Вы тут

Як ажыццяўляюцца экалагічныя праекты ў Брэсцкай вобласці


Важным інструментам, які забяспечвае дыялог паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, грамадскімі арганізацыямі і грамадзянамі, зацікаўленымі ў вырашэнні прыродаахоўных пытанняў, з'яўляецца функцыянаванне грамадскіх каардынацыйных экалагічных саветаў. Такія саветы створаны пры самім Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органах. 11 снежня адбылося выязное пасяджэнне савета пры Брэсцкім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў аграгарадку Каменюкі. У ім бралі ўдзел супрацоўнікі камітэта і ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», прадстаўнікі маладзёжных і іншых грамадскіх арганізацый.


Запаведнасць замацоўваецца мемарандумам

У цэнтры ўвагі пасяджэння была прыродаахоўная дзейнасць у Белавежы. Вопытам супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі ў захаванні і аднаўленні прыродных комплексаў падзяліўся начальнік навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Дзмітрый Бярнадскі. Гэтае супрацоўніцтва вядзе адлік з канца 1990-х, калі было наладжана ўзаемадзеянне з «Аховай птушак Бацькаўшчыны». Асабліва плённым стала апошняе дзесяцігоддзе: рэалізавана шмат сумесных праектаў. Напрыклад, пад дэвізам «Малыя ручаі — вялікі ўплыў» у 2012—2016 гадах прайшло аднаўленне гідралагічнага рэжыму ў гістарычнай частцы пушчы.

У 2013 годзе быў падпісаны трохбаковы мемарандум аб садзейнічанні ўмацаванню запаведнасці Белавежскай пушчы паміж Нацпаркам, Франкфурцкім заалагічным таварыствам і АПБ. У 2018 годзе мемарандум быў падоўжаны на наступную пяцігодку. Адпаведна з яго патрабаваннямі распрацоўваецца штогадовы план дзеянняў з канкрэтнымі мерапрыемствамі. «Грамадская арганізацыя выступае ў якасці медыятара для пошуку фінансавання прыродаахоўных праектаў: так, эксперты АПБ звяртаюцца ў міжнародныя фонды і пераканаўча даводзяць да іх нашы патрэбы, — патлумачыў схему ўзаемадзеяння Дзмітрый Бярнадскі. — Часцей за ўсё мы атрымліваем дапамогу ад фондаў Еўрасаюза». Важныя сумесныя здзяйсненні ўдзельнікаў мемарандума — паўторнае забалочванне Дзікага Нікара і далучэнне ў мінулым годзе да нацпарку 400 гектараў экалагічна важных зямель. Развіваюцца навуковыя даследаванні сістэмы «воўк — капытныя», буйных драпежнікаў, кажаноў. Вядзецца барацьба з інвазійнымі відамі, найперш з чырвоным дубам. Вывучаюцца працэсы, якія адбываюцца ў пушчы без антрапагеннага ўмяшальніцтва. Праводзяцца адкрытыя лекцыі ў падтрымку запаведнасці.

Калектыў Нацпарку пачынае распрацоўку плана кіравання Белавежскай пушчай на 2021—2030 гады.

Клопат аб лясных волатах

Гісторыю аднаўлення папуляцыі белавежскіх зуброў і сучасныя праблемы іх захавання акрэсліў кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік нацыянальнага парка Аляксей Буневіч. «У апошнія гады назіраецца стабільны рост пагалоўя. Па колькасці зуброў Белавежская пушча выйшла на першае месца ў свеце: цяпер тут жывуць 572 асобіны», — канстатаваў ён. У выніку натуральнага і штучнага рассялення на тэрыторыі пушчы ўтварылася пяць груповак зуброў. Паказчык натуральнай смяротнасці гэтых жывёл з году ў год стабільны і складае крыху больш за 3 %. А вось пладавітасць самак у параўнанні з 1971—1980 гадамі зменшылася на 50 %. Таксама трывожаць навукоўцаў выпадкі хваробы мочапалавых органаў у самцоў, якая вядзе да некрозу тканак і гібелі жывёл. Прычыны гэтых праблем — нястача натуральных кармоў ва ўмовах высокай харчовай канкурэнцыі з іншымі капытнымі, залішне высокая шчыльнасць статкаў, наяўнасць у пушчанскай расліннасці цяжкіх металаў. Зубры, якім у запаведнай зоне зімой не даюць падкормку, выходзяць на палі, выклікаючы трывогу ў вясковых жыхароў. Вясной жа і летам ўсе яны трымаюцца ў ахоўных межах пушчы.

