Вы тут

Мінск у розных абліччах


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка «Геалакацыя Мінск. Графіка ХХ стагоддзя». Сёлета сталіца адзначыла свой 963-гадовы юбілей. У экспазіцыі прадстаўлена каля 30 жывапісных і графічных работ са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, сярод якіх можна ўбачыць знаёмыя плошчы і вуліцы беларускай сталіцы


Аркадзь Астаповіч (1896—1941) «Мінск. Чырвоны касцёл», 1928 г

Гэта своеасаблівая рэтраспектыва апошніх 200 гадоў існавання Мінска, дзе кожны перыяд вызначаецца сваімі асаблівасцямі, знакавымі для гараджан падзеямі: урбанізацыяй і ваеннымі разбурэннямі, будаўніцтвам новых мікрараёнаў і адраджэннем гістарычнага цэнтра, гарадскімі святамі і буднямі. Вядомыя мастакі і менш папулярныя аўтары выступаюць у ролі гістарыёграфаў беларускай сталіцы, па-свойму адлюстроўваюць яе на палотнах і паперы, але ў кожнага атрымліваецца перадаць тое, што называюць душой горада.

Вывучаць гісторыю пры дапамозе мастацтва — адзін з самых лепшых і цікавых спосабаў разабрацца ў тым ці іншым этапе развіцця краіны, уявіць, як жылі людзі таго далёкага часу, калі не было звыклых нам хмарачосаў або аўтамабіляў... У мастацтве рэалістычным няма ні анахранізмаў, ні фантастычных элементаў, якія трапілі ў твор праз мясцовыя забабоны ці гарадскія легенды. Напрыклад, фрэскі Сінксцінскай капэлы наўрад ці можна лічыць дакладнай крыніцай інфармацыі аб Антычнасці, паколькі сярод грэкаў у тогах там можна пабачыць і выявы людзей у строях эпохі Адраджэння — мецэнатаў, якія ахвяравалі грошы каталіцкай царкве (на гэтым анахранізме, які, апроч іншага, шмат распавёў навукоўцам аб італьянскай модзе ХVI стагоддзя, пабудаваны тэорыі сучасных неахранолагаў). А вось творы Эміля Заля, асабліва сага пра Ругон-Макараў, — сапраўдная энцыклапедыя жыцця ўсіх слаёў насельніцтва Францыі XIX стагоддзя. І на выстаўцы графічных работ «Геалакацыя Мінск» наведвальнік убачыць не толькі гістарычна дакладныя творы графічнага мастацтва, але і карціны высокага мастацкага ўзроўню.

Канцэпцыя выстаўкі выклікае цікавасць. Арганізатары вырашылі прааналізаваць фонды музея з мэтай знайсці там графічныя работы, якія б дэманстравалі, як мяняўся Мінск на працягу ХІХ і ХХ стагоддзяў. І гэта вельмі складаная задача, бо за доўгія гады існавання Нацыянальны гістарычны музей назапасіў вялікую колькасць твораў. Таму давялося правесці вялікую працу па сістэматызацыі і адбору палотнаў, да таго ж вызначыць найлепшыя, прычым выкананыя ў розных тэхніках. Пасля гісторыкі і мастацтвазнаўцы высветлілі, якія канкрэтна месцы адлюстраваны на той ці іншай карціне. Вынікам шматлікіх намаганняў стала тое, што мы можам не толькі ўбачыць якасныя графічныя творы, прысвечаныя Мінску, але і параўнаць іх з уласнымі ведамі пра горад у XXI стагоддзі: кожная карціна суправаджаецца, акрамя звыклай інфармацыі (аўтар, назва, тэхніка і матэрыялы), яшчэ і сучаснай картай.

