Вы тут

Розныя мовы. Адзін Сусвет


Заканчэнне нататкаў пра лютаўскую сустрэчу ў мінскай кнігарні “Дружба”

Рэальныя кантакты. Адкрытыя дзяржаўныя межы. Госці з розных краін. Крыху больш за два месяцы прайшло — а як шмат перамянілася! Тады, на пачатку лютага, не ўсе, можа, у поўнай меры ўсведамлялі: як жа гэта здорава — зносіцца без масак. Бачыць жывыя — не віртуальныя — усмешкі. Не трымаць сацыяльную дыстанцыю, без усялякіх асцярог паціскаць гарачую руку чалавека з іншай краіны…


Зарына Канапацкая вывучае культуру татараў у Беларусі. Фота Івана Ждановіча

Каранавірус, акрамя ўсяго іншага, прывучае нас цаніць Жыццё. І тую самую вялікую ў свеце “раскошу чалавечых зносін”, пра якую пісаў Антуан дэ-Сэнт Экзюперы. І як жа сугучна каранавіруснаму часу, дарэчы, з’яўляюцца да нас вось такія мудрыя словы пісьменніка-вандроўніка з яго неверагодна шматслойнай, містычнай па змесце “Цытадэлі”: “Хто забываецца пра тое, што нашае царства — гэта карабель пасярод бязмежнага мора, той асуджаны на пагібель. Ён убачыць, як хвалі змятуць усе дурнаватыя гульні разам з караблём”. Падзеі сённяшнія — гэта ж і ёсць бушаванне мораў велізарных, неабдымных: і нябачнага простым вокам віруснага мікрасвету, і нашых выстрашаных інфавіруснымі цунамі эмоцый. Як ніколі важна ў штармавую пару быць нам усім разам, усведамляючы: хоць мовы ў нас розныя, аднак жа ўсе мы — на адным караблі-Зямлі, у адным Сусвеце-акіяне.

Кітабы: пасланні з мінулага

У тэкстах “Разнамоўе сяброў у кнігарні «Дружба»” (ГР, 26.02.2020) ды “Разнамоўе цёплае, сяброўскае” (ГР, 12.03.2020) пра духоўнае адзінства творцаў з розных краін ішла размова. У працяг яе звернемся да прамовы Зарыны Канапацкай, дацэнткі кафедры гісторыі Беларусі ды славянскіх народаў гістфака Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка. Зарына Ібрагімаўна ў 2005‑м абараніла кандыдацкую “Татары на Беларусі ды іх культура. XІV — XVІІ стагоддзі”. Сёння ў нашай краіне, паводле яе словаў, жыве каля 7 тысяч татараў, і з кожным перапісам тая колькасць скарачаецца. Прычым працэс гэты не спыніць. Беларускія татары, якія пасяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў канцы XІV стагоддзя, у 2017‑м адзначалі 620‑годдзе “ўбеларусаўлення” сваіх продкаў. Татары на Беларусі вызнаюць іслам, збераглі сваю ўнікальную культуру, традыцыі.

Зарына Канапацкая звярнула ўвагу: менавіта беларускія татары захавалі старабеларускую мову, ствараючы рукапісы арабскай вяззю — але на мовах славянскіх. Як тое адбылося? “У XVІ стагоддзі з’явіліся першыя кітабы (кнігі) на беларускай мове, а ў XVІІ–XVІІІ стагоддзях з’яўляюцца яны ў перакладах на беларуска-польскую мову, — патлумачыла спадарыня Зарына. — Тады ж у Рэчы Паспалітай былі такія гістарычныя ўмовы: ішла няўхільная паланізацыя беларускіх земляў. І пераклады татарскіх кітабаў таксама ўзнікалі на змешаных мовах. Татарскія перапісчыкі запісалі, захавалі на старонках кніг тую ўнікальную мову XVІ стагоддзя. Для таго ўвялі ў арабскую вязь тры новыя значкі, якімі пазначалі характэрныя для беларускай мовы гукі: чытаючы пераклады, мы й сёння чуем тую ўнікальную мову, можам у яе ўслухацца”. Вось якія фенаменальныя пасланні ў часе атрымаліся на памежжы дзвюх моўных традыцый — дзякуючы таму, што беларуская й татарская культуры ўступілі ў плённы творчы дыялог.

Невялічкае адступленне. Чытаючы публіцыстыку Аляксея Талстога, з цікавасцю даведаўся, што аўтар знакамітага рамана “Пётр І” ды шэрагу іншых вядомых твораў спасцігаў глыбіні рускай народнай мовы… з судовых актаў ХVІІ стагоддзя! Вось як пра тое ў арыгінале: “Эти розыскные акты записывались дьяками, которые старались записать в наиболее сжатой и красочной форме наиболее точно рассказ пытаемого. Не преследуя никаких “литературных” задач, премудрые дьяки творили высокую словесность. В их записях — алмазы литературной русской речи. В их записях — ключ к трансформации народной речи в литературу” (“Чистота русского языка”, 1924). Як гэта й для беларусаў, амаль праз сто гадоў, актуальна: шукаць свае моўныя алмазы. Уводзіць іх ва ўжытак, пераадольваючы спусташальныя тэндэнцыі машынных перакладаў тэкстаў, засілле запазычанасцяў з іншых моваў.

Цяпер, удакладніла для гасцей сустрэчы Зарына Ібрагімаўна, у бібліятэках Беларусі зберагаюцца тыя ўнікальныя зборнікі. А з мінулагодняга лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы праводзяцца семінары па іх: вывучэнне кітабаў. Праўда, нячаста. (І сітуацыя з каранавірусам, пэўна ж, таму не спрыяе.) Ды ўсё ж, лічыць даследчыца татарскай культуры на Беларусі, гэта знакавая падзея: што мы можам дакрануцца да вось такой унікальнай спадчыны. Цяпер шмат кітабаў, розных іх відаў, у выглядзе рукапісных зборнікаў зберагаюцца ў прыватных калекцыях. І пакуль што яны далёка не ўсе ўлічаныя. А новыя тэхналогіі адкрываюць магчымасці да папаўнення фондаў бібліятэк высакаякаснымі копіямі каштоўных кніг.

Беларускія весткі з Казахстана

Святлана Ананьева (злева), Іван Ждановіч і казахстанская пісьменніца Уміт Тажкен

У ліку гасцей на сустрэчы ў кнігарні “Дружба” (5 лютага) была й госця з Алматы, наша супляменніца Святлана Ананьева: літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Пра яе повязі з Беларуссю мы раней пісалі: (“Добры бераг дзяцінства”— ГР, 18.11.2010). Святлана Віктараўна загадвае аддзелам аналітыкі й знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры й мастацтва імя Мухтара Ауэзава Міністэрства адукацыі й навукі Казахстана.

На сустрэчы казахстанская госця не выступала. Пасля імпрэзы мы цёпла павіталіся, сфатаграфаваліся разам, згадалі ранейшыя кантакты. А што новага ў жыцці беларусаў Алматы? Спадарыня Святлана ў актывістах дыяспары, казала пра святкаванне 25‑годдзя Асамблеі народа Казахстана, якое ініцыяваў першы Прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў. Ён жа па-ранейшаму і ўзначальвае АНК. Мы згадалі, што ўраджэнец вёскі Мархачоўшчыны, з‑пад Стоўбцаў, Павел Атрушкевіч (тады рэктар Казахскай дзяржаўнай архітэктурна-будаўнічай акадэмі) быў, як кажуць, праваю рукой Нурсултана Абішавіча ў справах па стварэнні АНК. І дзякуючы яму ў цэнтры Нур-Султана ёсць вуліца ўраджэнца Нясвіжа, даследчыка этнаграфіі й культуры казахаў Адольфа Янушкевіча.

Мяркую, пра іх абодвух напішуць супляменнікі, бо да свята задумана серыя публікацый “Асамблея народа Казахстана ў маім лёсе”. А Святлана Віктараўна ў складзе праўлення “Нацыянальнага культурнага цэнтра Беларусь” (Алматы), які па-ранейшаму ўзначальвае Леанід Піталенка. То можа й кнігу зробяць там беларусы? “Пэўна, так і будзе, — падзялілася развагамі суразмоўца. — У Доме дружбы Алматы (яны ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах Казахстана) ствараецца музей АНК. І мы туды свае ўсе навуковыя манаграфіі перададзім. У нашым інстытуце выходзілі кнігі пра казахстанска-беларускае літаратурнае супрацоўніцтва. У 2008‑м — “Міжнародныя кантакты казахскай літаратуры ў перыяд незалежнасці”. Потым яшчэ дзве: “Беларусь у маім лёсе” ды наша сумесная з Аляксандрам Карлюкевічам “Творчасць ёсць воля. Казахска-беларускае літаратурнае супрацоўніцтва”. Так што ёсць чым ганарыцца”.

Мы дамовіліся са Святланай Ананьевай прадоўжыць супрацу. І адзін тэкст яна ўжо даслала. Будзем рыхтаваць да друку.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.