Добрыя сэрцы

Другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта Саюза моладзі Максім Харытончык расказаў, як 186 маладзёжных валанцёрскіх атрадаў колькасцю каля 3000 чалавек дзейнічаюць на карысць прыродзе і людзям. У красавіку і кастрычніку яны правялі «Тыдні леса» з пасадкай дрэў. Акцыя «Добрае сэрца» была накіравана на аднаўленне крыніц і прыдарожных святынь. Сёлета ў вобласці прайшло больш за 90 мерапрыемстваў пад дэвізам «За чысціню гарадоў і вёсак!», больш за 500 акцый і суботнікаў па навядзенні парадку на зямлі, у якіх найбольшай актыўнасцю вызначыліся Брэсцкі і Баранавіцкі раёны.

Веласіпедысты — сябры прыроды

Два выступленні былі прысвечаны развіццю веласіпеднага руху ў Брэсцкай вобласці. Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «За вела-Брэст», як растлумачыў член яе савета Віталь Коўш, ажыццяўляе маніторынг гарадской веластруктуры і ўносіць прапановы для яе паляпшэння, удзельнічае ў экалагічных святах і Тыдні еўрапейскай мабільнасці, праводзіць велапрабегі, прычым найбольш папулярным стаў маршрут «Брэст — Белавежская пушча». Разам з інжынерна-канструктарскім бюро «Брэстмаша» распрацавана мадэль велабагажніка для міжгародніх аўтобусаў, якая ўжо праходзіць сертыфікацыю. Велааматары супрацоўнічаюць з Брэсцкім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: выяўляюць нелегальныя звалкі смецця ў лясах і гатовыя дапамагаць у пошуку інвазійных раслін.

Ровар — выдатны сродак для аздараўлення і ўключэння ў паўнавартаснае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Старшыня таварыства «Інваліды і асяроддзе» Іван Шмыга і кіраўнік абласнога велаклуба трох узростаў «РаДзея» Валянцін Балдзенка яскравымі слайдамі і відэаролікам ілюстравалі свой аповед пра веламарафоны, падчас якіх людзі з інваліднасцю далучаюцца да пошуку крыніц, наведваюць аграсядзібы і разам са сваімі сябрамі робяць карысныя для прыроды справы. «РаДзейцы» пасадзілі алею з 50 дрэў у старажытным маёнтку Нямцэвічаў, правялі суботнік на беразе возера Соя і праклалі экасцежку, прыбралі смецце ў Брэсцкай крэпасці, выратавалі цар-дуб.

ПРААН абяцае дапамогу

На Брэстчыне дзейнічае 12 грамадскіх аб'яднанняў экалагічнага кірунку. Найбольш актыўна супрацоўнічаюць з прыродаахоўнымі органамі «Зялёны край», «Ясельда», «Неруш», «Час зямлі», «Беларускае геаграфічнае таварыства».

З 2018 года тэхнічная і тэматычная падтрымка ўсіх грамадскіх каардынацыйных экалагічных саветаў вядзецца праз праект «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Праграмай развіцця ААН. Яго бюджэт складае 3,5 мільёна еўра. Кіраўнік праекта Вольга Чаброўская паабяцала, што планавая падтрымка будзе аказвацца і ў 2021 годзе. ПРААН распрацавала прапановы для паляпшэння работы савета.

Святлана ІШЧАНКА

Загаловак у газеце: Ініцыятыва — падтрымка — справы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.