Вы тут

У фантастычных сусветах Генадзя Аўласенкі


«Пачварына», «Дзікія кошкі Барсума», «Вязні чорнага лесу», «Гісторыя замест матэматыкі» — далёка не поўны пералік фантастычных твораў Генадзя Аўласенкі. Антыўтопія, якая распавядае аб падзеях пасля ядзернай вайны, фэнтэзі з таямнічымі істотамі, блуканні ў часе — вось сусветы, якія стварае аўтар. Карэспандэнт «ЛіМа» пагутарыў з пісьменнікам аб тым, што прывяло яго ў літаратуру.


Фота Кастуся ДРОБАВА

— Па адукацыі вы біёлаг. Што гэта дае ў плане літаратурнай творчасці?

— Дапамагае размаўляць з дзецьмі так, каб ім было цікава. Напрыклад, у кнізе-казцы «Казкі дзядулі Дняпра» я, акрамя ўласна казак (дарэчы, пераважная большасць з іх менавіта аб беларускіх жывёлах), даю яшчэ і шмат біялагічных тлумачэнняў, вядома ж, на ўзроўні, даступным для маіх юных чытачоў.

Ужо некалькі гадоў вяду ў часопісе «Родная прырода» (у дадатку «Юны натураліст») рубрыку аб культурных раслінах, а крыху раней у часопісе «Весёлый зоопарк» вёў (таксама на працягу некалькіх гадоў) спецыяльную рубрыку «Гость номера», дзе апавядаў дзецям аб розных жывёлах.

— Чаму вы пачалі займацца літаратурай?

— Са школьных гадоў вельмі падабаліся два прадметы — біялогія і літаратура. Але, як гэта не прыкра, мовы (як беларуская, так і руская) не даваліся, пра замежную мову (я вывучаў нямецкую) і казаць няма чаго. Таму на філфак, дзе трэба было б усё гэта здаваць, паступіць не мелася аніякіх шанцаў. Тым больш што аб уласнай літаратурнай дзейнасці я тады нават не задумваўся, а вывучаць прыроду, асабліва жывёл, хацелася вельмі. І як вынік — вучоба на біялагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Менавіта на кафедры заалогіі. А вывучаць пачаў чмялёў, гэта і сапраўды вельмі цікавыя насякомыя.

Потым пачалі атрымлівацца вершы (у той час выключна рускамоўныя, лірычныя), і  неяк адразу ж зразумеў, што не хочацца мне быць вучоным-біёлагам, а вось пісьменнікам  — яшчэ як!.. Кінуў універсітэт на апошнім, пятым, курсе, падарожнічаў па Забайкаллі, Якуціі. Усё ж вярнуўся ў родную Беларусь, скончыў завочна апошні курс, шмат гадоў працаваў у школе настаўнікам. І ўвесь гэты час спрабаваў сябе ў розных літаратурных жанрах... І біялогію, і хімію выкладаў па-беларуску, пачаў пісаць беларускамоўныя вершы. А рускамоўныя — як адрэзала з таго часу.

Быў перыяд захаплення п’есамі, якія нават займалі прызавыя месцы на трох запар рэспубліканскіх конкурсах беларускай драматургіі. Потым пачаў пісаць прозу.

Цяпер пішу дзіцячыя казкі і казачныя аповесці, а таксама дарослую фантастыку самых розных жанраў. Фантастыкай захапляюся з дзяцінства. Гэта казкі для дарослых... Шмат перакладаю вершы беларускіх паэтаў на рускую мову, як і з рускай, з украінскай — на беларускую.

— Авантурна-прыгодніцкая літаратура, на вашу думку, патрэбна толькі дзеля таго, каб «расслабіцца» і забыць аб сваіх праблемах, акунуўшыся ў выдуманы свет, ці ўсё ж дзеля таго, каб прымусіць чалавека думаць?

— Усё залежыць ад таленту пісьменніка. Бо і сярод фантастыкі ёсць і нізкапробнае чытво, і сапраўдная літаратура, творы тых жа братоў Стругацкіх, напрыклад. Менавіта такія творы і прымушаюць думаць...

— Ці не было ў вас адчування, што свет жывёл і  раслін больш гарманічны, чым свет людзей? Прынамсі, там няма жорсткасці дзеля самасцвярджэння… З гэтага гледзішча цывілізацыя з усімі яе войнамі і вынішчэннем тых, хто мысліць інакш, ці не ёсць крок назад?

— Гэта і на самай справе так. Нават крыважэрныя драпежнікі (тыя ж тыгры-людажэры) нападаюць толькі дзеля ежы альбо самаабароны і ніколі не забіваюць проста дзеля самога забойства, тым больш не здзекваюцца са сваіх ахвяр. На гэта здольны толькі людзі, і пайшло тое яшчэ з першабытных часоў.

Але найбліжэйшыя нашыя родзічы — шымпанзэ — здольны атрымліваць нейкую своеасаблівую асалоду ад забойства сабе падобных, чаго нельга сказаць ні аб ваўках, ні аб тыграх. Так што, на мой погляд, войны і  жорсткасць — гэта не крок назад, так было спрадвеку  — змяняліся толькі сродкі вядзення вайны. І ці зменіцца што-небудзь у будучыні, можна толькі гадаць. У найбліжэйшай — наўрад…

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.