Вы тут

Кiберзлачынцы ўкралi 837 тысяч долараў


Iх ахвярамi сталi восем беларускiх банкаў лiтаральна за тры месяцы мiнулага года. Дзейнасць парушальнiкаў закона спынiлi праваахоўнiкi. Пра гэта паведамiў намеснiк начальнiка ўпраўлення па раскрыццi злачынстваў у сферы высокiх тэхналогiй МУС Уладзiмiр Зайцаў.


Дзесяць удзельнiкаў чатырох мiжнародных злачынных груп дзейнiчалi з сакавiка да мая 2019 года. Яны «працавалi» на тэрыторыi не толькi Беларусi, але i Расii, Латвii, Лiтвы, Украiны. Яны шукалi падстаўных асоб для рэгiстрацыi на свае iмёны банкаўскiх i сiм-картак i выводзiлi наяўныя грошы пры дапамозе банкаматаў. Узнагароджанне тым, хто пагаджаўся на афармленне такой карткi, даходзiла часам да 1 тысячы долараў.

Як жа iм удалося ўкрасцi такiя вялiкiя грошы? Гэта растлумачыў следчы па асаблiва важных справах аддзела па расследаваннi злачынстваў супраць iнфармацыйнай бяспекi i незаконнага абароту наркотыкаў упраўлення Следчага камiтэта па Мiнску Павел Кушнiрык.

— Злачынцы выявiлi банкаўскую ўразлiвасць, якой i скарысталiся. На тэрыторыi Злучаных Штатаў Амерыкi пры дапамозе шкоднаснага праграмнага забеспячэння быў атрыманы доступ да электронных плацежных тэрмiналаў, якiя былi ўсталяваны ў аб'ектах гандлю i сэрвiсу. Пры дапамозе ручнога ўводу злачынцы праз электронныя тэрмiналы адпраўлялi ў беларускiя банкi запыты па аперацыях вяртання пакупкi. У сваю чаргу, настройкi працэсiнгу такiя, што банкi Беларусi ў межах вызначаных сум залiчалi сродкi на аплатныя карткi, якiя пасля выкарыстоўвалiся для злачынства. Зламыснiкi адразу абнаяўнiвалi грошы ў банкаматах, праз сiстэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання набывалi крыптавалюту i выводзiлi яе на падстаўныя рахункi.

Такiм чынам, шэсць парушальнiкаў закона былi змешчаны пад варту. Супраць iх распачаты крымiнальныя справы па ч. 4 арт. 212 Крымiнальнага кодэкса (крадзеж грашовых сродкаў шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнiкi). Прычым адзiн з затрыманых абвiнавачваецца адразу па некалькiх артыкулах. Ён набываў карткi i праз даркнэт рэалiзоўваў iх рэквiзiты не толькi для здзяйснення гэтага злачынства, але таксама для незаконнага абароту наркатычных сродкаў. Акрамя таго, высветлена яго дачыненне да выкрадання ў «Белпошты» больш за 30 тысяч рублёў, якое было зроблена тры гады таму. Адзiн з затрыманых для прыкрыцця карыстаўся несапраўдным пашпартам грамадзянiна Данii. У сваю чаргу, яму iнкрымiнуецца выкарыстанне падробленых дакументаў.

Канчатковая сума агульнай шкоды розным банкам пакуль невядомая.

— Мы прынялi неадкладныя захады, каб спынiць магчымасць здзяйснення такога вiду злачынстваў, — зазначыў Уладзiмiр Зайцаў. — Так, у Нацбанк быў накiраваны лiст, у якiм, сярод iншага, было рэкамендавана выставiць лiмiты па такiх аперацыях.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Прэв'ю: cyberfort.com.ua

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.