Вы тут

У ваенную акадэмію iмкнуцца адбiраць таленавiтых курсантаў


Ваенная акадэмiя — тое месца, дзе рыхтуюць не толькi будучых кадравых афiцэраў, але i вучоных. Як жа арганiзаваны гэты працэс у адной з самых вядомых сiлавых навучальных устаноў краiны? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з намеснiкам начальнiка аддзела навуковай работы Ваеннай акадэмii Рэспублiкi Беларусь палкоўнiкам Аляксандрам Белегавым.


— Наколькi шырокая сфера iнтарэсаў? Калi курсанты пачынаюць займацца навуковай дзейнасцю?

— Мы iмкнёмся адбiраць таленавiтых курсантаў, якiя цiкавяцца навукай, яшчэ на малодшых курсах. Безумоўна, на першым курсе iдзе станаўленне курсанта як вайскоўца, а агульныя акадэмiчныя дысцыплiны патрабуюць павышанай увагi да вучобы. Як быццам для навуковай дзейнасцi магчымасцяў i часу застаецца не вельмi шмат. Але ўжо на другiм курсе мы заўважаем курсантаў, якiя паспяваюць лепш за астатнiх i iмкнуцца да новых ведаў. Спачатку даём магчымасць паўдзельнiчаць у навукова-практычных канферэнцыях у Ваеннай акадэмii, пасля ўжо ўзровень павышаецца да мiжвузаўскага.

— Раскажыце пра работы, якiя былi адзначаны апошнiм часам.

— Калi казаць пра штогадовы конкурс навуковых работ студэнтаў, якi праводзiцца пад эгiдай спецыяльнага фонду Прэзiдэнта, то нашы курсанты бяруць там удзел штогод. Сёлета накiравана 30 работ. 26 з iх атрымалi дыпломы першай ступенi. У банк даных адоранай моладзi ў 2018 годзе трапiлi шэсць курсантаў, а летась — адзiн. Студэнцкая навука ў першую чаргу накiравана на ўдасканаленне самога адукацыйнага працэсу, узораў узбраення ваеннай тэхнiкi. Гэта аўтаматызаваныя сiстэмы кiравання, сродкаў сувязi, баявых авiяцыйных комплексаў, беспiлотнай авiяцыi, падтрымкi i прыняцця рашэнняў, мадэляванне ваенна-тэхнiчных сiстэм — усе тыя кiрункi, якiя ў нашай краiне маюць iнтэнсiўнае развiццё. Адным з цiкавых кiрункаў з'яўляецца стварэнне спецыяльнага праграмнага забеспячэння.

— А калi курсант схiльны не толькi да тэхнiчных навук, але i да гуманiтарных?

— Штогод каманда Ваеннай акадэмii ўдзельнiчае ў алiмпiядзе па ваеннай гiсторыi сярод ваенных ВНУ краiн Садружнасцi Незалежных Дзяржаў. I традыцыйна займае высокiя месцы. Напрыклад, у 2019-м нашы курсанты вярнулiся з алiмпiяды з сярэбранай узнагародай. Занялi прызавыя месцы i ў асабiстым першынстве. У гэтым кiрунку вельмi добра выступае кафедра тактыкi агульнавайсковага факультэта.

— Што менавiта ўяўляла сабой алiмпiяда?

— Для яе ўдзельнiкаў распрацаваны розныя заданнi. Яны датычылiся як ведання гiстарычных момантаў, так i здольнасцi творча падыходзiць да выканання задачы. Такiм чынам, вайскоўцы павiнны праявiць не толькi веды, але i здольнасць правiльна i прыгожа выкласцi свае думкi. Для будучага афiцэра гэта вельмi важна, таму што яму ў будучынi працаваць з людзьмi i аддаваць загады.

— Цi ўдаецца ўвасобiць тэарэтычныя напрацоўкi курсантаў у жыццё?

— Курсанцкiя распрацоўкi носяць хутчэй характар рацыяналiзатарскiх прапаноў i ў адукацыйным працэсе, i ў практыцы войскаў. Натуральна, тых, якiя могуць выкарыстоўвацца адразу, не так шмат. Але, напрыклад, падчас эксплуатацыi некаторых узораў ваеннай тэхнiкi можна ўдасканалiць пэўныя тэхналагiчныя працэсы. Усё гэта афармляецца дакументальна, у тым лiку з выдачай пасведчання аб рацыяналiзатарскай прапанове. I ёсць прыклады, калi яны выкарыстоўваюцца не толькi ў Акадэмii, але i ў войсках.

