Вы тут

Як у Мінску праводзіцца кінафестываль без дзяржпадтрымкі і спонсараў


У сталіцы завяршылася ўжо шостае «Нефільтраванае кіно».

«Хто захоча арганізаваць у Беларусі кінафестываль, знойдзе для гэтага шляхі», — кажа Аляксандр Мартынюк. Пад яго наглядам у Мінску ўжо шосты раз прайшоў фестываль «Нефільтраванае кіно», які абыходзіцца без дапамогі дзяржавы і спонсараў і пры гэтым паказвае гледачам адмыслова падабраныя праграмы кароткаметражак, сярод якіх удзельнікі Канскага, Венецыянскага ці Берлінскага кінафестываляў. Дарэчы, Гран-пры гэтым разам упершыню ўзяў беларускі фільм — «Усе мерапрыемствы па плане» Алеся Лапо. Расказваем, як працуе кінафестываль без вялікіх амбіцый, на які тым не менш паўторна падаецца большасць яго ўдзельнікаў.


На працягу трох дзён чарговага «Няфільтра» з 13 да 15 сакавіка на гарадскіх пляцоўках адбыліся кіназнаўчая канферэнцыя, кінапаказы і сустрэчы з аўтарамі, якія прыязджаюць сюды з усяго свету (праўда, праз пандэмію каранавіруса колькасць гасцей скарацілася прыблізна ўдвая).

Фестываль з'яўляецца даволі своеасаблівай тусоўкай кінааматараў: запрошаныя рэжысёры жывуць разам, публіка піша водгукі на будучых дыпломах, фільмы абмяркоўваюцца за сангрыяй у «катакомбах» Ок16. Нічога зрэпетаванага, наўмыснага, урачыстага. «Няфільтр» прасоўвае сваю нефармальнасць, але ніякага радыкалізму — адной з пляцовак становіцца «традыцыйны» кінатэатр, а пераможцаў, якія называюцца на такой жа нефармальнай цырымоніі, вызначае экспертнае журы.

На лагатыпе — галава Леніна на целе дыназаўра, які трымае кінакамеру, а гэтая істота памяшчаецца між будынкаў «Варот Мінска». Ленін, па словах Аляксандра, тут носіць толькі дэкаратыўны характар, але ніяк не адлюстроўвае змест фестывальных праграм. «Фактура постсавецкай краіны — галоўнае, чым мы можам зацікавіць замежных рэжысёраў».

«Нефільтраванае кіно» пачыналася на Cіnema Perpetuum Mobіle — мінскім фестывалі кароткаметражных фільмаў, які некалькі гадоў паспяхова арганізоўваўся камандай кінааматараў. «На Cіnema Perpetuum была практыка так званых перадпраглядаў, калі людзі збіраліся, гэта было бясплатна, і проста глядзелі фільмы, якія прыйшлі на фестываль у якасці заяўкі, а іх было больш за тысячу», — расказвае Аляксандр Мартынюк. Адсюль з'явіліся фармат нефільтраванага кіно і ідэя будучага фестывалю, праўда, «сёння «Няфільтр» зусім не тое, чым ён быў напачатку — гэта як вёска Чырвоны Узгорак, некалі названая так з-за чабару, які ў ёй больш не расце».

Сам Аляксандр, юрыст па адукацыі, свой шлях да сферы кіно называе ланцужком невытлумачальна звязаных паміж сабой падзей. «У канцы 1980-х — пачатку 1990-х апроч тэлепраграм на тэлебачанні пачалі круціць маладое аўтарскае кіно, хоць уявіць такое было амаль немагчыма, а ў «Кінапанараме» кожныя выхадныя паказвалі карціны Феліні ці Антаніёні, якія глядзела нават мая неадукаваная маці. Тады ўпершыню я ўбачыў, напрыклад, «Жонку прадаўца газы» Аляксандра Кайданоўскага. Я адчуваў шурпатасць і непрыгладжанасць гэтых фільмаў, і, з аднаго боку, гэтая калючасць была дзіўная, а з другога — прывабная. Вось так падлеткам я чамусьці сядзеў і глядзеў усе гэтыя рэчы, і нават я, такі круты хлапец, выгадаваны гомельскай маскуліннай культурай, плакаў на фільмах».

Пэўна, «Няфільтр» пераймае падобную брутальнасць. Гэтым разам фестываль уключыў у сябе пазаконкурсы нефільтраваных карцін, паказ-дыскусію «Жанчыны ў кіно», амерыканскія антываенныя камедыі з Джоні Льюісам і гэтак далей, але галоўным чынам конкурсы анімацыйнага, дакументальнага, эксперыментальнага, ігравога і асобна беларускага кароткаметражнага кіно — усяго пяць.

