Вы тут

Беларуска расказала, як жыве на каранціне ў Тэль-Авіве


«Навошта макіяж, калі з дому можна выйсці толькі ў масцы і акулярах?»

Ва ўсім свеце працягваецца барацьба з каранавірусам — дзясяткі дзяржаў закрылі свае граніцы і мінімізавалі ўнутраныя перамяшчэнні, а грамадзян, установы і прадпрыемствы адправілі на каранцін. Гэтыя меры закранулі і многіх беларусаў, якія цяпер жывуць і працуюць у іншых краінах. Пра тое, як вытрымаць самаізаляцыю далёка ад радзімы, якім чынам артысты і слухачы падтрымліваюць адно аднаго анлайн і пад якую мелодыю лепш за ўсё мыць рукі, «Звязда» распытала беларускую спявачку, лаўрэатку міжнародных музычных конкурсаў Марыну Васілеўскую, якая ўжо месяц знаходзіцца на каранціне ў Ізраілі.


— Я прыехала сюды летась на гастролі, і яны аказаліся даўжэйшыя, чым планавала, — расказвае спявачка. — Наогул мінулы год стаў вельмі плённым — шмат знаёмстваў з музыкантамі, кампазітарамі, творчай інтэлігенцыяй. Жыву ў Тэль-Авіве, выступаю з канцэртамі ў розных гарадах, супрацоўнічаю з аркестрамі, джаз-бэндамі, з тутэйшымі кампазітарамі запісалі шмат песень, зрабілі розныя тэматычныя праграмы. Тут многа рускамоўнай публікі, мігрантаў, але цікава выступаць і перад іўрытамоўнымі слухачамі, бо ў маім рэпертуары ёсць сусветныя хіты на розных мовах: англійскай, французскай, італьянскай, іспанскай — гэты фармат заўсёды запатрабаваны. Я сумяшчала прафесіі спявачкі і вядучай мерапрыемстваў — сёлета вяла канцэрт «Рускай дыскатэкі», дзе выступалі вядомыя расійскія гурты: «Самацветы», «Ліцэй», «Дэма». Пабывала ў гасцях на радыё «Рэка», дзе адбыліся прэм'еры маіх песень ізраільскіх аўтараў, прычым, што цікава, вядучы быў вельмі добра знаёмы з Нацыянальным аркестрам імя І. Жыновіча, у якім я працавала 15 гадоў. Акрамя таго, я выкладаю вакал і фартэпіяна для дзяцей, маім вучням ад 3 гадоў і больш, цяпер заняткі з імі працягваем анлайн.

9 сакавіка ў Марыны адбыўся, як кажуць прымхлівыя артысты, «крайні» канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню. А з 15 сакавіка ўжо ўсе культурныя, спартыўныя, відовішчныя, наогул, любыя масавыя мерапрыемствы ў краіне былі адмененыя. Зачыніліся тэатры, музеі, гандлёвыя цэнтры, школы і дзіцячыя садкі, афіцыйныя ўстановы.

Каранцін і штрафы

— На мой погляд, усё адбывалася імкліва: пасля футбольнага матча стала вядома, што адзін чалавек хворы на каранавірус, і тут жа ўсе, хто быў на тым матчы, сышлі ў двухтыднёвы каранцін — дарэчы, тут вельмі строга сочаць і правяраюць, каб чалавек знаходзіўся дома, а парушальнікаў караюць вялізным штрафам. (Памер штрафу складае, паводле «РІА Навіны», ад 500 да 5 тысяч шэкеляў, у эквіваленце гэта 140—1400 долараў ЗША. — «Зв».)

На сёння, напрыклад, з дому можна выйсці на адлегласць максімум 100 метраў, каб прагуляцца, наведаць краму ці аптэку, пры гэтым неабходна вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю ў 1,5-2 метры паміж людзьмі. Ад 12 красавіка абавязкова трэба насіць маску (выключэнні толькі для некалькіх катэгорый грамадзян, у тым ліку дзяцей да 6 гадоў).

