Вы тут

Крыштальны шар мастацтва


Гродзенскаму абласному тэатру лялек пашанцавала, таму што ён можа адзначаць свой дзень нараджэння некалькі раз на год: 2 лютага, 1 і 11 лістапада. Паўнапраўны чацвёрты дзень нараджэння  — дата першай прэм’еры 25 мая. За час існавання тэатра неаднойчы адбываліся змены, аднак пастаянным заставалася адно: адміністрацыя і трупа тэатра — выключна таленавітыя асобы. Алег Алегавіч Жугжда, які цяпер у тэатры займае пасаду галоўнага рэжысёра (непасрэдна адказвае за якасць спектакляў і іншыя аспекты творчага жыцця ўстановы), распавёў нам пра тое, як Гродзенскі тэатр лялек збіраецца святкаваць адзін са сваіх юбілеяў, як спраўляецца з пандэміяй і на якія спектаклі гэтай культурнай установы лепш за ўсё хадзіць сям’ёй.


Пра юбілеі і творчы шлях

Для любога тэатра галоўная падзея — прэм’ера. Таму я заўсёды схіляўся да таго, каб галоўным днём тэатра лічыць яго першую сустрэчу з гледачом — прэм’еру спектакля «Людвіг і Тута», а не загад аблвыканкама аб арганізацыі нашай установы. Юбілей ні ў якім разе не павінен быць фармальнасцю. Гэта заўсёды лішняя магчымасць нагадаць пра тэатр, яго важнасць і месца ў  жыцці кожнага. І, вядома, яго нельга пераўтвараць у банкет, як гэта часам здараецца.

У Гродне я апынуўся, можна сказаць, загадкавым чынам: выпадак ці падсвядомае жаданне — сказаць цяжка. Я заўсёды сумаваў па роднай Вільні. А Гродна месцамі вельмі нагадвае яе, асабліва гэтыя гарады падобныя сваёй творчай атмасферай. Увогуле, амаль па Цвятаевай: «Я хацела б жыць у маленькім горадзе, дзе вечны змрок і вечныя званы...» Як аказалася, мары, нават калі яны з вершаў, могуць спраўдзіцца — варта толькі прыкласці намаганні. Пасля Магілёўскага тэатра лялек, якому я аддаў амаль 15 гадоў, было некалькі самых розных прапаноў. Я прыняў запрашэнне Аляксандра Ігнаценкі, які тады займаў пасаду дырэктара Гродзенскага тэатра лялек. Чаму менавіта яго прапанову? Яна была першай. Не магу не любіць свае спектаклі. Усе. У кожным з іх застаецца частка мяне. Кожны спектакль ёсць часцінка часу, у якім ён ствараўся, энергіі акцёраў, мастакоў, кампазітараў. Гэта як крыштальны шар, у які мне ўдалося злавіць пэўны перыяд жыцця. Кожны непаўторны. І лёс у кожнага свой, таму выбраць нешта адно немагчыма — гэта было б несправядліва ў адносінах да астатніх.

Пра эпідэмію і выпрабаванні для тэатра

Застаецца разглядаць сённяшнюю сітуацыю як велізарнае выпрабаванне. Але гледачы, рызыкуючы, працягваюць наведваць тэатр, што асабліва каштоўна. Можа, гэта жаданне ўбачыць жывую гісторыю, якая разгортваецца тут і цяпер у рэальным часе, можа, ёсць нейкая цяга да мастацтва... Можа, мы за гады ўсё-такі сталі чымсьці важным у жыцці Гродна. Так, застаецца шахматная схема рассаджвання, паказы спектакляў на летняй адкрытай пляцоўцы, але тэатральнае жыццё працягваецца, хай і ў змененым выглядзе. Каб быў тэатр, патрэбны глядач, не віртуальны, а сапраўдны, інакш ніякага абмену энергіяй не будзе. А менавіта гэты абмен энергіяй паміж гледачамі, акцёрамі і ўсімі астатнімі ўдзельнікамі спектакля ляжыць у аснове сцэнічнага дзеяння.

Год быў страшны. Каласальныя сілы кінулі, каб захаваць тэатр. Мы ўсе вельмі стараліся: і творчая частка, і  тэхнікі, і адміністрацыя. Нават дзве прэм’еры выпусцілі! Але хутчэй бы прайшоў гэты вісакосны кашмарны год! Было запланавана многае. На жаль, сітуацыя вымушае больш рэальна думаць пра юбілей. Аднак тэатр проста абавязаны адзначыць 40 гадоў свайго жыцця прэм’ерай. Сяргей Кавалёў, наш стары сябар і драматург (у тэатры ідзе чатыры спектаклі па яго п’есах), адмыслова для нас напісаў «Локіса» па матывах Праспера Мерымэ. Галоўны мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк задумала ўзрушальную сцэнаграфію ў стылі стым-панк. Гэта павінна быць вельмі цікава і незвычайна.

Пра мінулае, будучыню і сучаснасць

У тэатры з моманту яго заснавання змянілася вельмі многае, на мой погляд. І гледачы перш за ўсё. Але не таму, што зараз да нас прыходзяць унукі першых нашых прыхільнікаў. Глядач, мне здаецца, наш тэатр разумее і ацэньвае высока. Мы шмат ездзілі па замежных міжнародных фестывалях — усюды нас ацэньвалі выключна высока. Ганаруся, што Гродзенскі тэатр лялек не з’яўляецца стэрэатыпным правінцыйным тэатрам і што я сам непасрэдна адказваю за высокі ўзровень спектакляў. На якія б спектаклі я запрасіў? Гэта залежыць ад узросту. А для сямейнага прагляду добрыя «Прыгажуня і Пачвара», «Прыгоды доктара ДД». Ну і для дарослых «фірмовая страва»  — «Пікавая Дама». Планы на гэты год у нас былі грандыёзныя, але ў выніку апетыты давялося зменшыць: выпусціць прэм’еру, правесці навагоднюю кампанію, галоўнае — каб гледачы і мы былі здаровыя, я зараз усім гэтага жадаю!

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.