Вы тут

Празрысты вігвам ці дрэва-гном? На алеі крэатыўных елак у Гродне вызначылі найлепшыя ідэі


Не так даўно «Звязда» ўжо пісала аб тым, што ў гарадскім парку імя Жылібера стартаваў конкурс на самую арыгінальную елку, які быў разлічаны на калектывы прадпрыемстваў, ведамстваў і ўстаноў адукацыі. Дарэчы, гэтай прыгожай традыцыі ўжо некалькі год і з кожным годам ідэі ўвасаблення вобразу навагодняга дрэўца становяцца ўсё больш смелымі і нестандартнымі.


Сёлета, напрыклад, у конкурсе прынялі ўдзел больш за сорак елак-удзельніц. Многія літаральна рабіліся па пранцыпу «я цябе зрабіла з таго, што было...» — гэтым самым калектывы адлюстроўвалі і спецыфіку сваёй дзейнасці (у творчым працэсе выкарыстоўвалася ўсё: ад банак-шклянак да металічных дыскаў).

Вызначыць пераможцаў дапамагла інтэрнет-апытанка, арганізаваная на сайце абласной газеты, і меркаванне прафесійнага журы. 

Як патлумачыў начальнік адзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Дзяніс ЧАРНЯК, мэта конкурса — зацікавіць калектывы арганізацый і прадпрыемстваў горада, а таксама ўсіх ахвотных гараджан магчымасцю рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу. Як кажуць, не работай адзінай жывы чалавек, але і аб ёй забывацца не трэба: адной з умоў было ўвасабленне ў дызайнерскай задуме спецыфікі свайго прадпрыемства, арганізацыі, установы. Удзельнікі цікава падышлі да творчага працэсу: тут можна сустрэць нават святочны аўтобусны прыпынак, выкананы мясцовым аўтапаркам, і елку ў выглядзе жаночага строю ад швейнай фабрыкі «Элод». 

Трэба сказаць, што знайшліся ў сеціве і крытыкі, якія палічылі прымітыўнымі некаторыя рашэнні. Між іншым, не трэба забывацца, што далёка не ўсе ўдзельнікі валодаюць вытанчаным мастацкім густам — гэта людзі працы, якія знайшлі нестандартныя рашэнні пры выкананні задання і зрабілі ўсё сваімі рукамі. 

Дарэчы, пры вызначэнні пераможцаў і прызёраў арганізатары кіраваліся некалькімі крытэрыямі: адпаведнасці работы навагодняй тэматыцы, арыгінальнасці мастацкага дызайна, наяўнасці падсветкі і інфармацыі аб аўтарскай прыналежнасці, трываласці канструкцыі і бяспечнасці замацаванай елкі, а таксама эстэтыцы дрэўца. 

Па выніках конкурса найлепшай прызналі елку сярэдняй школы № 28 абласнога цэнра. Яна нагадвае празрысты вігвам, які напоўнены рознай навагодняй атрыбутыкай. 

Не надта далёка ад пераможцы апынуліся і два срэбраныя прызёры: шкляная елка ад РУП «Гроднаэнерга» і сані Дзеда Мароза ад ААТ «Белкард».

Ну а на трэцяй прыступцы ўмоўнага п’едэстала размясціліся адразу тры ўдзельнікі: «Гроднагаз» са сваёй блакітна-агністай фаеркай, СААТ «Дзіфа» з «дыскавай» елкай і РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» з пузатымі гномамі з яловых лапікаў. 

Арганізатары сцвярждаюць, што наступным разам стануць размяжоўваць удзельнікаў па некалькіх катэгорыях — у залежнасці ад спецыфікі іх прафесійнай дзейнасці — таму што сёлета з-за колькасці работ вызначыцца з найлепшымі было вельмі няпроста. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.