Вы тут

Выстаўка «Вайна і мір. Вяртанне» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі


Гэта трэці, завяршальны этап маштабнага культурна-гістарычнага праекту «Вайна і мір», зладжанага Міністэрствам інфармацыі Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны.


Экспазіцыя, заснаваная на матэрыялах асабістага збору вядомага калекцыянера, краязнаўцы і публіцыста, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладізміра Ліхадзедава, расказвае пра жыццё беларусаў у розныя гістарычныя перыяды, пра вытокі патрыятызму нашага народу і сапраўдную каштоўнасць мірнага неба над галовамі сучаснікаў.

На цырымоніі адкрыцця выстаўкі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Віктар Лісковіч нагадаў красамоўныя лічбы: «Больш за 1,3 мільёна жыхароў Беларусі ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны — толькі пасля вызвалення было прызвана больш як 600 тысяч чалавек. Сярод беларусаў 446 Герояў Савецкага Саюза, прычым чацвёра з іх уганараваныя гэтым званнем двойчы. Больш як 400 тысяч беларусаў атрымалі баявыя ордэны і медалі, больш як 400 нашых землякоў сталі генераламі і адміраламі. Гэта ўсё грамадзяне нашай краіны, людзі розных нацыянальнасцяў, якія любілі нашу Беларусь і паказвалі сваім прыкладам, як гэта трэба рабіць... Той мір і спакой, які мы сёння маем, мы павінны не толькі захоўваць, але і адстойваць, абараняць, бо атрымалі гэту спадчыну не дарэмна і згубіць яе не маем права».

У вітрынах выставачнага комплексу — старажытныя рукапісы, рэдкія кнігі, друкаваныя выданні, літаграфіі, старыя паштоўкі, а таксама некаторыя асабістыя рэчы ўдзельнікаў трох войнаў — 1812 года, Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай. Сярод экспанатаў, напрыклад — падшыўка «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў» за 1841 год, арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскай кампаніі, мастака-баталіста Фабера дэ Фора, прадметы мастацтва і дакументы з прыватнага збору Тышкевічаў, баявыя лісткі за 1944 год, «Прывiлей караля польскага i вялiкага князя лiтоўскага Жыгiмонта Вазы», напісаны старабеларускай мовай і датаваны пачаткам XVII стагоддзя, і мноства іншых артэфактаў, якія збіраліся і вярталіся на радзіму на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. Некаторыя рарытэты Уладзімір Ліхадзедаў перадаў у падарунак Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, многія іншыя змешчаны на экспанаванне для навуковага вывучэння спецыялістам. Акрамя таго, усе ўдзельнікі на адкрыцці выстаўкі атрымалі ў падарунак сувеніры — рэпрынты старых паштовак з выявамі беларускіх гарадоў і мястэчак і копіі старонак «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў».

...Цэнтральную частку выстаўкі складаюць больш як 30 кніг з серыі «У пошуках страчанага» і іншых выданняў Уладізміра Ліхадзедава, куды ўвайшлі ўнікальныя дакументы аб жыцці на беларускіх землях падчас войнаў 1812–1945 гг і ў мірныя перыяды. Дарэчы, у рамках выстаўкі былі прэзентаваныя і самыя новыя выданні з гэтага шэрагу — «Блокада» і «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» (кнігі ўбачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда») і «Беларусь шматнацыянальная» (выдавецтва «Альфа кніга»).

«Пра гэтую выстаўку можна расказаць літаральна ў трох словах. Перадусім яна пра Вялікую Перамогу, пра тое, як у перыяд ад 1812 да 1945 года загартоўвалася — не, не сталь, а дух народа-пераможцы. Пра незалежнасць, якую сваёй працай, потам і крывёю здабылі нашы дзяды і прадзеды. І, нарэшце, пра паплечніцтва, пра ўсіх тых бескарыслівых і самаадданых людзей, якія робяць не дзеля грошай і славы, а па закліку сэрца справу, што потым становіцца агульным здабыткам, агульнай гісторыяй», — зазначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Выстаўка «Вайна і мір. Вяртанне» будзе працаваць да 30 снежня, наведаць яе можна па чытацкім білеце альбо карце сацыякультурнага цэнтра Нацыянальнай бібліятэкі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.