— Не сакрэт, што размяркоўваюцца 100 % выпускнiкоў Ваеннай акадэмii, бо iх набiраюць на першы курс згодна з замовай Мiнiстэрства абароны. Але што, калi афiцэр хоча вучыцца далей?

— У нашай магiстратуры штогод выдзяляецца 15 месцаў для паступлення. Гэта навукова-педагагiчны профiль ваенна-тэарэтычнай, тэхнiчнай i гуманiтарнай сфер. Усе гэтыя месцы вочныя i, натуральна, бюджэтныя. Адсюль вынiкае тое, што мы з курсантаў павiнны адабраць найбольш падрыхтаваных выпускнiкоў, якiя добра паспяваюць i найбольш схiльныя да навуковай дзейнасцi. Абавязковая ўмова — быць уключанымi ў рэзерв навуковых кадраў. Ён фармiруецца ўнутры акадэмii. Асаблiвасць рэзерву ў тым, што курсант павiнен быць уключаны ў яго яшчэ да прысваення першага афiцэрскага звання. Але ўсе месцы па квоце Мiнiстэрства мы запаўняем. Ад нас туды ўваходзяць 32 адораныя таленавiтыя вайскоўцы — сярод iх 28 афiцэраў i чатыры курсанты. I адбор вельмi сур'ёзны, бо ахвотных паступаць у нашу магiстратуру вельмi шмат. Праўда, у нас ёсць варыянт i завочнай формы атрымання адукацыi на гэтай ступенi. Ён больш працяглы i, магчыма, дзесьцi больш складаны — увага ўдзяляецца ў першую чаргу самастойнай рабоце, — але пры ўсiм тым мае месца. I калi ў чалавека ёсць цяга да ведаў — мы такую магчымасць даём.

Пры гэтым мы iмкнёмся «адсеяць» людзей, якiя спрабуюць паступiць у магiстратуру з нейкiх iншых прычын, якiя не звязаны наўпрост з навуковай дзейнасцю. Перад намi ставiцца задача стапрацэнтнага паступлення выпускнiкоў магiстратуры ў ад'юнктуру. I амаль заўжды так i атрымлiваецца. Выключэнне можа быць толькi тады, калi iснуе службовая неабходнасць задзейнiчаць афiцэра ў iншым кiрунку дзейнасцi.

— Аднак навуковай дзейнасцю займаюцца не толькi курсанты, але i афiцэры.

— Тут усё як i ў грамадзянскай ВНУ. Кандыдаты i дактары навук — настаўнiкi для будучых навуковых кадраў. У нас ёсць некалькi кiрункаў сур'ёзных даследаванняў у галiне радыётэхнiкi, радыёлакацыi, сувязi. Новы этап развiцця перажывае беспiлотная авiяцыя. Гэта не толькi назiранне за аб'ектамi, але i большае ўключэнне задач, неабходных менавiта ў ваеннай сферы. Некаторыя прадукты, распрацаваныя ў Ваеннай акадэмii, прымаюцца на ўзбраенне нашай армii. I патэнцыял тут вялiкi, асаблiва ў галiне таго, каб замянiць матэрыяльна затратныя працэсы на трэнажоры. Наша задача — дамагчыся, каб вучэбныя задачы выконвалiся з мiнiмальным задзейнiчаннем рэсурсаў. Пакуль што распрацоўваем працэдурныя трэнажоры, якiя не iмiтуюць фiзiчныя дзеяннi. Але яны мусяць валодаць максiмальнай вiзуалiзацыяй.

Сярод нашых распрацовак — вiртуальны працэдурны трэнажор бартавога комплексу абсталявання самалёта Як-130. Дзякуючы яму авiяперсанал можа адпрацаваць практычныя навыкi падчас перадпалётнай падрыхтоўкi самалёта. Сеткавы вiртуальны трэнажор для падрыхтоўкi спецыялiстаў па радыёсувязi прызначаны для таго, каб нашы навучэнцы адпрацоўвалi практычныя пытаннi без рэальных узораў радыёсродкаў.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.