Вы тут

Кацярына Зенкевіч: Амаль 30% фінансавання ідзе на падтрымку забруджаных тэрыторый


На пытанні карэспандэнта «МС» адказвае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. Тэма размовы — ход выканання ў рэгіёне Дзяржпраграмы «Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011—2015 гады і на перыяд да 2020 года».

На Гомельшчыне 19 раёнаў з 21 — гэта тэрыторыі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі. У зонах радыеактыўнага забруджвання знаходзіцца 1197 населеных пунктаў. У 1135 з іх жыве каля 880 тысяч чалавек.


— Кацярына Анатолеўна, што робіцца ў рэгіёне абласным Саветам дэпутатаў па ліквідацыі наступстваў самай страшнай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы?

— Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў зацверджаны і кантралюецца ход рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў па выкананні Дзяржпраграмы. Наш Савет дэпутатаў таксама забяспечвае маніторынг і кантроль выканання праграмы, спрыяе ажыццяўленню яе палажэнняў на месцах.

Першы прыярытэтны кірунак дзейнасці нашых органаў мясцовай улады — сацыяльная абарона насельніцтва, забеспячэнне льгот і бясплатнае харчаванне навучэнцаў. Напрыклад, 83 % жыхароў вобласці, а гэта больш за 1,2 мільёна чалавек, знаходзіцца пад дыспансерным наглядам. Выдаткі на яго за 2016—2019 гады склалі 317 тысяч рублёў. За гэты ж перыяд дзякуючы сродкам рэспубліканскага бюджэту аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне прайшло больш за 257 тысяч чалавек.

Выдаткі на забеспячэнне бясплатнага харчавання навучэнцаў устаноў адукацыі, што размешчаны на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, складаюць больш за палову ад агульнага фінансавання ў межах Дзяржпраграмы. Пятая частка гэтага бюджэту накіроўваецца на радыяцыйную абарону і адраснае прымяненне ахоўных мер. У выніку аздараўленне сельскагаспадарчых угоддзяў дазваляе вырошчваць чыстую прадукцыю.

— Прыклад, калі ласка.

— Фермерскія гаспадаркі Брагінскага раёна сёння могуць вырабляць прадукцыю са знакам «Эка». Яны выкарыстоўваюць перадавы аграрны досвед і тэхналогіі і цяпер вырошчваюць звыш трыццаці розных відаў агародніны і зеляніны: таматы, перцы, баклажаны, шпінат, рукалу. У прыватнасці, шмат разнавіднасцяў капусты: брокалі, цвятная, пекінская... Прадукцыя адпавядае ўсім нормам і рэалізуецца на рынкі, у гандлёвыя сеткі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Прэтэнзій да якасці прадукцыі брагінскіх фермераў няма.

— А як на Гомельшчыне фінансуюцца мерапрыемствы Дзяржпраграмы?

— За 2016—2019 гады ў межах Дзяржпраграмы ў вобласці рэалізавана мерапрыемстваў на агульную суму звыш 890 мільёнаў рублёў. У 2016—2020 гадах аб'ём сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што накіроўваюцца на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у выглядзе субвенцый у бюджэт Гомельскай вобласці, складзе 1173 мільёны рублёў, або 62 % ад аб'ёму агульнарэспубліканскага фінансавання.

— Ці адрозніваецца цяпер жыццё ў раёнах Гомельшчыны, што найбольш пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС, ад так званых чыстых раёнаў?

— Наша галоўная мэта — зрабіць усё, каб не было нават падставы для параўнання са знакам мінус. Вядома, што сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпелых рэгіёнаў удзяляецца асаблівая ўвага, амаль 30 % агульнага фінансавання размяркоўваецца на падтрымку гэтых тэрыторый. У межах праграмы ЧАЭС у 2016—2019 гадах пабудавана 343 кватэры (дамы), з іх 18 кватэр прызначана для інвалідаў-чарнобыльцаў, 325 кватэр (дамоў) для спецыялістаў.

Хачу адзначыць, што за гэтымі сухімі лічбамі статыстыкі стаіць так неабходная дапамога людзям. Нагадаю: сем населеных пунктаў забяспечана прыродным газам, газіфікавана 770 жылых дамоў, пракладзена больш за 90 кіламетраў газаправода, уведзена ў эксплуатацыю дзевяць станцый абезжалезвання, пабудавана і рэканструявана тры артэзіянскія свідравіны, амаль 40 кіламетраў водаправодных сетак.