«Мне было цікава паглядзець, як гэта, калі ты не траціш уласныя грошы на культурнае мерапрыемства». Бюджэт «Няфільтра», складзены з невялікіх кантрыбуцый, па словах Аляксандра, у некалькі дзясяткаў разоў меншы за бюджэт, напрыклад, Нацыянальнай кінапрэміі. «Мне нават страшна ўявіць, што мы маглі б зрабіць за тыя грошы, — можа, запусціць некага ў космас?» — жартуе Аляксандр. Сродкі фестывалю ідуць на арэнду памяшканняў, пакрыццё выдаткаў на пражыванне гасцей, паліграфію і яшчэ тое-сёе.

Арганізатары штогод атрымліваюць некалькі сотняў заявак. «У свеце больш за сем тысяч кінафестываляў, і ў фільммейкера вялікі выбар пляцовак, таму мы знаходзімся ў велізарнай канкурэнцыі». Пры гэтым большасць рэжысёраў, што прыязджаюць на фестываль, падае заяўкі зноў і зноў. Яны завязваюць тут сяброўскія сувязі, у выніку ездзяць адно да аднаго ў госці, вяртаюцца на «Няфільтр» альбо нават прыязджаюць у Беларусь, каб здымаць кіно, як Майкл Флорэз — яго створаная ў нашай краіне кароткаметражка «Дзе Ленін?» была ў выніку прадстаўлена ў конкурснай праграме мінулага «Няфільтра».

«На адной з кінафестывальных платформ, дзе ты атрымліваеш фідбэк ад удзельнікаў падзеі, мы праз станоўчыя водгукі два гады былі ў топе пяцісот найлепшых фестываляў свету», — дзеліцца Аляксандр. Дора Карл з Германіі, аўтарка дакументальнай стужкі «Сезонныя госці», уключанай у конкурсную праграму гэтага года, умомант адказала мне, што не здзіўляецца такім вынікам, бо атмасфера на фестывалі сапраўды надзвычай прыязная. Пэўна, «Няфільтр» з яго нязмушанасцю і свабодай валодае для замежных гасцей адмысловым шармам — шырокія, амаль экстатычныя ўсмешкі на яго пляцоўках блішчаць то тут, то там.

У конкурсных праграмах між тым нешта «нефільтраванае», рандомнае ўсё ж захоўваецца, таму назва фестывалю — не проста рудымент, але і знак той бессістэмнасці і радасці прадчування. Тут можна ўбачыць анімаваную саву-нявінніцу, якая мажа жаночыя трусы сырам і адпраўляе іх фетышыстам у Японію, альбо ўзноўленае відэа школьніц, якія забілі жанчыну ў яе доме і паказалі гэта ў сацсетках.

Дарэчы, пры атрыманні пракатнага пасведчання, па словах Аляксандра, у каманды фестывалю не бывае праблем. «Насамрэч у Заходняй Еўропе гэтыя працэсы больш жорсткія, беларускія заканадаўства і правапрымяняльная практыка даволі лаяльныя, у некаторых выпадках нават працуе прынцып «можна, калі асцярожна», — расказвае заснавальнік «Няфільтра». — Напрыклад, у нашай краіне пракатнае пасведчанне, згодна з рэгламентам і з прызначэннем узроставай катэгорыі, выдаецца бясплатна, а ў Вялікабрытаніі ты мусіш заплаціць за кожную дазволеную хвіліну. Адзін блогер нават сабраў на краўдфандынгу грошы, каб зняць адзінаццацігадзінны фільм пра тое, як на сцяне сохне шэрая фарба, каб прымусіць экспертаў гэта глядзець».

Варта адзначыць падтрымку фестывалем беларускага кіно: па-першае, нашы рэжысёры могуць падаваць заяўкі бясплатна, па-другое, прэтэндаваць не толькі на беларускую конкурсную праграму — у апошні дзень «Няфільтра» ў Ок16 быў паказаны праект «Гусін» рэжысёра Андрэя Кашперскага і Андрэя Гурына, які вядзе блог пра сваё жыццё з гусаком. Гусак у касцюме на фестываль быў запрошаны таксама.

Алесь Лапо, варта сказаць, сёлета канкурыраваў з чатырма калегамі, напрыклад, з эксперыментальнай стужкай Таццяны Свірэпы «Чысцец» пра чачэнскіх бежанцаў у Брэсце альбо жартаўлівым ролікам Мікіты Лаўрэцкага «Я стаміўся прадказваць Оскары». Фільм пра кіраўніка вясковага Дома культуры, які прыдумляе для мясцовых камп'ютарныя курсы, а тым на гэта начхаць, бо агароды, аказаўся па-за канкурэнцыяй настолькі, што атрымаў не толькі галоўны прыз свайго конкурсу, але і Гран-пры фестывалю. Зрэшты, гэта прыгожае рашэнне журы.

Дыпломы з напісанымі на адваротным баку водгукамі гледачоў і прызы былі ўручаныя рэжысёрам у нядзелю 15 сакавіка, і шосты «Няфільтр» афіцыйна закрыўся. Магчыма, фестываль, хоць і сам не без страт, праводзіў сезон кінападзей у часовую паўзу.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота прадастаўлена фестывалем

Загаловак у газеце: Узяць нефільтраванага

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Галаву можна вешаць, ламаць, сушыць, намыльваць... Але не губляць!

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь.