29 верасня, аўторак

Вы тут

У Гомельскім раёне — новы дзіцячы садок у курортнай зоне і наваселле шматдзетнай сям'і ў катэджы


Свята з музыкай, падарункамі і віншаваннямі адбылося ў пасёлку Чонкі Гомельскага раёна. Маленькіх наведвальнікаў тут сустрэў новы дзіцячы яслі-сад. Ва ўрачыстай цырымоніі яго адкрыцця ўзяў удзел старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.


Дзіцячы яслі-сад «Вясёлка-град».

«Вясёлка-град» — такую назву атрымаў новы садок. Ім стаў былы корпус дзіцячага аздараўленчага лагера «Чонкаўскі бор». Рашэнне пра рэканструкцыю было прынята два гады таму.

На тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета жыве амаль 470 дашкалят, а праектная магутнасць ужо існуючага садка — толькі 64 месцы. Пры гэтым ён перапоўнены: там цяпер 127 юных грамадзян. Многім бацькам даводзіцца адвозіць малых у садкі Гомеля. Між тым пасёлак вельмі актыўна развіваецца. Штогод будуюцца новыя жылыя дамы, у прыватнасці, сёлета таксама распачнецца новая забудова. Таму падобны сацыяльна значны аб'ект безумоўна быў неабходны.

— За дзевяць месяцаў рэканструявалі і цалкам перапланавалі будынак пад садок: пакоі для груп, асобныя спальныя пакоі, спартыўная зала, сумешчаная з музычнай, невялікая колькасць службовых памяшканняў, — тлумачыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Алена Кавалёва. — Вельмі актыўна ўключыліся спонсары — гандлёвыя прадпрыемствы раёна, якія набылі спартыўнае абсталяванне, горкі, сэнсарныя дарожкі, сухі басейн, дывановыя пакрыцці... Адмысловае штучнае пакрыццё хутка з'явіцца і ў спартыўнай зоне ў двары.

Пакуль новы садок вядзе набор двух- і трохгадовых выхаванцаў. Старэйшыя дзеткі наведваюць існуючую дашкольную ўстанову, аднак яна перапоўнена, сведчыць суразмоўніца:

— Новы садок часткова вырашае праблему, але для развіцця дашкольнай адукацыі месцаў усё роўна яшчэ не хапае: больш за 150 дзяцей наведваюць садкі ў абласным цэнтры.

На будаўніцтва «Вясёлка-града» выдаткавалі 1,5 мільёна рублёў. На цырымоніі адкрыцця дашкольная ўстанова атрымала сертыфікат ад Гомельскага аблвыканкама на набыццё аўтобуса, ад райвыканкама — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

— Чонкі можна назваць горадам-спадарожнікам абласнога цэнтра, — адзначыў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей. — Вядома, пасёлак яшчэ будзе развівацца, спатрэбяцца і дзіцячыя садкі. Таму ўжо цяпер разглядаецца пытанне аб рэканструкцыі яшчэ двух карпусоў гэтага аздараўленчага лагера пад дашкольную ўстанову на 130 месцаў. Варта ўлічваць той факт, што тэрыторыя аздараўленчага лагера размешчана ў надзвычай прыгожай прыроднай зоне і дзеці штодзень змогуць знаходзіцца на свежым паветры.

Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады таксама паведаміў журналістам, што сёлета на Гомельшчыне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ 12 сацыяльна значных аб'ектаў. Сярод іх школа ў мікрараёне № 21, два басейны, паліклініка па вуліцы Мазурава ў Гомелі. У Мазыры адкрыецца драматычны тэатр, будуецца дзіцячы садок. Таксама вядзецца рэканструкцыя аб'ектаў аховы здароўя: бальніц у Добрушы і Хойніках, Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы.

Між тым у Гомелі вялікая сям'я Наталлі Радчанка — маці-выхавацеля шасцярых дзяцей — засялілася ў новы двухпавярховы катэдж. Гэта сёмы дом сямейнага тыпу для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што з'явіўся ў Савецкім раёне абласнога цэнтра.

— У мяне трое сваіх дзяцей і шасцёра дзяцей, народжаных сэрцам, — расказвае пра сваю сям'ю Наталля Радчанка. — Сярод прыёмных дзяцей пяцігадовыя хлопчыкі-блізняты, дзве дзяўчынкі і двое хлопцаў, якія цяпер адпачываюць у санаторыі.

У шматдзетнай маці двое родных дарослых дзяцей і сын, якому дзесяць гадоў. Таксама яна мае пяць унукаў.

— Мне прапанавалі стаць маці-выхавацелем для большай колькасці дзяцей, чым у мяне было дагэтуль, — дадае Наталля. — І я згадзілася.

Жанчына ўдзячная ўсім, хто падарыў яе дружнай шумнай вялікай камандзе магчымасць жыць у новым утульным доме. Жыллё абсталявана ўсім неабходным — ад бытавой тэхнікі да мэблі. У хлопцаў і дзяўчат асобныя вялікія пакоі. У двары змясцілася гульнявая пляцоўка.

Дапамогу ў аснашчэнні дома мэбляй, бытавой тэхнікай і іншымі карыснымі рэчамі аказала звыш дзесяці прадпрыемстваў, што знаходзяцца на тэрыторыі Савецкага раёна Гомеля. Акрамя таго, да пераезду сям'і ў новае жыллё тэрыторыю вакол новага дома прывялі ў парадак. Так, калектыў аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, актывісты раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», а таксама работнікі ААТ «Кірмаш» правялі суботнік па азеляненні двара, высадзілі 30 дрэў, пладова-ягадных і дэкаратыўных кустоў.

— У перспектыве тут будзе квітнеючы сад. Дзеці, калі будуць расці ў ім, сярод прыгожых кветак, не толькі атрымаюць станоўчыя эмоцыі, але і навучацца аберагаць прыгажосць, ствараць яе сваімі рукамі, — упэўнены шэфы дома сямейнага тыпу.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.