Вы тут

Наколькі вядомы Уладзімір Караткевіч у свеце? Адказ шукаем разам з Аляксандрам Сушам


Успрыманне ўласнай нацыянальнай годнасці — гэта і пытанне параўнання: а як да нас ставяцца ў свеце. Гэта датычыцца і выяўленчага мастацтва. І тэатра, музыкі, кінематографа... Чамусьці для нас важна, што прызнаныя ў свеце Марк Шагал і Хаім Суцін нарадзіліся ў Беларусі. Мы з гонарам гаворым пра ўраджэнца Расіі Уладзіміра Мулявіна, які прадстаўляў на розных кантынентах беларускую песню. Гэта датычыцца і нацыянальнай літаратуры. Як характарыстыка прызнання, сусветнай увагі — пераклад верша народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «А хто там ідзе?» болей як на 100 моў народаў свету.

Класіка беларускай нацыянальнай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста, публіцыста, перакладчыка Уладзіміра Сямёнавіча КАРАТКЕВІЧА (1930—1984) няма сярод нас болей як трыццаць шэсць гадоў. За гэты час выйшаў Збор яго твораў у 8 тамах. Быў і дадатковы том праз некаторы час пасля завяршэння выдання. Дзякуючы руплівасці выдавецтва «Мастацкая літаратура» і слыннага літаратуразнаўца Анатоля Вераб'я зараз выходзіць Збор твораў класіка ў 25 тамах. За дзесяцігоддзі пасля смерці пісьменніка выйшлі дзясяткі асобных выданняў яго твораў. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе — амаль пяцьдзясят... А наколькі вядомы Уладзімір Караткевіч у свеце? Адказ на гэтае пытанне мы шукаем разам з намеснікам генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі даследчыкам беларускай кнігі Аляксандрам СУШАМ.


— Ці відаць з Мінска прастора Уладзіміра Караткевіча ў іншых краінах? Наколькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўлічаны пераклады твораў аўтара «Калоссяў пад сярпом тваім» на іншыя мовы народаў свету?

— Пытанне і простае, і няпростае. З аднаго боку, можна было б без асаблівых разваг адказаць на яго станоўча. Добра вядома, што творы Уладзіміра Караткевіча перакладзены на шматлікія мовы народаў свету: англійскую, балгарскую, венгерскую, в'етнамскую, грузінскую, іспанскую, латышскую, нямецкую, мангольскую, польскую, рускую, славацкую, украінскую, французскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую і іншыя.

Усе гэтыя пераклады і іх выданні, хоць яны і рыхтаваліся для замежнага чытача, уяўляюць вялікую цікавасць для Беларусі як нашы нацыянальныя дакументы. Таму Нацыянальная бібліятэка Беларусі імкнецца адсочваць іх з'яўленне. Для гэтага выкарыстоўваюцца самыя розныя сродкі: нешта мы купляем, нешта атрымліваем у падарунак, нечым абменьваемся з замежнымі калегамі на ўмовах міжнароднага дакументаабмену. Сваю дапамогу аказваюць не толькі бібліятэкі замежжа, але і прадстаўнікі беларускай дыяспары, замежныя беларусазнаўцы (тут хацелася б падкрэсліць ролю Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў), выдаўцы, перакладчыкі, літаратуразнаўцы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы нашай краіны за мяжой і іншыя зацікаўленыя асобы і ўстановы. Безумоўна, сваю карысць дае і выкарыстанне замежных бібліяграфічных баз даных, электронных каталогаў розных краін.

Хуткі пошук па электронным каталогу дазваляе ўпэўніцца, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадстаўлены пераклады твораў Уладзіміра Караткевіча на англійскую, балгарскую, венгерскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, сербскую, славенскую, украінскую, французскую, чэшскую, эстонскую і іншыя мовы.

З іншага боку, «прастора Уладзіміра Караткевіча ў іншых краінах» відаць сёння іначай, чым тое было некалі. У нейкай ступені ствараецца адчуванне, што цікавасць да спадчыны Уладзіміра Караткевіча з боку замежных перакладчыкаў і выдаўцоў некалькі аслабла. На некаторых мовах яго творы не выдаваліся ўжо некалькі дзесяцігоддзяў.

— Уладзімір Караткевіч, на ваш бібліяграфічны досвед, найбольш цікавіць славянскага чытача?..

— Так, з гэтым у значнай меры трэба пагадзіцца. І падобная сітуацыя аб'ектыўная. Цалкам натуральна, што айчынная літаратура найбольш цікавая і вядомая для нашых суседзяў, а яны, у пераважнай большасці — славяне.

