І такая паслуга даступная на ўсёй тэрыторыі Беларусі. На жаль, не ў кожнай ЖКГ сёння гэта адзначаюць.

Валерыя КІСЛАЯ

Загаловак у газеце: Зручны варыянт, карысны для наваколля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.