Вы тут

Другое жыццё палаца Радзiвiлаў стала магчымым у суверэннай Беларусi


Нясвiжскi палацава-паркавы комплекс — сапраўдная архiтэктурная жамчужына Беларусi. А пачыналася ўсё ў 1583 годзе, калi Мiкалай Хрыстафор Радзiвiл Сiротка залажыў мураваны замак на месцы драўлянага, 1533 года пабудовы. Да 1599-га ў яго будаўнiцтве ўдзельнiчаў iтальянскi архiтэктар Джаванi Марыя Бернардонi. З XVI да XX стагоддзя ўключна гэта была рэзiдэнцыя князёў Радзiвiлаў. Комплекс уключае ў сябе ўласна палац, замкавыя ўмацаваннi i вялiкi парк.


На працягу некалькiх стагоддзяў ён меў важнае ваеннае значэнне. Тут базiравалася прыватная армiя Радзiвiлаў, захоўвалася артылерыя, ручная агнястрэльная зброя ды iншая вайсковая амунiцыя. Пасля некалькiх перабудоў феадальны замак ператварыўся ў палацава-замкавы комплекс. Ён прываблiвае сваёй велiчнасцю i рамантычнасцю, якую яму надаюць стройныя вежы i невялiкiя вежкi, вада ў сажалках i яркая зелянiна. Комплекс з'яўляецца адным з найлепшых у Еўропе. У 2005 годзе ён быў занесены ў спiс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

На працягу стагоддзяў замак зведаў шмат разбурэнняў i разрабаванняў падчас шматлiкiх войнаў, якiя праходзiлi на тэрыторыi сучаснай Беларусi, але зноў паўставаў з руiн. У савецкi час тут месцiўся санаторый, дзе адпачывалi i папраўлялi здароўе працоўныя. У 2001-м здраўнiца была закрыта i перададзена пад апеку Мiнiстэрства культуры для правядзення рэстаўрацыi. Большасць пакояў палаца, падмуркi, гадзiннiкавая вежа, скляпы, падзямеллi былi ў занядбаным, аварыйным стане. Напачатку рэстаўрацыйныя работы рухалiся вельмi марудна, у асноўным мелi супрацьаварыйны характар. А ў ноч на 25 снежня 2002 года тут адбыўся пажар, якi тушылi 92 ратавальнiкi i 19 машын. Плошча пажару была не надта вялiкая, але яго тушэнне ўскладняла нестандартная планiроўка збудавання. Гэты пажар падштурхнуў да маштабнай рэстаўрацыi палаца. Яе працэс не крытыкаваў толькi гультай. Неадназначную рэакцыю аднаўленчыя работы выклiкалi i ў часткi спецыялiстаў, якiя лiчылi, што пад выглядам рэстаўрацыi можа адбыцца замена аўтэнтычных фрагментаў помнiка новымi, сучаснымi. Гучалi нават выказваннi, што дапускаюцца шматлiкiя парушэннi агульнапрынятых мiжнародных методык.

Тым не менш работы працягвалiся. Першую чаргу замка ўвялi ў дзеянне ў 2008 годзе. Гэта блок з трох двухпавярховых будынкаў, уязная брама з вежай, прылеглая частка ўнутранага двара i iнжынерная iнфраструктура. Другi пускавы комплекс уключыў у сябе блок з пяцi трохпавярховых будынкаў i адзiн асобны. Асноўную частку там займаюць iнтэр'ерныя i экспазiцыйныя залы. Што датычыцца iнфраструктуры для абслугоўвання турыстаў i гасцей палацавага комплексу, то яна складаецца з рэстарана, дзе раней знаходзiлася кухня Радзiвiлаў, гасцiнiчных VIP-апартаментаў, гасцiнiцы эканом-класа. Адноўлены ўязны мост ва ўнутраны двор, элементы замкавых умацаванняў, лядоўня. Пасля рэстаўрацыi таксама былi адкрыты бальная, камiнная, малая сталовая, гетманская i тэатральная залы.

Дваццатага лiпеня 2012 года палацавы комплекс цалкам адкрыўся для турыстаў, экскурсантаў i гасцей. Ужо да канца гэтага года яго наведала 431 тысяча чалавек, а комплекс зарабiў на музейна-экскурсiйнай дзейнасцi свой першы мiльён долараў. I сёння ён не саступае пальму першынства iншым музеям Беларусi. Дакрануцца да гiсторыi славутага магнацкага роду едуць беларусы, расiяне, палякi, лiтоўцы i нават кiтайцы. А дапамагаюць iм у гэтым не толькi экскурсаводы, але i аўдыягiды, запiсаныя на розных мовах.

Акрамя экскурсiй, у палацы ладзiцца шмат мерапрыемстваў для людзей розных узростаў i густаў: шматлiкiя квэсты, спецыяльныя выстаўкi, экспазiцыi. Штогод iх пералік пашыраецца i становiцца больш разнастайны.

Напрыклад, удзельнiкi квэсту «Тайны i загадкi палаца Радзiвiлаў» змогуць атрымаць моцныя ўражаннi ад наведвання закрытых для турыстаў месцаў комплексу: спусцiцца ў падзямелле, зазiрнуць у адкрытыя дзверы i знайсцi даўнiшнiя адгадкi роду магнатаў.

Для маладажонаў прапануюць пастановачную цырымонiю рэгiстрацыi шлюбу ў тэатральнай зале. Прафесiйныя акцёры i музыканты праводзяць урачысты абрад заключэння шлюбу пад гукi чароўнай музыкi. Гэта можа быць, напрыклад, класiчны вальс у запiсе або пад акампанемент жывых iнструментаў. А першы танец жанiха i нявесты — паланэз з князем i княгiняй.

Дадам, што Нясвiжскi палацава-паркавы комплекс стаў сапраўдным цэнтрам культуры. Тут праводзяцца канцэрты старажытнай i сучаснай класiчнай музыкi, музычныя фэсты i фестывалi. Напрыклад, у жнiўнi госцi змогуць атрымаць
асалоду ад мелодый флейты, валынкi, фiсгармонii, пiянiна. Штогадовым стаў «Баль у Радзiвiлаў». Традыцыяй магнатаў было запрашаць на яго замежных артыстаў, танцораў, спевакоў, музыкантаў, якiя пад'язджалi да варотаў у карэтах. Часы мяняюцца, i цяперашнiя госцi з'яўляюцца на касцюмаваны баль на шыкоўных машынах. Значная частка яго застаецца вiдовiшчнай тэатралiзаванай дзеяй.

Не лiшнiм будзе купiць на памяць сувенiр, паласавацца фiрменнымi цукеркамi i шакаладам, якiя можна набыць у кавярнi i крамах музея, у дзiцячай кавярнi «Салодкая батлейка».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.

Грамадства

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы.

Грамадства

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Банда рабаўнікоў «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады.

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.