Вы тут

У Навагрудку адкрыта рэтра-фотаатэлье


Наватарска-культурны праект  рэалізаваны супрацоўнікамі Навагрудскай раённай бібліятэкі ў рамках грантавай падтрымкі  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры.


Як расказала аўтар праекта, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык, падрыхтоўка да адкрыцця незвычайнага фотаатэлье вялася на працягу 2020 года. А сама ідэя ўзнікла яшчэ раней, калі ў бібліятэцы быў адкрыты музейны пакой макетаў былога Навагрудка «Страчаная спадчына». Макет увасобіў  архітэктуру міжваеннага перыяду, якая не дайшла да нашых часоў. Наступным крокам стала рэтра-фотасесія. Мадэлі прадставілі адзенне і аксэсуары 1920-30-х гадоў на фоне гістарычных пабудоў, замка, а таксама міні-макетаў.  З фотаздымкаў склалі альбом,  які  вельмі зацікавіў турыстаў і наведвальнікаў музейнага пакоя. Таму калектыў бібліятэкі выйшаў са сваім наватарскім праектам па стварэнні рэтра-фотаатэлье. На заяўку быў выдзелены грант.

— Калі праводзілі фотасесію, яшчэ не ведалі, што будзем займацца гэтай справай так шырока, — расказвае Святлана Чубрык. — Адзенне для дзяўчат збіралі, можна сказаць, па куфэрках бабуль. Дапамаглі калегі з краязнаўчага музея, вядома, карысталіся старымі фотаздымкамі, каб перадаць эпоху, якая была 100 год таму.

Паступова народжвалася ідэя пашырыць  прастору, а мінулае наблізіць да сучаснікаў.  Напачатку гэта была невялікая фотазона з аксэсуарамі — капелюшам, сумачкай і яшчэ чымсьці. Але пасля атрымання гранта з’явілася магчымасць  стварыць сапраўдны гардэроб жанчыны 1920-30-х гадоў.  Былі пашыты на заказ касцюмы гараджанкі і гімназісткі. Дарэчы, яны поўнасцю адпавядаюць тым часам, бо для рэканструкцыі скарысталіся фотаздымкамі вядомага навагрудскага фотамайстра Савы Сіўко. Яго фотаархіў быў знойдзены выпадкова і некалькі год таму экспанаваўся ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Дзякуючы гэтым уцалелым здымкам і ствараліся касцюмы той эпохі.

— Завітаўшы ў рэтра-фотаатэлье,  можна прымерыць на сябе вобразы навагрудчан пачатку ХХ стагоддзя, — зазначае аўтар праекта.  — Прыгожыя сукенкі, форма гімназісткі, капелюшы і вееры, пацеркі і парасоны — усё гэта гарманіруе са своеасаблівым інтэр’ерам. Тут жа, у фотастудыі, стылізаванай пад даўніну, можна пераапрануцца, сфатаграфавацца і імгненна атрымаць фотаздымкі.

У рамках праекта набыты не толькі касцюмы, але і фотатэхніка, нават спецыяльны фотабокс. Дарэчы, калекцыю касцюмаў мяркуецца пашыраць. Магчыма, тут з’явіцца дзіцячае і мужчынскае адзенне для віртуальнай вандроўкі ў былую эпоху.

Маргарыта УШКЕВІЧ   

Фота: сайт Навагрудскай раённай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.