Вы тут

З любоўю і адказнасцю да малой радзімы


Прайшлі 2018-ы і 2019-ы, аб’яўленыя гадамі малой радзімы. 2020-ы — завяршальны з гэтай плеяды. Пабачыла свет многа выданняў, прысвечаных малой радзіме, адбыліся конкурсы на найлепшае прызнанне ў любові да роднага краю, складзена безліч песень, тысячы айчынных і замежных турыстаў здзейснілі азнаямляльныя паездкі па адметных мясцінах Беларусі, гарадках і вёсках, што ўзгадавалі знакамітых дзеячаў навукі і культуры. А што значыць любіць сваю малую радзіму? Не толькі ведаць яе, ганарыцца ёй, але і дбаць пра захаванне гістарычнай спадчыны, упэўнены Уладзімір Цялежнікаў, ураджэнец Полацка. Будучы дэпутатам 12-га склікання, актыўна займаўся аднаўленнем гістарычнай спадчыны роднага горада. Не гісторык па адукацыі, ён стаў ім па патрабаванні душы, па поклічы сэрца. З яго дапамогай у Полацку аднавілі званарню Спаскага манастыра і часткова яго правы корпус, а таксама царкву ў складзе корпуса. Акрамя таго, Уладзімір Цялежнікаў — арганізатар і натхняльнік многіх культурных праектаў. Пра тое, чаго не хапае самаму старадаўняму айчыннаму гораду, каб адпавядаць свайму гістарычнаму статусу, з Уладзімірам Цялежнікавым пагутарыў карэспандэнт «ЛіМа»:

— Уладзімір Іванавіч, што для вас паняцце малой радзімы?

— Для мяне малая і вялікая радзімы супадаюць. Па маці маю полацкія карані з глыбіні вякоў. Калі быў хлапчуком, на свае вочы бачыў, як знішчаліся шматлікія культурныя помнікі (мне было 10 гадоў, калі ўзарвалі Мікалаеўскі сабор, самы магутны каталіцкі цэнтр на Беларусі, які закладаўся як сабор Святога Стэфана). У тым узросце мы з аднагодкамі капаліся, дзе маглі, збіралі манеты. Так, аднаго з нас ледзь не засыпала ў лёхах пад Наваяўленскай царквой — ледзь за ногі выцягнулі. Мы ўсе жылі Полацкам.

Старэйшае пакаленне, нягледзячы на тое, што гісторыі ў той час не надавалася асаблівай увагі, добра ведала мінулае Полацка. Многія сучасныя даследчыкі-практыкі і блізка не маюць тых ведаў…

— Чым, на вашу думку, адметны Полацк, акрамя агульнавядомых фактаў?

— У гэтага горада асаблівая аўра. Калі людзі прыязджаюць у Полацк, іх апаноўвае магутны патрыятызм. Прыкладаў таму шмат. Духоўнае аблічча горада фарміравалася больш як тысячагоддзе... Які горад можа пахваліцца тым, што меў 11 каменных храмаў ХІ— ХІІІ стагоддзя, 16 манастыроў ХІ—ХVIII стагоддзяў, з якіх 9  — не праваслаўныя і прадстаўлялі амаль усе рэлігійныя плыні? Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя Полацк знаходзіўся ў цэнтры ўсіх палітычных працэсаў. Нават ліквідацыя уніі там адбывалася — і невыпадкова, бо горад быў магутным міжканфесійным і культурным цэнтрам. Без згоды мясцовых і ваяводу тут нельга было прызначыць! Полацк меў выключнае значэнне! Іван Грозны, калі ўзяў горад, адлюстраваў гэта на сваім гербе! А па колькасці вядомых прадстаўнікоў культуры ХІІ—ХІІІ стст. з Полацкам не можа сапернічаць ніводзін горад! Але сёння пра гэта мала хто ведае...

— Магчыма, таму, што гэтыя моманты не знайшлі адпаведнага адлюстравання ў гістарычна-архітэктурным абліччы горада?

