Вы тут

Як у Маладзечне працуе «кузня» будучых журналiсцкiх кадраў


Сёлета ў Маладзечанскага цэнтра творчасцi дзяцей i моладзi «Маладзiк» — юбiлей, ён адзначае сваё 25-годдзе. А гуртку юных журналiстаў, якi працуе пры iм, спаўняецца 20 гадоў. Увесь гэты час «Школай журналiстыкi» кiруе Наталля Вiктараўна Шульжыцкая. «Гэта маё дзецiшча, — кажа яна. — Хлопцы i дзяўчаты творчыя, захопленыя любiмай справай, заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах i фестывалях i не толькi. Так, у нас ёсць сумесны праект з «Маладзечанскай газетай» — старонка «Маладзёжнае перакрыжаванне». Выпускаем сваё выданне «Маладзiк», якое сёлета змяняе фармат з папяровага на iнтэрнэтаўскае».


На­тал­ля Шуль­жыц­кая (у цэнт­ры) з гурт­коў­ца­мi На­стас­сяй Шу­мi­ла­вай,  Янай Акi­ма­вай, Ка­ця­ры­най Ква­чо­нак, Алi­най Шу­мель i Iры­най Слi­жэў­скай. Фо­та да­дзе­на «Шко­лай жур­на­лiс­ты­кi».

...У «Школу журналiстыкi» 16-гадовая Iрына Слiжэўская трапiла больш за два гады таму. На той момант дзяўчына ўжо пiсала апавяданнi i вершы, але не ведала, што ў родным горадзе ёсць месца, дзе можна займацца пiсьменнiцтвам больш грунтоўна. Цяпер яна захапляецца рэпартажамi: ёй падабаецца асвятляць падзеi, пад уражаннем рыхтаваць матэрыял. З цяжкасцямi спраўляцца дапамагае Наталля Вiктараўна. Напрыклад, раней складаным заданнем для Iрыны было браць iнтэрв'ю ў кагосьцi, бо нават пачуццё гатоўнасцi не дапамагала справiцца з хваляваннем.

У дзяўчыны ўжо ёсць 15 публiкацый у розных газетах i часопiсах, а таксама на некаторых iнтэрнэт-парталах. Яна ўдзельнiчала ў раённым этапе конкурсу «Залатое пяро Белай Русi»: у мiнулым годзе заняла другое месца, а сёлета стала пераможцам. Адпраўляла работы на «Старт» у БДУ, «Зменiм свет да лепшага», «Дарогамi Кацюшы». У творчым спаборнiцтве «Ты ў эфiры» заняла першае месца сярод удзельнiкаў раённага этапу. Атрымала дыплом першай ступенi ў мiжнародным фотаконкурсе «Мы не забудзем».

— Люблю выказваць свае эмоцыi i думкi. Нехта робiць гэта праз пэндзаль i палатно, спевы, а я — праз напiсанне артыкулаў, у якiя ўкладаю свае пачуццi, перажываннi, думкi. I гэта менавiта тое, што мяне прыцягвае ў гэтай сферы, — дзелiцца суразмоўнiца.

Яне Акiмавай — 15, i ў дзяўчыны таксама сур'ёзныя планы адносна будучай прафесii.

— Як трапiла сюды? Памятаю, спытала ў мацi, што трэба рабiць, каб пайсцi вучыцца на журналiста. Мы зайшлi на сайт БДУ i даведалiся: патрэбны публiкацыi. Мацi са словамi «я недзе бачыла...» вынесла газету, адзiн з матэрыялаў якой быў падпiсаны аўтарам са згадваннем гуртка з «Маладзiка». Так, уласна, усё i закруцiлася.

Дзяўчына пiша на розныя тэмы, аднак асаблiвую ўвагу аддае пытанням экалогii, самаразвiцця, навучання, палiтыцы i творчым дасягненням. Юная журналiстка расказвае, што гурток — гэта добрая магчымасць атрымаць у тым лiку i канструктыўную крытыку. Недахопы ў работах аўтары разбiраюць разам з настаўнiкам, каб больш iх не дапускаць.