Праводзяцца іншыя жыццёва важныя мерапрыемствы: усталёўваюцца энергаэфектыўнае абсталяванне на кацельнях, тэхналагічныя прылады ў школьных стаўках, закупляецца транспарт для перавозкі дзяцей.

— Якая праведзена работа па будаўніцтве ці рэканструкцыі аб'ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры, а таксама сельскагаспадарчага прызначэння?

— Гэта даволі працяглы спіс самых розных аб'ектаў. Назаву найбольш значныя: рэканструкцыя дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў Гомелі пры долевым удзеле «чарнобыльскіх» сродкаў, рэканструкцыя сярэдняй школы ў аграгарадку Радуга Веткаўскага раёна, мадэрнізацыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Брыз» у Чачэрску, капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі раённага Дома культуры ў Брагіне.

Акрамя таго, адкрыта 12 малочна-таварных фермаў у найбольш пацярпелых раёнах. У 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю птушкафабрыка каля аграгарадка Навасёлкі Веткаўскага раёна (вытворчая магутнасць 20 тысяч тон мяса птушкі ў год). За два апошнія гады набыта 912 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі для арганізацый, якія працуюць у пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёнах.

— Кацярына Анатолеўна, як вядома, абласны Савет дэпутатаў выступае ініцыятарам кропкавага падыходу ў вырашэнні праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых раёнаў. Што гэта дае?

— Усе раёны Гомельшчыны паступальна развіваюцца і забяспечваюць свой унёсак у дабрабыт краіны. Прычым кожны рэгіён вобласці — унікальны, мае сваю спецыфіку. Абласны Савет дэпутатаў укараніў практыку пашыраных сустрэч, на якіх прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання і самакіравання разам абмяркоўваюць розныя пытанні жыцця раёнаў. У ходзе выязных семінараў комплексна вырашаецца цэлае кола пытанняў, адбываецца шырокі абмен ідэямі, думкамі, прапановамі і досведам.

Сумесна таксама разглядаем пытанні ўзаемадзеяння сельсаветаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў па развіцці населеных пунктаў. Разам шукаем шляхі захавання і развіцця традыцыйных рамёстваў, фарміравання духоўна-маральнага патэнцыялу насельніцтва, турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў, эфектыўнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў, развіцця малога прадпрымальніцтва і арганізацыі самазанятасці насельніцтва, працаўладкавання грамадзян і іншыя.

— Тэматыка вашых сустрэч актуальная для жыхароў у кожнага раёна. Калі ласка, прывядзіце прыклад вырашэння нейкага праблемнага пытання, характэрнага для ўсёй вобласці, пасля падобнай сустрэчы.

— Так, летась па выніках выязнога пасяджэння ў Лоеўскім раёне па тэме прывядзення ў належны стан месцаў пахавання, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, пастаяннай камісіяй абласнога Савета па аграрных пытаннях, экалогіі і праблемах пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС быў рэалізаваны пілотны праект. Размова ідзе пра рэгістрацыю правоў сельвыканкамаў на зямельныя ўчасткі, занятыя грамадзянскімі могілкамі, з мінімальнымі выдаткамі. Ліквідаваны прававыя перашкоды для фінансавання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні месцаў пахавання. Рэгламент дзеянняў па рэгістрацыі накіраваны ўсім райвыканкамам для рэалізацыі на месцах.

Вырашаны і іншыя шматлікія пытанні, якія ўзнімалі жыхары раёнаў: добраўпарадкаванне, утрыманне дарог, вуліц сельскіх населеных пунктаў, устаноўка кантэйнерных пляцовак для збору смецця, рамонт спартыўных гульнявых пляцовак.

Нарэшце, адзначу, што сёлета актыўна працягваецца рэалізацыя мерапрыемстваў Дзяржпраграмы ЧАЭС. На кантролі работы па радыяцыйнай абароне насельніцтва павышэнне эфектыўнасці адраснай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, а таксама паляпшэнне якасці і ўзроўню жыцця ў забруджаных радыенуклідамі раёнах.

Наталля Капрыленка

Загаловак у газеце: Адраджэння няспынны рух

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.