— Калі забудоўвалі горад, не ўлічылі яго гісторыю як магчымасць стварыць адзіны гістарычна-архітэктурны ансамбль: у 1970—1980-я гады дзякуючы кіраўніку гісторыка-культурнага запаведніка Таццяне Рудавай быў закладзены гістарычны канцэпт. Яна змагла пераканаць кіраўніцтва ў тым, што трэба напоўніць Сафію, стварыць музей кнігадрукавання. Яна здолела ўвязаць усё ў агульны цыкл, і ўсё з тых часоў і трымаецца на гэтым патэнцыяле. Але ж трэба развівацца далей! Як прыклад — у краязнаўчым музеі — каля 80 тысяч артэфактаў. А зойдзеш туды — спачатку невялікая экспазіцыя па старажытным горадзе, а потым — адразу 1812 год. І вялізныя плошчы пад савецкі перыяд! А куды зніклі 5 стагоддзяў сярэднявечча? Госці горада кажуць: «Акуратна, чыста, фасады пафарбаваныя, а глядзець няма на што!» Заходзіш у царкоўную лаўку: можа, Полацкая Адзігітрыя ёсць (самы старажытны абраз Божай Маці, цяпер страчаны. — Заўв. рэд.)? Няма! Хаця вядома, што копія знаходзіцца ў музеі Санкт-Пецярбурга (даказана, што яна зроблена менавіта з Полацкай Адзігітрыі). Прападаюць фрэскі Ефрасіннеўскай царквы, з вялікімі цяжкасцямі адноўленыя: з’явіўся грыбок…

— З чым звязаны такі застой?

— Праблема ў тым, што няма адзінага бачання таго, што мы хочам паказаць. А калі хтосьці праяўляе ініцыятыву, часта асобны культурны аб’ект атрымліваецца вырваным з агульнай карціны, гістарычнага кантэксту. Ці на карысць гэта гораду, калі праекты помнікаў і культурныя праграмы не звязваюцца ў адзінае цэлае, не ствараюць агульнай экспазіцыі? Напрыклад, помнік самаму знанаму князю полацкаму Усяславу Чарадзею. Дзе ён знаходзіцца? Не ў цэнтры. А пачынаецца плошча з помніка вайне 1812 года, побач — помнік вызваліцелям горада ў Вялікай Айчыннай вайне. Але ж горад найбольш цікавы сваім самым старажытным перыядам! Тое ж — і з плошчай Францыска Скарыны. У яе цэнтры — фантан. Не помнік. А як жа ідэалагічны складнік, пра які трэба помніць заўжды?

— Але ж была зацверджана праграма па развіцці горада на 2008—2012 гады, працягнутая да 2015 года!

— Цэнтр горада ратуе адноўленая частка езуіцкай акадэміі, дзе размясцілі тое, што і было там стагоддзі таму, — полацкі ўніверсітэт, першы на тэрыторыі Беларусі.

Не так даўно з’явіўся праект зрабіць на тэрыторыі Верхняга замка каля Сафіі кадэцкае вучылішча. Спачатку гараджане ўспрынялі гэта з энтузіязмам, бо замчышча шмат гадоў прастаяла разбураным. Але праект і звесткі аб тым, што канкрэтна хочуць там зрабіць, нікому не паказвалі. І тут высвятляецца, што плануецца разгарнуць цэлы ваенны гарадок закрытага тыпу з поўнай інфраструктурай (інтэрнат, вучэбны корпус, харчаблок, пляц, спартыўны гарадок) — і гэта зойме палову замчышча, цалкам адсякаючы Сафію… У адноўленым выглядзе вучылішча зойме больш чым палову плошчы Верхняга замка, цалкам блакіруючы гісторыка-культурнае развіццё гэтага сакральнага для нацыянальнай гісторыі і культуры месца. Ці добрая гэтая ідэя?.. Абмеркаванні такой прапановы выклікалі абуральную рэакцыю ў інтэрнэце…

— А што, на вашу думку, было б правільным?

— Патрэбна прафесійнае шырокае абмеркаванне праблемы Верхняга замка на агульнадзяржаўным узроўні. Наспеў час сур’ёзна ставіцца да сваёй гістарычнай памяці, неабходна паважаць яе і выкарыстоўваць у ідэалагічных мэтах. Не паўтараць памылкі, калісьці ўжо зробленыя!

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй.