Вы тут

Маўклівыя сведкі? ​Пра што апавядаюць помнікі


Павага. Падзяка. Памяць. Для Беларусі, якая страціла кожнага трэцяга, гэта не пустыя словы. У нашай краіне сапраўды вельмі многа зроблена для ўвекавечання гераічнага подзвігу і памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.


Яшчэ ішлі бязлітасныя баі, а ў краіне ўжо гаварылі пра тое, што неабходна збіраць інфармацыю пра ваенныя падзеі і расказваць, як самааддана змагаецца беларускі народ. У верасні 1942 года на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Саюза савецкіх архітэктараў і Саюза савецкіх мастакоў БССР абмяркоўвалася і была зацверджана «Праграма на складанне эскіза-ідэі помніка героям Айчыннай вайны». Праграма прадугледжвала таксама ўсталяванне помнікаў у буйных гарадах і райцэнтрах Беларусі, на тэрыторыі якіх адбываліся значныя ваенныя падзеі і здзяйсняліся подзвігі.

У ліпені 1944 года Савет народных камісараў БССР і ЦК КП(б)Б прымаюць пастанову «Аб захаванні і доглядзе месцаў пахавання воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну і пахаваны на тэрыторыі Беларускай рэспублікі», дзе падкрэсліваецца, што магілы людзей, якія аддалі жыццё за вызваленне Беларусі, павінны стаць народнымі святынямі і месцамі пакланення на вякі. І сёння, калі прайшло амаль 75 гадоў, як закончылася вайна, вельмі шмат увагі ўдзяляецца догляду месцаў памяці. Розныя арганізацыі і прадпрыемствы сочаць за навядзеннем парадку на воінскіх пахаваннях. Мануметы і памятныя знакі аднаўляюцца і рэстаўруюцца. Узводзяцца новыя абеліскі. Працягваюцца пошукавыя работы і вяртаюцца імёны тых, хто загінуў. Менавіта гэтай працы і будзе прысвечаны наш новы праект.

Прышчэпка патрыятызму

У межах акцыі «У славу агульнай Перамогі!» збіраюцца гістарычныя матэрыялы і зямля з усіх мемарыяльных пахаванняў і месцаў баявой славы 1941–1945 гадоў. Больш за 80 раёнаў Рэспублікі Беларусь правялі памятныя мерапрыемствы па заборы зямлі з месцаў баявой славы для змяшчэння яе ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых

Цяжка знайсці куток без сведчанняў аб трагедыях і подзвігах, што адбываліся ў нашай краіне. Шматлікія мемарыяльныя комплексы, помнікі, брацкія магілы, курганы — гэта не проста даніна людзям, якіх забрала вайна. Гэта цудоўны дапаможнік для наступных пакаленняў — па іх можна вывучаць гісторыю. Каля дзевяці тысяч помнікаў, што сёння стаяць на Беларусі, — гэта ж сапраўдны летапіс Вялікай Айчыннай вайны, матэрыял для выхавання моладзі! Новы праект «Звязды» запрашае да размовы не толькі пра абеліскі, але і пра мужнасць і самаахвярнасць. Пра чалавечыя каштоўнасці. Пра любоў да сваёй радзімы.

З пытаннем, як захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну і як перадаваць яе наступным пакаленням, калі сведкаў становіцца ўсё менш, я звярнулася ў Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў. Створаная 27 сакавіка 1987 года падчас першай канферэнцыі ветэранаў БССР, сёння арганізацыя налічвае больш за два мільёны членаў, у тым ліку каля шасці тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 13 тысяч былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання. Сярод кірункаў дзейнасці аб'яднання — абарона правоў ветэранаў, дапамога ім у вырашэнні сацыяльна-бытавых пытанняў. Значная работа праводзіцца членамі арганізацыі па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, супрацьдзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі. Цяжка назваць арганізацыю, якая зрабіла больш, чым ветэранская, для патрыятычнага выхавання моладзі.

Нягледзячы на ўзрост, ветэраны актыўна падключаюцца да мерапрыемстваў, якія праходзяць у музеях, бібліятэках, навучальных установах, праўдзіва і аб'ектыўна апавядаюць пра тое, што бачылі самі. Толькі ў 2018 годзе яны сталі ўдзельнікамі больш чым 25 тысяч інфармацыйных гадзін, круглых сталоў, урокаў мужнасці, семінараў, сумесных святкаванняў памятных дат у гісторыі краіны і іншых мерапрыемстваў, якія знаёмяць дзяцей і моладзь з гісторыяй. А летась ветэраны пабывалі на 30 тысячах такіх сустрэч!

Сёлета Беларускае грамадскае аб'яднанне атрымала прэмію «За духоўнае адраджэнне».

Увагу моладзі!

«Вельмі прыемна, што заслугі арганізацыі адзначаны на такім высокім узроўні, — дзеліцца ўражаннямі першы намеснік старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Юрый Луцык. — Мы падтрымліваем тыя традыцыі, якія пакінулі нашы папярэднікі, і ў той жа час шукаем новыя формы работы з моладдзю. А знайсці падыход да сучасных школьнікаў і студэнтаў не так проста. Адбываюцца адкрытыя дыялогі. Дзеці задаюць шмат пытанняў, часам няпростых».

