Вы тут

Пятро Глебка: Я не веру, каб быў дазвол замяняць у паэзіі душы


Ён ўваходзіў у літаб’яднанне «Узвышша», лічыўся адным з найбольш таленавітых паэтаў, яму пісалі лісты Уладзімір Хадыка, Юлі Таўбін, Уладзімір Дубоўка ды іншыя з  творчага асяродка. Пятро Глебка быў адным з нямногіх, каму пашчасціла пазбегнуць незайздроснай долі сваіх сяброў…


Ніна і Пятро Глебкі, 1927 г.  Фота з асабістага архіва Пятра Глебкі.

Ці азначала гэта, што найпершай уласцівасцю яго характару была асцярожнасць? Знакавай для разумення асобы паэта і яго творчасці з’яўляецца паэма «Кармэнсіта», напісаная ў 1933 годзе — тады, калі ўжо не было ні «Маладняка», ні «Узвышша», маўчалі самыя смелыя і  адчайныя, а пратэст супраць маральнага ўціску выяўляўся ў тым, што творцы вялі багемна-разгульны лад жыцця, былі «аматарамі выпіць і закусіць». А Пятро Глебка сцвярджаў:

Я не веру,

каб быў закон

катаваць чалавечы характар!

Я не веру,

каб быў дазвол

замяняць у паэзіі душы

фізкультурнай гульнёй у футбол,

апісаннямі мора і сушы.

Зразумець маштабнасць асобы пісьменніка і яго ўнёсак у айчынную літаратуру дапаможа кніга «Вакол Пятра Глебкі», укладзеная Ганнай Севярынец (Лімарыус, 2019). Даследчыца працавала з архівам пісьменніка, вывучала недрукаваныя дзённікі, успаміны дачкі пісьменніка, лісты рэпрэсіраваных дзеячаў і шматлікія іншыя дакументы.

Пачуццё пяшчотнага, трапяткога кахання Пятро і яго жонка Ніна пранеслі праз усё жыццё. Цеплыню і глыбіню іх эмоцый захоўваюць радкі, пакінутыя як сведчанне створанага адно для аднаго сусвету: «Мой харошы, мой любы, я аддам усё сваё жыццё для таго, каб толькі ты быў вясёлым і  радасным. Я збяру ўсе свае сілы, каб ты здолен быў зноў з энергіяй узяцца за працу, на якую за апошні час зусім забыўся», — пісала ў дзённіку Ніна Глебка. «Мой слаўны, маленькі ветрык», «Нонік» — называла яна мужа. «Я нічога не хачу, няхай ён мучыць, здзекуецца нада мной, але няхай толькі дазволіць мне быць каля яго», — у  смутную хвіліну Ніна давярала свае пачуцці паперы.

Падчас гітлераўскай акупацыі Ніна Глебка засталася ў Мінску. Яна ўратавала дзяўчынку, маці якой загінула ў гета. Дзяўчо вырасла ў сям’і Глебкаў як сваё...

Ларыса Пятроўна захоўвае памяць пра бацьку, які стаў ёй родным. Нядаўна яна наведала Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі, падзялілася ўспамінамі пра бацьку, распавяла гісторыю некаторых рэчаў у яго мемарыяльным кабінеце.

У народзе казалі: «Звярніся да Глебкі, і ён дапаможа». У архіве пісьменніка захоўваецца шмат лістоў з просьбамі пазычыць грошай, уладкаваць на працу блізкага чалавека дый пра шмат што іншае. Звярталася да Глебкі і Паўліна Мядзёлка, каб паспрыяў выдаць успаміны. Калі ж у 1957 годзе аршанская газета распачала пошукі безыдэйнасці ў першых творах Уладзіміра Караткевіча, да Пятра Глебкі звярнуўся тагачасны галоўны рэдактар «Звязды» Янка Казека з просьбай быць трацейскім суддзёй. У хуткім часе пад двума іх прозвішчамі ў выданні з’явіўся артыкул у абарону вершаў маладога тады паэта.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.