Так, напрыклад, можна ўбачыць, як будаваўся ўніверсітэцкі гарадок (твор Мікалая Дучыца «На будаўніцтве ўніверсітэцкага гарадка ў Мінску» 1929 года) або знакамітыя Мінскія вароты (твор Анатоля Тычыны «Вежы будуюцца» 1953 года). Хтосьці можа здзівіцца таму, што на карціне Кацярыны Паплаўскай з адназначнай, здавалася б, назвай «Дом кіно» 1984 года чамусьці намаляваны не сучасны Дом кіно на вуліцы Талбухіна, а Касцёл Святых Сымона і Алены. А гэта ж гістарычная даведка аб савецкіх рэаліях, у якіх многія хрысціянскія храмы калі не разбураліся, то функцыянавалі як памяшканні далёка не рэлігійнага прызначэння. Вось і знакаміты мінскі Чырвоны касцёл быў Домам кіно, які вярнулі каталіцкай царкве толькі ў 1990 годзе. Можна прасачыць таксама, якім парадаксальным чынам праходзіла ўрбанізацыя і індустрыялізацыя Мінска ў савецкую эпоху. Многія мастакі падкрэсліваюць кантраст паміж старым, умоўна кажучы, правінцыйным Мінскам, дзе дамінуе драўляная, сельскага тыпу забудова, і новым, сталіцай БССР. Менавіта таму на адной з карцін, паступова слізгаючы позіркам ад пярэдняга плана да задняга, мы пераходзім ад звычайных аднапавярховых домікаў, пабудаваных у характэрнай хаатычнай гармоніі, да каркасаў новых дамоў на гарызонце, над якімі высяцца аднаногія волаты будаўнічых кранаў.

Ганна Самойлаўскіх (1901—1986) «Ленінскі праспект». З цыкла «Мінск», 1947 г.

 Ёсць тут і работы, якія дэманструюць пасляваенны Мінск. У першую чаргу, канечне, «Разбурэнні на плошчы Свабоды» (1944 год) Мікалая Дучыца. Гэта адзіная работа на выстаўцы (напэўна, таму яна настолькі моцна прыцягвае ўвагу), дзе стройная логіка савецкага ўрбанізму, падпарадкаваная строгім матэматычным законам і таму злёгку пазбаўленая чалавечнасці, саступае месца хаосу разбурэння. Мы бачым тую частку Мінска, дзе часта праходзяць гарадскія святы або канцэрты, адно з галоўных турыстычных месцаў сталіцы, абсалютна знішчаным. Наколькі хапае ўнутранай глыбіні карціны, адкрываецца не звыклы ўрбаністычны пейзаж савецкага перыяду, а аднолькавая змрочная пустка, дзе ў шахматным парадку чаргуюцца дамы, знішчаныя цалкам, і будынкі, ад якіх засталіся нейкія намёкі на сцены і трубы, што выглядаюць абсалютна ненатуральна і тым толькі ўзмацняюць страшнае ўражанне ад твора. На гэтай карціне няма людзей, мастак не акцэнтуе ўвагу, што ў кожным з гэтых дамоў жыла сям’я, але маўчанне горада і бесстаронні погляд графіка на разбурэнні толькі актуалізуюць пацыфісцкі пасыл.

Калі з пункту гледжання гістарычнай значнасці ўсе прадстаўленыя работы ў цэлым раўнапраўныя, то найбольшую цікавасць з мастацкага пункту гледжання ўяўляюць работы ўжо згаданых Кацярыны Паплаўскай і Анатоля Тычыны. Па-першае, арганізатары ўдала выкарысталі прастору. Нягледзячы на тое, што выстаўка размешчана нават не ў адной з экспазіцыйных залаў Нацыянальнага гістарычнага музея, а ў калідоры на першым паверсе, пры дапамозе правільна падабранага асвятлення і размяшчэння работ унутры гэтай прасторы ўдалося дамагчыся эфекту поўнага паглыблення ў атмасферу паступовай урбаністычнай мадэрнізацыі Мінска, якая адбывалася на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Калі спачатку мы бачым Мінск да татальнай урбанізацыі, з-за чаго здаецца, што перад намі вясковы, а не гарадскі пейзаж, то пад канец на карцінах графікаў сталіца Беларусі ўжо набывае знаёмае ўсім сучаснікам аблічча. Работы Кацярыны Паплаўскай і Анатоля Тычыны адносяцца якраз да позняга перыяду ўрбанізацыі. Па-другое, вельмі ўдалым рашэннем было размясціць работы мастакоў адна насупраць адной, паколькі яны прадстаўляюць не толькі розныя графічныя школы (работы Кацярыны Паплаўскай выкананы пры дапамозе тэхнікі аквацінты, а Анатоль Тычына жа ў большасці сваіх твораў выкарыстоўвае тэхніку каляровай лінагравюры на паперы), але і розныя погляды на трансфармацыю Мінска ў ХХ стагоддзі.