«Сёння дзяцей цікавяць уласныя гісторыі, яны больш чакаюць нейкіх прыватных дэталяў, — далучаецца да размовы старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Іван Гардзейчык. — Сустракаюцца ветэраны і з маладымі прызыўнікамі, даюць ім наказы. Ваеннаслужачых больш цікавяць спосабы і метады баявых дзеянняў. І мы разумеем, што нельга спыняць такую работу, таму што сёння інтэрнэт выкарыстоўваецца для таго, каб фальсіфікаваць гісторыю, уздзейнічаць у першую чаргу на маладых. Вы паглядзіце, як падаецца гісторыя Другой сусветнай вайны ў іншых краінах. Каго там выстаўляюць пераможцамі? Як расказваюць пра ролю саюзнікаў? А дзе тыя салдаты, што ішлі ад Брэста да Волгі, ад Волгі да Берліна? Колькі жыццяў аддадзена за вызваленне Еўропы! Якія страты нямецка-фашысцкім войскам былі нанесены!»

У Беларусі ёсць усё для таго, каб змагацца са скажонай інфармацыяй. Практычна ў кожным горадзе працуюць музеі, яны створаны ў воінскіх часцях, школах. Сабрана багата інфармацыі, выдадзена шмат кніг. Абеліскі сведчаць пра тое, колькі сыноў, бацькоў не вярнулася дадому, колькі нявінных людзей было закатавана, забіта, спалена. Наведайце Буйніцкае поле і Брэсцкую крэпасць, якія раскажуць пра гераічную абарону Магілёва і Брэста. Якія краіны — удзельнікі Другой сусветнай вайны могуць пахваліцца такімі подзвігамі? Абеліскі героям сведчаць, на што ішлі нашы людзі, каб абараніць, адстаяць, вызваліць землі ад захопнікаў. Хатынь і помнікі іншым знішчаным вёскам — гэта аповед пра маштаб трагедыі. У іншых краінах людзям цяжка паверыць, што на Беларусі іх было спалена 9 тысяч. А пра трагедыю ў Трасцянцы — адным з найбуйнейшых лагераў смерці ў свеце і самым буйным на тэрыторыі былога Саюза — да апошняга часу, пакуль у нас не адкрыўся мемарыял, у Еўропе наогул амаль не ведалі.

Напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ветэранскім актывам арганізавана навядзенне парадку на мемарыялах, брацкіх магілах і месцах воінскіх пахаванняў (больш чым 10 тысяч помнікаў за год).

Нават праз 75 гадоў работа па вяртанні імёнаў не спыняецца. У банк даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь» унесены звесткі пра больш чым 12 тысяч чалавек, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пастаўлена на ўлік 33 воінскія пахаванні і 13 пахаванняў ахвяр вайны.

Задачы на будучыню

— Здавалася б, столькі робіцца на месцах, такі арсенал сродкаў для выхавання падрастаючага пакалення мы маем, але ці паўсюль гэта выкарыстоўваецца? Напрыклад, за дзевяць гадоў, што мой старэйшы сын вучыўся ў школе, іх клас ні разу не з'ездзіў ні ў Брэсцкую крэпасць, ні ў Хатынь. Што можна страціць, калі перастаць удзяляць увагу гэтай тэме? — пытаю ў прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі.

— Мы можам бачыць, што адбываецца ў суседніх краінах. Нездарма рускія некалі прыдумалі выраз: «Иван, родства не помнящий». Такога чалавека можна схіліць да любой веры, маніпуляваць ім, адсекчы ад ведаў, ад каранёў, ад станоўчых якасцяў, якія ёсць у яго народа, — заўважае Іван Аркадзевіч. — Ёсць ісціны, якія непахісныя, і іх трэба даносіць падрастаючым пакаленням. Выхаваўчая работа не вядзецца нахрапам і наскокам, ад выпадку да выпадку. Яна павінна быць сістэмнай, пастаяннай, паслядоўнай.

І не трэба адмаўляцца ад таго станоўчага вопыту, што выкарыстоўваўся ў ранейшыя часы. Юрый Луцык згадаў, як раней школьнікаў за кошт прадпрыемстваў, гаспадарак вазілі ў Брэсцкую крэпасць і да іншых мемарыялаў. Сёння ўсё ўпіраецца ў грошы, некаторыя бацькі яшчэ падумаюць, ці даваць іх на аўтобусную паездку дзіцяці.

А кірункаў для работы з моладдзю можна знайсці многа. Сёння вельмі патрэбна дапамога валанцёраў. Часам у ветэранскую арганізацыю паступаюць трывожныя званочкі, што ў вёсках, якія выміраюць, застаюцца брацкія магілы, іх няма каму даглядаць. Часам з такімі зваротамі звяртаюцца састарэлыя людзі, якія сёння жывуць далёка ад малой радзімы і не маюць ужо ні сіл, ні здароўя даехаць на могілкі да сваіх бацькоў-ветэранаў.

Скарачаецца колькасць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ёсць асобныя раёны, у якіх ужо не засталося ніводнага ветэрана. Дапамога і ўвага моладзі спатрэбіцца людзям, якіх хваробы прыкоўваюць да ложкаў. І варта згадваць не толькі непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў.

Не лішняя будзе дапамога і старэйшага пакалення. Добра сябе паказала акцыя «Ветэран — ветэрану», калі дужэйшыя людзі клапоцяцца пра іншых людзей паважнага ўзросту. Насельніцтва Беларусі імкліва старэе. Але сярод «маладых» пенсіянераў багата такіх, якія яшчэ гатовы паслужыць, часта — бескарысліва, толькі б адчуваць сябе запатрабаванымі. І трэба падумаць, куды накіраваць энергію гэтых людзей.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.