Пры гэтым трэба прызнаць, што пераклады з'яўляюцца і на ўсходне-, і на заходне-, і на паўднёваславянскіх мовах. Пераклады гэтыя найчасцей створаны носьбітамі мовы, пісьменнікамі або перакладчыкамі з гэтых краін.

У прыватнасці, творы Караткевіча выдаваліся ў перакладах на балгарскую мову Хрыста Берберава (1968), Георгія Вылчава (1971), Сімяона Уладзімірава (1977, 1982), Румяна Яўцімава (1978, 1981), Пенка Кынева (1983), Андрэя Германава (2000), Найдзена Вылчава (2000) і іншых. З украінамоўнымі выданнямі працавалі Алена Лук'янчук і Карпо Скрыпчанка (1972, 1982).

Здаралася, што творы Уладзіміра Караткевіча ў тых ці іншых аўтарскіх перакладах выдаваліся і перавыдаваліся неаднаразова. Напрыклад, па-польску ў перакладзе Яна Гушчы яны выходзілі з зайздроснай перыядычнасцю — у 1971, 1974 і 1976 гадах.

Часам гэтыя пераклады рабілі і беларусы, якія добра валодалі той ці іншай славянскай мовай. Так, напрыклад, добра вядомыя пераклады паэзіі Уладзіміра Караткевіча на сербскую мову ў выкананні вядомага айчыннага літаратуразнаўца, сербіста Івана Чароты, які так высока ацэнены ў Сербіі, што ўганараваны званнем акадэміка Сербскай акадэміі навук.

І ўсё ж, трэба прызнаць, што найбольшая колькасць перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча выйшла ў Расіі…

— Дарэчы, як вы лічыце, ці дастаткова ўсё ж такі перастварэнняў прозы і паэзіі Уладзіміра Сямёнавіча на рускую мову?

— На рускую мову былі перакладзены і выдадзены вядомыя творы Караткевіча, якія выйшлі асобным выданнем, а таксама творы ў складзе зборнікаў і часопісаў. Сярод іх аповесці «Дикая охота короля Стаха», «Седая легенда», «Ладья Отчаяния», раманы «Колосья под серпом твоим», «Черный замок Ольшанский», «Христос приземлился в Городне», празаічная паэма «Чозения» і многія іншыя.

Здавалася б, нямала. Некаторыя творы перакладаліся нават неаднойчы. Аднак, па-першае, трэба прызнаць, што частка гэтых перакладаў зроблена не для расійскага кніжнага рынку, а для айчыннага: на жаль, нямала беларусаў аддае перавагу чытанню класічных твораў беларускай літаратуры ў перакладзе.

Па-другое, трэба прызнаць, што наяўнасць перакладаў на рускую мову яшчэ не азначае іх шырокую даступнасць і папулярнасць. Так, іх вялікая доля была выканана яшчэ ў мінулыя дзесяцігоддзі і сёння мала даступная для пакупнікоў у кнігарнях. Тым больш, калі гаварыць пра пакупніка кнігі, пра чытача Расіі.

Але самае важнае нават не гэта ўсё. Сёння, як мне падаецца, ужо прайшоў той час, калі галоўным сродкам фарміравання попыту было стварэнне прапановы. Я маю на ўвазе, што не столькі перавыданнем твораў пісьменніка фарміруецца цікавасць да яго творчасці, колькі наадварот: узрастанне цікавасці да яго творчасці павінна стымуляваць выдаўцоў друкаваць чарговае выданне яго прац. І ў гэтым ключы правільна было б казаць пра мэтанакіраваную дзейнасць дзяржавы і грамадскіх інстытутаў па папулярызацыі нацыянальнай літаратуры. Патрэбна агульнадзяржаўная праграма ў гэтым кірунку.

— Ці не падаецца вам, што маштаб Уладзіміра Караткевіча да канца не зразумелы ў Расіі і нават ва Украіне з-за адсутнасці вартасных перакладаў?

— У пэўнай меры гэта сапраўды так. Калі б у рускамоўным асяроддзі існаваў дастаткова адчувальны попыт на пераклад твораў Уладзіміра Караткевіча, то з'явіліся б і замовы на пераклад на конкурснай аснове, і мэтавыя звароты да вядомых і таленавітых перакладчыкаў. Урэшце самі перакладчыкі змагаліся б за права працаваць з папулярным тэкстам.