З 8 да 15 красавіка ў Ізраілі адзначалі Песах, і ў першы і апошні дні свята ўрад абвясціў татальны каранцін — нельга было наогул пакідаць дом з трох гадзін дня да наступнай раніцы. Чаму такія жорсткія меры? Бо ізраільцяне традыцыйна святкуюць Песах, ходзячы ў госці адно да аднаго і гуляючы па вуліцы, і многіх не спынілі б паўмеры. Так што сустракалі свята перад камп'ютарам — па канферэнц-сувязі, віншавалі сяброў і сваякоў праз манітор.

Стасункі на адлегласці

— Безумоўна, ратуюць сацыяльныя сеткі. Без іх наогул не ведаю, што было б, а так з сябрамі і роднымі можна падтрымліваць кантакт анлайн, дый з публікай таксама. На пачатку каранціна былі, дарэчы, трансляцыі і з устаноў культуры — калі на сцэне выступаюць адзін-два чалавекі пры пустой зале, але ідзе трансляцыя на інтэрнэт-платформах. Цяпер у асноўным такія трансляцыі і прамыя ўключэнні артысты ладзяць з дому, бо няма сіл сядзець склаўшы рукі.

— Ці захапілі цябе распаўсюджаныя цяпер у сеціве флешмобы — «ІзаІзаляцыя», удзельнікі якой «ажыўляюць» вядомыя мастацкія палотны з сабой у галоўнай ролі, або спартыўныя чэленджы?

— Днямі ізраільскія дзеячы культуры, мастацтва і сферы забаў абвясцілі інтэрнэт-акцыю, у якой мне таксама прапанавалі ўдзельнічаць, — у сацыяльных сетках публікуем яркія фота «на рабочым месцы», з розных канцэртаў і шоу, каб падсілкаваць людзей у гэты няпросты час станоўчымі эмоцыямі. Таксама я пачала весці ў сваіх сацсетках прамыя эфіры: загадзя спытала, ці хочуць людзі, каб я для іх спявала, — атрымала большасць водгукаў, што так, безумоўна. Нават з улікам таго, што ў мяне прафесійнай апаратуры дома няма і што хатні інтэрнэт-сігнал няўстойлівы, — першы блін аказаўся не камяком, слухачы ўхваляюць ідэю і робяць замовы, што хацелі б пачуць.

Многія артысты лічаць, што і дома неабходна «трымаць сябе пры парадзе», але Марына гэтым не заклапочана: «Хоць і панакупляла шмат новых адценняў памады, але забылася ўжо, калі наносіла макіяж. Дый навошта, калі з дому можна выйсці толькі ў масцы і акулярах, каб абараніць вочы? Аднак бачу ў гэтым свае плюсы — скура адпачывае ад сцэнічнай касметыкі».

Мыць рукі і марыць

— Я ўсё жыццё даволі часта мыю рукі, так што для мяне гэтае правіла ніякіх цяжкасцяў не выклікала. Спецыяльнага «рукамыйнага» рэпертуару не маю, — па голасе чуваць, што Марына ўсміхаецца, — аднак калі б раіла, то, безумоўна, сваю песню — «Грай, скрыпач».

— Многія, хто сядзіць у самаізаляцыі не першы тыдзень, дзеляцца марамі, што будуць рабіць, #каліўсёгэтаскончыцца. Што ты абавязкова зробіш, калі свет вернецца да больш-менш звыклага рытму жыцця?

— Я вельмі люблю мора і цяпер якраз жыву недалёка ад яго — можна дайсці пешшу. Але дайсці, сама разумееш, зараз ніяк не атрымаецца, і я вельмі сумую па такой магчымасці. Таму першае, што я зраблю, — пабягу на мора, якое і падсілкоўвае, і супакойвае, у якім бы стане і настроі ты ні знаходзіўся... А пакуль — застаюся дома.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з асабістага архіва артысткі

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.