Вы тут

Колькi трэба


Днямi абмяркоўвалi з калегай, як распарадзiцца машынкамi з дзiцячага «аўтапарку», калi, на погляд бацькоў, iх назбiралася ўжо зашмат i многiя дастаюцца са скрынi гады ў рады, а на погляд дзiцяцi ўсе абсалютна патрэбныя i неабходныя, нават калi яны аднолькавага памеру, колеру i прызначэння.


Пляменнiк, зноў жа, на дзень нараджэння папрасiў: «Толькi не машынку, калi ласка! У мяне iх ужо, мо пяцьдзясят! Лепш кнiжку цiкавую, цi зборную мадэль, цi грошы, але на крайнi выпадак». З апошнiм пунктам, дарэчы, я згодная цалкам. На мой погляд, падарыць чалавеку (не важна нават, маленькаму цi даросламу) грошы — значыць не пажадаць «замарочыцца», праявiць увагу i разабрацца, што яму цiкава, што патрэбна, што, быць можа, ён сам сабе нiколi не набудзе, але парадуецца, калi гэта зробiць нехта iншы... Зрэшты, паразважаць сёння хочацца не пра гэта.

Адзiн з колiшнiх герояў «Сямейнай газеты» ўспамiнаў, што веласiпед яму падарылi пасля трэцяга класа, а ганяў на iм ажно да заканчэння школы, i гэта быў — ух якi важны, патрэбны i любiмы падарунак. А свайму сыну ён набыў першы ровар, калi малому не было яшчэ трох гадоў; потым другi, трэцi.

Як меркаваў мой суразмоўца, колькасць цацак, кнiжак, усемагчымых развiваючых прылад i канструкцый у нашых дзяцей, усяго праз адно пакаленне, вырасла ў некалькi разоў, а вось уменне цанiць iх, наадварот, паменшылася. I з аднаго боку, гэта як быццам няблага: усведамленне дзiцем, што сапсаваная, нават новая i дарагая, рэч — гэта ўсяго толькi рэч, а не канец свету. А з другога — уяўляю, як крыўдна бацькам, якiя адкладвалi грошы, каб набыць нятанную цацку цi забаўку, лiтаральна вымаленую ўсякiмi абяцанкамi, узорнымi паводзiнамi, ныццём i катаннем, — а яна, аказваецца, была патрэбная толькi дзеля самога факта ўладання, таму што «ва ўсiх такiя ёсць», i пасля тыдню выкарыстання ляжыць недзе ў кватэры, пакрываецца пылам...

Напэўна, стаўленне да рэчаў наогул i цацак у прыватнасцi закладваем у дзецях мы самi — старэйшае пакаленне бабуль i дзядуль, якое да паўналецця будзе ўспамiнаць унуку, як той вымазаў марожаным новы касцюмчык, альбо, наадварот, у кожны прыезд будзе завальваць малых падарункамi («ну i што, што гэта дзясятая лялька, няхай у дзетак будзе тое, чаго ў нас не было»), i бацькi, дзядзькi i цёткi, якiя з маленства перадаюць на дзiцячыя днi народзiн грошы ў канверцiку альбо загадзя распытваюць, пра што марыць iмянiннiк, i выбiраюць замоўленае разам з iм, тлумачаць i паказваюць, як карыстацца сучаснымi забаўкамi.

Але ёсць, мабыць, i нейкiя ўнутраныя настройкi, якiя залежаць не ад матэрыяльнага статусу сям'i, а толькi ад характару асобы i якiя немагчыма перарабiць на жаданы лад, хiба толькi скарэкцiраваць. Нездарма ж адны дзецi ўмеюць, як тое асляня Iа, радавацца нават паветранаму шарыку (i нават калi ён ужо не зусiм шарык), а другiм што нi зрабi, усё не тое i не так — гарохi на бантах не таго памеру, кнопак у радыёкiраваннi мала i наогул, хацелася з перламутравымi гузiкамi, а не ваша «вось гэта ўсё».

У дзяцiнстве гэта здаецца часам нават мiлым, а вось у дарослым узросце выглядае вiдавочным, наўмысным i раздражняльным. Вось чаму асабiста мне вельмi прыемна сустракаць людзей, якiя ўмеюць захоўваць разумны баланс памiж жаданым i магчымым, цанiць дробязi, не забывацца дзякаваць. Балазе, такiх прыкладаў перад вачыма заўжды хапае. Скептыкi заўважаць: проста ты бачыш тое, што хочаш убачыць. А я запярэчу: падобнае прыцягвае падобнае. Квантавая фiзiка i закон сусветнага прыцягнення ў дзеяннi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: pinterest.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.