Паўплываць на сітуацыю можна. Шмат у якіх краінах пры ўрадзе ці як самастойныя ўстановы існуюць Інстытуты кнігі, якія планамерна займаюцца вывучэннем попыту на нацыянальную літаратуру, выпрацоўваюць стратэгію па яе папулярызацыі і падтрымцы, фарміруюць метадычныя парады для гульцоў на інфармацыйным рынку. Яны працуюць на навуковай аснове, аналізуюць сусветную і нацыянальную статыстыку, наладжваюць праблемна арыентаваныя круглыя сталы, запрашаюць вядомых экспертаў, арганізуюць ці каардынуюць правядзенне прэзентацыйных і навуковых мерапрыемстваў за мяжой з мэтай папулярызацыі літаратуры іх краін або творчасці тых ці іншых нацыянальных аўтараў. Існуюць фонды і гранты для падтрымкі і папулярызацыі нацыянальнай літаратуры за мяжой. Яны атрымліваюць і пераразмяркоўваюць фінансаванне на пераклады твораў айчынных пісьменнікаў на замежныя мовы, наладжваюць конкурсы перакладаў, арганізуюць прэзентацыі за мяжой, дамаўляюцца з замежнымі ўстановамі культуры аб набыцці гэтых кніг, прадстаўляюць нацыянальную літаратуру на міжнародных кніжных і літаратурных форумах і кірмашах... І гэта толькі адзін прыклад таго, як адбываецца папулярызацыя нацыянальнай літаратуры для замежнай аўдыторыі. Шмат робіць Германія для прасоўвання сваёй літаратуры, напрыклад, творчасці Гётэ, Італія — Дантэ, Польшча — Адама Міцкевіча (таго самага ўраджэнца Беларусі), Украіна — Тараса Шаўчэнкі і г. д. Пра Расію нават і казаць не варта, бо яна здолела стварыць магутнейшую праграму папулярызацыі сваёй літаратуры і яе прадстаўнікоў за мяжой. І з гэтай праграмай смела ідзе і ў краіны Еўропы, і краіны Азіі. Што казаць, калі ў Беларусі да зусім нядаўняга часу было менш помнікаў айчынным пісьменнікам, чым расійскім, калі імёнамі беларускіх творцаў было названа менш вуліц, праспектаў, бібліятэк і г. д., чым імёнамі аўтараў, безумоўна, вялікай і брацкай, але суседняй краіны. У нас колькасць адных толькі помнікаў Пушкіну перавышае колькасць помнікаў любому айчыннаму пісьменніку. Такога няма ні ў адной краіне свету. А колькі мы маем помнікаў Уладзіміру Караткевічу? Думаю, большасць беларусаў не прыгадае ніводнага.

Дык чаго пасля гэтага мы можам патрабаваць ад замежнікаў? Калі мы самі недастаткова паважаем айчынную літаратуру і недастаткова клапоцімся пра іх папулярызацыю, то якое ў нас можа быць маральнае права скардзіцца на яе няведанне жыхарамі іншых краін?

— «Каласы пад сярпом тваім» — даволі складаны мастацкі твор, у ім некалькі пластоў, сапраўдная глыбіннасць, якая патрабуе і ведання беларускай гісторыі, можна сказаць, падрыхтоўкі чытача, некаторай яго гістарычнай адукаванасці. Вы перакананы ў тым, што маштаб гэтага рамана да канца зразумелы чытачу Расіі, Украіны ці краін Балтыі?

— Часткова трэба пагадзіцца з гэтым меркаваннем, але і не зусім. Твор сапраўды шматпланавы, заснаваны на багатым гістарычным фактажы. Аднак з майго досведу магу сказаць, што ён абсалютна лёгка чытаецца і людзьмі, зусім слаба знаёмымі з гісторыяй Беларусі. Урэшце неяк жа мы ўсе здольныя чытаць творы Гамера, Шэкспіра ці Сервантэса. То чаму мы павінны так баяцца, што айчынную мастацкую літаратуру замежны чытач не здолее зразумець? Тым больш, калі мы кажам пра суседнія краіны. Вядома, што падзеі напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў, апісаныя ў «Каласах пад сярпом тваім», вельмі блізкія і добра вядомыя ў суседніх Літве і Польшчы, але і для расіян ды ўкраінцаў яны таксама збольшага зразумелыя і часта некалькі вядомыя. Думаю, што ў гэтым выпадку не варта перажываць, ці ўсе гістарычныя аспекты здолее зразумець замежны чытач (урэшце на рознай ступені глыбіні твор чытаюць і самі беларусы, што таксама нармальна). Так ці іначай, але мы маем справу не з навуковым творам, які павінен быць максімальна дакладны і зразумелы, а з творам мастацкім.