Анатоль Тычына паказвае Мінск у яго рамантычным амплуа з лёгкім прысмакам непазбытнага савецкага аптымізму і веры ў светлую будучыню. Колеры цёплыя і разам з тым няяркія, быццам прыглушаныя, што адразу выклікае асацыяцыі з прыемнай прагулкай падчас захаду сонца. Асабліва добра атмасферу бесклапотнага вераснёўскага вечара, калі бабіна лета ўжо адступае, але яшчэ не цалкам страціла пазіцыі, перадае карціна «На беразе Свіслачы». Мяккія лініі, бэжава-аранжавыя тоны, знаёмы і любімы ўсімі мінчукамі пейзаж, які яшчэ і «схаваны» пад лёгкай смугой нядаўняга мінулага, спакойная атмасфера — Мінск паказаны не агрэсіўным савецкім мегаполісам, а рамантычным горадам, які можа атмасферай пасапернічаць з некаторымі еўрапейскімі сталіцамі, асабліва раён гістарычнага цэнтра. Мінск Тычыны — не той горад, дзе разгарнуліся буйныя заводы і сталінскі ампір цісне грувасткай надмернасцю. Не, гэта ў першую чаргу сталіца культурная, горад з багатай гісторыяй, што і робіць яго прывабным.

Анатоль Тычына (1897—1986) «Мінск. Дождж», 1975 г.

Насупраць жа ідэалізаваных каляровых гарадскіх пейзажаў Анатоля Тычыны размешчаны чорна-белыя графічныя работы Кацярыны Паплаўскай. Калі Анатоль Тычына — рэаліст-рамантык, то Кацярына Паплаўская і па манеры выканання, і па ўспрыманні свету бліжэй да канцэптуальных мастакоў. Яна не ставіць задачу паказаць Мінск рэалістычным. Ёй больш важна перадаць агульныя адчуванні, ключавыя канцэптуальныя ідэі, што, на яе думку, вызначаюць Мінск як горад, які закрануў савецкі канструктывізм. Менавіта таму будынкі на яе работах, напрыклад, на карціне «Спарткомплекс» з серыі «Новы Мінск», здаюцца прышэльцамі з навуковай фантастыкі. Паплаўская не дэталізуе тэкстуру, яе святлацень вельмі жорсткая, практычна без паўтонаў і пераходаў, што толькі ўзмацняе ўражанне, быццам перад намі не рэальна існуючыя аб’екты, а нейкія фантастычныя збудаванні са старонак коміксаў або каталогаў выдуманай архітэктуры. Мінск у творчым уяўленні Кацярыны Паплаўскай — гэта суровы канструктывісцкі прамысловы горад, дзе на фоне бісквітнай фабрыкі, складзенай быццам бы з плоскіх кубоў без якой-небудзь фактуры, высіцца будынак гасцініцы «Беларусь», які да гэтага часу з’яўляецца вельмі яскравым помнікам савецкай мадэрнісцкай архітэктуры.

Выстаўка «Геалакацыя Мінск» дазваляе прасачыць, якім бачылі горад мастакі на працягу ўсяго ХХ стагоддзя, у думках прагуляцца па тых вуліцах, якія цяпер перапраектавалі, ці ж паглядзець на будынкі, якія не захаваліся да нашых дзён, а таксама пазнаёміцца з рознымі тэхнікамі графікі.

Экспазіцыю можна паглядзець да 11 лістапада.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.