Яна таксама мае пэўныя творчыя дасягненнi: дзяўчына стала пераможцам-прызёрам творчага конкурсу «Переходного возраста» i заняла трэцяе месца на абласным этапе творчага спаборнiцтва «АрхНавацыя-2019».

— Я пiшу, бо хачу, каб мяне пачулi. I спадзяюся на зваротную сувязь. Таму што мне важна ведаць пра памылкi, выпраўляць iх, каб з кожным разам зацiкаўлiваць чытачоў усё больш i больш, — гаворыць дзяўчына.

У «багажы» ў Яны — вершы, песнi, апавяданнi, а цяпер суразмоўнiца працуе над iншым сур'ёзным творчым праектам — кнiгай.

17-гадовая Кацярына Акушка запiсалася ў «Школу журналiстыкi» ў пачатку 11 класа, каб лепш падрыхтаваць сябе да паступлення ў ВНУ.

— Любiмы мой жанр — iнтэрв'ю. Мне падабаецца кантактаваць з чалавекам асабiста, прыдумляць i задаваць пытаннi не толькi ад сябе, але i для сябе, — гаворыць Каця. — Героi матэрыялаў самыя розныя: валанцёры, спартсмены, вядомыя ў горадзе людзi, але найперш — моладзь.

Гурток не перастае папаўняцца новымi ўдзельнiкамi. Вось i 16-гадовая Ксенiя Несцяровiч, якая нядаўна прыйшла ў яго займацца, хоча стаць журналiстам.

— З восьмага класа я марыла аб гэтай прафесii, таму ўзрадавалася, калi даведалася пра гурток. Хаджу сюды нядаўна, любiмых тэм яшчэ не знайшла. Зараз працую над сабой i сваiм стылем: змагаюся з таўталогiяй, маўленчымi i граматычнымi хiбамi, — расказала пра сябе Ксенiя.

— «Школа журналiстыкi» — гэта своеасаблiвы «чароўны ключык», якi дапамагае падлеткам адкрыць дзверы ў свет будучай прафесii. За 20 гадоў сваё жыццё з ёй звязалi 37 «выпускнiкоў» гуртка. Павел Капуцкi — карэспандэнт праграмы «Дзень спорту» на «Беларусь 1». У Белтэлерадыёкампанii працуюць Наталля Кезiк, Кацярына Шыбко, Лiзавета Лакотка, Вiкторыя Дубаневiч. Юлiя Стрыга — на «СТБ». Самая першая выпускнiца, Настасся Нарэйка, з'яўляецца адказным рэдактарам газеты «Навiны Камянеччыны», яна член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, падарыла мне свой першы выдадзены зборнiк вершаў «Магдэбургскае права маёй душы». Прыемна ўсведамляць, што з неапераных птушанят вырастаюць прафесiяналы сваёй справы, i ты маеш да гэтага дачыненне, — падвяла своеасаблiвы вынiк Наталля Вiктараўна.

Ад рэдакцыi. Многiя гурткоўцы ў розныя гады прымалi ўдзел у творчым конкурсе для юных i маладых няштатных аўтараў, якi ладзiла «Чырвонка. Чырвоная змена». I станавiлiся яго пераможцамі або лаўрэатамi, а потым паспяхова паступалi на журфак. У Маладзечна працуе сапраўды даволi моцная школа для пачаткоўцаў, тых, хто марыць аб гэтай прафесii. Зычым усiм удзельнiкам гуртка i яго кiраўнiку далейшых сумесных творчых поспехаў!

Кацярына КАСЦЕВIЧ, студэнтка IV курса факультэта журналiстыкi БДУ

Загаловак у газеце: «Кузня» будучых журналiсцкiх кадраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.