— Творы Уладзіміра Караткевіча шмат выдавалі ў Чэхаславакіі на чэшскай і славацкай мовах, у Польшчы, Балгарыі, а вось ці добра вядомы Уладзімір Караткевіч англамоўным чытачам?

— У англамоўным свеце творы Уладзіміра Караткевіча вядомыя слаба. Гэта не азначае, што не існуе перакладаў твораў пісьменніка на англійскую мову. Яны ёсць.

Некалькі перакладаў з’явілася яшчэ за савецкім часам. Частка з іх была выпушчана ў Маскве. Напрыклад, у 1976 годзе ў выдавецтве «Progress Publіshers» у Маскве выйшла шыкоўная анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Faіry land of Byelorussіa» («Цудоўная зямля Беларусі»), дзе бачым чатыры творы Уладзіміра Караткевіча («The Hare Іs Brewіng Beer», «Earthquake», «Byelorussіan Song», «Sunrіse») у перакладзе Уолтэра Мэя (Walter May).

У 1986 годзе ў вядомым маскоўскім выдавецтве «Радуга» пабачыла свет кніга «Home fіres : storіes by wrіters from Byelorussіa» з перакладамі твораў беларускіх пісьменнікаў, адным з якіх быў і Уладзімір Караткевіч. Пераклады яго твораў публікаваліся на старонках часопіса «Sovіet Lіterature» (напрыклад, у 1982 і 1983 гадах).

З беларускіх выдавецтваў асабліва ярка сябе паказала мінскае «Юнацтва». Так, у 1982 годзе тут выйшаў пераклад нарыса «Зямля пад белымі крыламі», выкананы Апола Уайсам (Apollo Weіse) і Уолтэрам Мэем. У 1989 годзе тое ж выдавецтва выпусціла аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» ў перакладзе Мэры Мінц (Mary Mіntz) на англійскую мову — «Kіng Stakh’s wіld hunt». У далейшым гэты пераклад перавыдаваўся яшчэ некалькі разоў.

Большасць перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча выйшла ў складзе розных зборнікаў ці была апублікавана ў літаратурна-мастацкіх часопісах. Напрыклад, яшчэ ў 1972 годзе выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала зборнік гісторый беларускіх аўтараў пад назвай «Colours of the natіve country» («Колеры роднага краю») у перакладзе Апола Уайса. Сярод іншага там мы бачым і адзін з першых перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча — апавяданне «Блакіт і золата дня» («The Ark»).

З апошніх англамоўных выданняў варта згадаць ініцыятыву Беларускага фонду культуры, прымеркаваную да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Тады, у 2010 годзе, на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай, англійскай — выдадзена кніга беларускага класіка «Дзікае паляванне караля Стаха» (быў выкарыстаны ранейшы пераклад Мэры Мінц). Існуюць і іншыя выданні.

Прыемна, што да гэтай работы падключыліся і выдавецтвы з уласна англамоўных краін. Напрыклад, у 2013 годзе брытанскае выдавецтва «Glagoslav Publіcatіons» выпусціла аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Па сутнасці, гаворка ідзе ў гэтым выпадку пра так званае выданне пад замову, як прынята ў замежным свеце, калі кніга дадрукоўваецца пад запыт пакупнікоў і дасылаецца ім па пошце. Прычым яна можа быць як у мяккім, так і ў цвёрдым пераплёце, а таксама можа быць прададзена ў электронным выглядзе. І вось гэта тэндэнцыя ўжо не можа не радаваць.

Згадаем таксама, што некаторыя англамоўныя пераклады твораў Уладзіміра Караткевіча сёння даступныя і ў сусветным сеціве. Існуюць таксама і некаторыя літаратуразнаўчыя даследаванні замежных беларусістаў, прысвечаныя творчасці нашага слаўнага пісьменніка-класіка.

І ўсё ж, трэба прызнаць, што ў англамоўным свеце творы Уладзіміра Караткевіча вядомыя слаба. Рэдка праходзяць прэзентацыі і ўрачыстыя мерапрыемствы да юбілеяў пісьменніка за мяжой (а тыя, што адбываюцца, больш арыентаваны на беларускую дыяспару, чым на мясцовую публіку); яму і яго спадчыне амаль не прысвячаюцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі па-за межамі нашай краіны; па яго жыцці і творчасці не бачна мастацкіх ці дакументальных фільмаў у замежным пракаце…

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Шляхі-дарогі Караткевіча па планеце Зямля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.