Вы тут

Францішак Багушэвіч і Якуб Колас. Жыватворны ўплыў класіка


Даследчык творчасці Францішка Багушэвіча Уладзімір Содаль пісаў: «Амаль усе сучаснікі Якуба Коласа, а таксама многія яго папярэднікі — Адам Гурыновіч, Альгерд Абуховіч, Карусь Каганец, Цётка, Янка Купала, Ядзвігін Ш., Гальяш Леўчык, Максім Гарэцкі, Максім Багдановіч і шмат якія іншыя літаратары пакінулі нам свае шчырыя словы ўдзячнасці вялікаму беларускаму адраджэнцу Мацею Бурачку (Ф. Багушэвічу) за тое, што ён сваімі творамі абудзіў у іх сэрцах цікавасць да роднай мовы, роднай культуры, роднага народу. Усе яны, без выключэння, назвалі Францішка Багушэвіча сваім настаўнікам, а ягоную творчасць той цудадзейнай крыніцай, якая натхніла іх узяцца за пяро. Адзіны, у каго мы не сустракаем такіх прызнанняў, дык гэта ў народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Але ці азначае гэта, што Якуб Колас не адчуў на сабе жыватворнага ўплыву Багушэвічавай творчасці, што яна не апладніла яго паэтычны дух?». Гэта безумоўна не так!


 Рукапісны зборнік Францішка Багушэвіча. З фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Малодшы брат Якуба Коласа Іосіф Міхайлавіч Міцкевіч успамінаў: «Багушэвіч горача звяртаўся да сваіх братоў-беларусаў з прызывам любіць і шанаваць сваю родную мову, бо яна прыгожая і не горшая за другія мовы, а таму яе трэба любіць, каб не ўмерці, бо чалавек перад сваім сконам перш губляе сваю мову, а потым умірае. Колас безумоўна гэта ведаў. І вось калі з’явілася на свет першая часопісь на беларускай мове “Наша доля”, Колас поўнасцю пераключыўся на беларускую мову, стаў палкім патрыётам і нацыяналістам».

Першы паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» выйшаў у Кракаве ў 1891 годзе, коласавы «Песні жальбы» ўбачаць свет значна пазней — у 1910-м. Агульнымі для абодвух зборнікаў з’яўляюцца тэмы долі-нядолі, зняволення, цяжкай працы простага чалавека. Нават назвы вершаў пераклікаюцца: «Мужык», «У астрозе», «Думкі» ў Якуба Коласа і «Дурны мужык, як варона», «У астрозе» і «Думка» ў Францішка Багушэвіча.

У абодвух класікаў беларускай літаратуры ёсць своеасаблівы запавет аб роднай мове для наступных пакаленняў, і калі ў Багушэвіча гэта радкі з прадмовы да «Дудкі беларускай» — «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!», то запавет Якуба Коласа ў яго лісце аб стане роднай мове, які ён занёс у ЦК КП Беларусі. Паэт пісаў: «Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстравалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў… Беларуская мова параўнаўча маладая. Хоць і даўно ўжо гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача інтэлігенцыі рэспублікі — берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць».

Яшчэ адным клопатам Якуба Коласа ў апошні год яго жыцця быў клопат аб стане могілак, іх запушчанасць вельмі непакоіла песняра. У лісце Якуба Коласа да члена Бюро ЦК КПБ Пятра Андрэевіча Абрасімава ад 17.05.1956 паэт пісаў: «Як мне вядома, амаль усюды па Беларускай савецкай рэспубліцы ў страшэннай запушчанасці знаходзяцца могілкі, дзе спачываюць вечным сном людзі, сышоўшыя ў магілы. Могілкі не агароджаны, па іх бесперашкодна топчацца скаціна. А на гэтых могілках ёсць вядомыя людзі, што прысвяцілі сваю дзейнасць, сваё жыццё народу і Радзіме — Францішак Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч і шмат іншых. Такая непавага да сваіх продкаў не ёсць сведчанне аб нашай культуры… Я прашу Вас падняць гэта пытанне для прыняцця адпаведных мер па ўпарадкаванні сельскіх і гарадскіх могілак». Імя пачынальніка новай беларускай літаратуры згадваецца і ў публіцыстычных артыкулах Якуба Коласа, дзе паэт піша аб Багушэвічу як аб адным з лепшых прадстаўнікоў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якімі мог бы ганарыцца кожны народ.

Невыпадкова, што у фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваюцца рэдкія выданні твораў Францішка Багушэвіча, а таксама ўнікальны экспанат — рукапісны варыянт «Дудкі беларускай». Хто і калі перапісаў зборнік — невядома. Верагодна, зроблена гэта было ў канцы ХІХ стагоддзя.

У той час творы з папулярнай «Дудкі беларускай» перадаваліся з вуснаў у вусны, перапісваліся: і з арыгінальнага рукапісу, і з першых выданняў. Рукапісны зборнік, які захоўваецца ў музеі класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, адрозніваецца па змесце ад друкаваных выданняў і ўяўляе сабой скарочаны варыянт зборніка, складаецца з прадмовы і васьмі вершаў: «Хрэсьбіны Мацюка», «Быў у чысцы!», «Немец», «У судзе», «Кепска будзе!», «Як праўды шукаюць», «У астрозе» «Праўда» (поўны зборнік мае 19 вершаў). Рукапіс захоўваўся ў асабістым архіве Якуба Коласа і ў 1979 годзе быў перададзены дырэктарам музея Якуба Коласа, сынам класіка Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам, у фонды музея.

Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.