Вы тут

Як вырашыць праблему шкодных адходаў, якія захоўваюцца на тэрыторыі прадпрыемстваў


На тэрыторыі многіх прадпрыемстваў і сельгасарганізацый па сёння захоўваюцца асабліва шкодныя адходы, якія могуць істотна забрудзіць наваколле і пагоршыць здароўе людзей. Як вырашыць гэту праблему?


Стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ) — гэта група хімічных рэчываў, вельмі ўстойлівых да натуральнага распаду. Акрамя доўгага тэрміну існавання, яны характарызуюцца вельмі высокай таксічнасцю і здольнасцю назапашвацца ў жывых арганізмах.

На тэрыторыі нашай краіны, як напамін пра СССР, назапашана вялікая колькасць САЗ — у выглядзе састарэлага абсталявання (сілавых кандэнсатараў і трансфарматараў), якое ўтрымлівае поліхлараваныя біфенілы (ПХБ), і непрыдатных, забароненых да выкарыстання пестыцыдаў. Па падліках спецыялістаў, апошніх у Беларусі знаходзіцца больш за 10 тысяч тон. Каля 15 % з іх захоўваецца на тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў і райаграсэрвісаў, 44 % — на КУП «Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці», 41 % — у падземных сховішчах. Агульная колькасць выяўленых ПХБ-утрымліваючых кандэнсатараў — каля 35 тысяч адзінак, трансфарматараў — 252 адзінкі з агульным утрыманнем ПХБ больш за тысячу тон.

Як бок Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках (з 2004 года) Рэспубліка Беларусь згодна з узятымі на сябе абавязацельствамі павінна да 2025 года завяршыць эксплуатацыю ўсяго абсталявання, што ўтрымлівае ПХБ, а да 2028 года — цалкам ачысціць ад гэтых рэчываў сваю тэрыторыю.

Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА, для гэтага Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэалізуе два праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі на агульную суму больш за 12 мільёнаў долараў ЗША.

У рамках праекта «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Беларусі» ГЭФ-6 прадугледжваецца экалагічна бяспечнае знішчэнне 2370 тон ПХБ-утрымліваючых адходаў, якія захоўваюцца на тэрыторыі прадпрыемстваў-уласнікаў (каля 60 % ад агульнай колькасці), і 1900 тон шкодных пестыцыдаў. Будуць ліквідаваны ўсе склады такіх пестыцыдаў, якія належаць сельгаспрадпрыемствам, а самі рэчывы — абясшкоджаны. Плануецца таксама дэтальна абследаваць пяць падземных сховішчаў непрыдатных пестыцыдаў.

У рамках праекта ЮНІДО «Узгодненае кіраванне ўтылізацыяй азонаразбуральных рэчываў і стойкіх арганічных забруджвальнікаў у Беларусі, Украіне, Казахстане і Арменіі» на тэрыторыі комплекса па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці ствараецца прадпрыемства па экалагічна бяспечным абясшкоджванні і перапрацоўцы непрыдатных пестыцыдаў і іншых небяспечных адходаў у аб'ёме да дзвюх тысяч тон у год.

Больш за ўсё непрыдатных пестыцыдаў сёння захоўваецца ў Гомельскай вобласці (7290,711 тоны) і ў Віцеб-скай вобласці — 1520,393 тоны. Менш за ўсё іх на Брэстчыне — 6,061 тоны.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні. 

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.